viasna on patreon

Удзельнікаў акцый салідарнасці працягваюць судзіць: зноў штрафы і суткі Дапоўнена

2020 2020-06-24T15:49:00+0300 2020-06-29T16:25:35+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sudy_sloniml_24.05.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пасля акцый салідарнасці з затрыманымі ў межах крымінальных справаў Віктарам і Эдуардам Бабарыкам, Сяргеем Ціханоўскім і яго паплечнікамі, пачынаючы з 22 чэрвеня ў розных гарад краіны праходзяць суды над удзельнікамі гэтых акцыі.

Суды за ўдзел у "Ланцугах салідарнасці" у рэгіёнах. Спіс

22 чэрвеня ў розных гарадах Беларусі распачаліся суды над затрыманымі падчас стыхійных акцый "Ланцугі салідарнасці". У асноўным, іх судзяць па артыкулах 23.34 і 23.4 КаАП.

Шэраг судоў запланаваны і на 24 чэрвеня.

Гомель

У 11.30 суд Цэнтральнага раёна Гомеля працягнуў слуханні па справе Уладзіслава Труханава. Спачатку яго вінавацілі ў непадпарадкаванні законным патрабаванням службовай асобы (арт. 23.4 КаАП), але ў судзе пратакол перапісалі “на ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве” (арт. 23.34 КаАП) за ўдзел у акцыі 19 чэрвеня.

Два супрацоўнікі АМАПу, якія выступалі сведкамі на судзе, давалі супярэчлівыя паказанні: называлі не тое месца і час затрымання Уладзіслава.

Аднак суддзя Віктар Казачак вырашыў, што Уладзіслаў Труханаў вінаваты ў здзяйсненні правапарушэння, якое ставілася яму ў віну, і прызначыў пакаранне ў выглядзе арышту на 15 сутак.

У 14.00 таксама ў судзе Цэнтральнага раёна пачаўся працэс над Алай Грэчка. Жанчыну судзілі за ўдзел у пікеце, што адбыўся 7 траўня. Суд вырашыў, што віна Алы Грэчка была даказаная, і аштрафаваў яе на 10 базавых велічынь (270 рублёў).

Акрамя таго, будуць асуджаныя Уладзіслаў Літаш і Кірыл Комкін. На іх складзеныя пратаколы па ч. 1 арт. 23.34 КаАП. Справы будзе разглядаць суддзя С. Кармановіч.

Дапоўнена: За ўдзел у перадвыбарчым пікеце па зборы подпісаў 31 траўня ў Гомелі Уладзіслава Літаша аштрафавалі на 12 базавых велічынь (324 рублі), а Кірыла Комкіна - на 10 базавых велічынь (270 рублёў)

Маладзечна

У 10 гадзін раніцы распачаўся працэс над Мікалаем Алейнікам. Яго збіраліся асудзіць у панядзелак, але прама ў суд выклікалі хуткую дапамогу, бо затрыманы стаў дрэнна сябе адчуваць. Мужчыну вінавацяць адразу па двух артыкулах КаАП – за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і за непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы.

Дапоўнена: суддзя Вольга Дубовік нібыта ўважліва слухала Мікалая Алейніка, давала яму выказаць сваю пазіцыю. Потым абвесціла перапынак, пасля якога вынесла рашэнне – пакараць мужчыну 15 суткамі арышту. У залі суда Мікалай Алейнік затрыманы не быў. 

Таксама быў перанесены разгляд справы і ў дачыненні да Андрэя Багамолава, якога вінавацяць па ч. 1 арт. 23.34 КаАП. Плануецца, што судзіць яго будуць 24 чэрвеня ў 15.00. Судзіць таксама будзе Вольга Дубовік.

andrej_bogomolov_sud.jpg
Андрэй Багамолаў у залі суда

Дапоўнена: суд вырашыў арыштаваць Андрэя Багамолава на 7 сутак. Ён таксама пакуль не быў затрыманы для адбыцця пакарання.

Слонім

У судзе Слонімскага раёна ў 9.45 пачаліся паседжанні па справах затрыманых удзельнікаў “Ланцугу салідарнасці”. Сярод асобаў, у дачыненні якіх былі складзеныя пратаколы па ч. 1 арт. 23.34 КаАП, Дзмітрый і Вольга Наўгародскія, Дзмітрый Дэйко, Аляксандра Вялічка, Ксенія Точаная, Кацярына Крыушына.

Судзіў усіх Аляксандр Ярмолік у адзін і той жа час.

У выніку разгляду спраў, Дзмітрый Наўгародскі, Дзмітры Дэйко і Кацярына Крыушына атрымалі штрафы ў памеры 5 базавых велічынь кожны (135 рублёў). А Вользе Наўгародскай, Аляксандры Вялічка і Ксеніі Точанай рашэннем суддзі прызначаныя штрафы ў 4 базавыя велічыні кожнай (108 рублёў).

Асуджаныя да штрафаў у Слоніме з групай падтрымкі
Асуджаныя да штрафаў у Слоніме з групай падтрымкі

Віцебск

На 15 гадзін 24 чэрвеня прызначаны суд над доўгатэрміновай назіральніцай кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Ірынай Траццяковай. Яе затрымалі ўвечары 21 чэрвеня на выхадзе з дому, адвезлі ў РАУС, дзе склалі пратакол за нібыта ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. 

Суддзя Алена Грабянчук аштрафавала Ірыну Траццякову на 20 базавых велічынь (540 рублёў).

Ірыну Траццякову аштрафавалі на 20 базавых велічынь

"Мяне там не было, я там не стаяла, знаходзілася на другім баку вуліцы і на вялікай адлегласці ад удзельнікаў акцыі, ні разу не пляскала ў ладкі", - падкрэслівае Ірына Траццякова.

У 15.00 адбыўся суд у дачыненні да Юліі Уласенка - дачкі блогеркі Алены Янушкоўскай.

julia_vlasenko.jpg
Юлія Уласенка і Алена Янушкоўская перад судом. Фота з сайта "Віцебская вясна"

Юлію Уласенку судзілі адразу за два правапарушэнні: удзел у несанкцыянаваным пікетаванні 7 чэрвеня і ўдзел у акцыі "Ланцуг салідарнасці", якая прайшла ў Віцебску 19 чэрвеня. Гэтыя адміністрацыйныя справы былі аб'яднаны ў адно, піша "Віцебская Вясна". Разбірала іх суддзя Наталля Траццякова. Яна палічыла віну Юліі Уласенка цалкам даказанай. Улічваючы тое, што жанчына выхоўвае двух непаўналетніх дзяцей, суддзя пакарала яе штрафам у памеры 10 базавых велічынь (270 рублёў).

Юлія Уласенка мае намер абскардзіць гэта рашэнне ў абласным судзе.


Калі вас ці вашых знаёмых затрымалі, ці вам вядомыя падрабязнасці судовых паседжанняў над затрыманымі ўдзельнікамі, просім паведаміць праваабаронцам "Вясны" па нумары: +375 029 841 39 81 (Signal, WhatsApp, Telegram).

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства