viasna on patreon

Закрытыя ўстановы – небяспечнасці COVID-19: Права на абарону не можа быць абмежавана нават ва ўмовах надзвычайнага становішча

2020 2020-06-19T16:35:44+0300 2020-06-19T16:35:45+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/covid_abarona2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае серыю публікацый аб распаўсюдзе каранавіруснай інфекцыі COVID-19 у закрытых установах краіны. У сферы ўвагі праваабаронцаў – становішча людзей у месцах пазбаўлення волі, установах для людзей з інваліднасцю, дамах-інтэрнатах для пажылых, бездапаможных і бяздомных. 

Права на абарону, права карыстацца ў любы момант дапамогай юрыста – гэта асноўныя правы, замацаваныя як у Канстытуцыі, так і ў міжнардных дагаворах у сферы правоў чалавека, удзельніцай якіх з'яўляецца Беларусь. Парушэнне гэтых правоў робяць далейшае крымінальная асуджэнне незаконным і неабгрунтаваным, а ўтрыманне ў няволі – адвольным. Напрыклад, Працоўная група па адвольных затрыманнях ААН прыраўноўвае ўтрыманне ў зняволенні без доступу да адваката да зместу "без ордэра на арышт і без прад'яўлення абвінавачванняў або суда незалежнага судовага органа".

Дагэтуль ніякіх афіцыйных захадаў, якія можна было б разумець як законнае абмежаванне правоў зняволеных, у Беларусі не зроблена: не ўведзенае надзвычайнае становішча, пры якім дапускаецца абмежаванне (прыпыненне) правоў і свабодаў грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства, правоў арганізацый, а таксама ўскладанне на іх дадатковых абавязкаў.

Хоць, з аналізу Канстытуцыі выцякае немагчымасць абмяжоўваць права на юрыдычную дапамогу нават ва ўмовах надзвычайнага становішча – не падлягае абмежаванню права, прадугледжанае артыкулам 26:

"Ніхто не можа быць прызнаны вінаватым у злачынстве, калі яго віна не будзе ў прадугледжаным законам парадку даказаная і ўстаноўленая ўступіўшым у законную сілу прысудам суда".

Такім чынам, любы працэс у адсутнасць прадугледжанай законам юрыдычнай дапамогі выключае законны прысуд. Дарэчы, у канстытуцыях некаторых краін прама адзначана, што права на абарону не можа быць абмежавана нават ва ўмовах надзвычайнага становішча (артыкул 56 Канстытуцыі Расійскай Федэрацыі, артыкул 64 Канстытуцыі Украіны)

Нарматыўныя акты, якія вызначаюць правы і абавязкі зняволеных і службовых асобаў месцаў прымусовага ўтрымання не прадугледзелі якіх-небудзь падстаў, па якіх могуць быць прыпыненыя або абмежаваныя працэсуальныя правы зняволеных. Таму права на абарону павінна быць безумоўна забяспечана ўсім грамадзянам.

Варта заўважыць, што тэхнічныя магчымасці практычна ўсіх без выключэння месцаў прымусовага ўтрымання дапускаюць магчымасць адносна бяспечных сустрэчаў з адвакатамі і іншымі асобамі, якія аказваюць юрыдычную дапамогу. Дастаткова таго, што супрацоўнікі міліцыі і Следчага камітэта маюць магчымасць праводзіць дзеянні з удзелам змешчаных пад вартай або арыштаваных людзей. Любыя довады адносна немагчымасці забяспечыць канстытуцыйныя і працэсуальныя правы могуць толькі легчы ў аснову рашэння аб вызваленні грамадзяніна для таго, каб ён атрымаў магчымасць рэалізоўваць свае правы бесперашкодна.

Між тым, Праваабарончы цэнтр "Вясна" зафіксаваў на 17 чэрвеня 2020 года як мінімум адзін выпадак, калі абвінавачанаму адмовілі ў допуску адваката для спаткання сам-насам у СІЗА КДБ, і як мінімум тры з пяці вядомых выпадкаў адмовы ў доступе адвакатаў да адміністрацыйна-арыштаваных і затрыманых у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў ГУУС Мінгарвыканкама па матывах складанай эпідэміялагічнай абстаноўкі.

Па наяўных звестках, ні ў адным з СІЗА Дэпартамента выканання пакаранняў не спыняўся доступ адвакатаў да людзей, якія ўтрымліваюцца пад вартай.

Сітуацыя з парушэннем права на абарону, такім чынам, ніяк не звязаная з законнымі абмежаваннямі правоў у мэтах абароны здароўя грамадзянаў, а па сутнасці паўтарае гісторыю канца 2010 – пачатку 2011 года, калі ў асобных выпадках па палітычна матываваных справах груба і дэманстратыўна парушаліся правы змешчаных пад варту кандыдатаў у прэзідэнты на выбарах 2010 года і членаў іх штабоў, а таксама ўдзельнікаў мірных акцый пратэсту. Як высветлілася пазней, такія абмежаванні, акрамя таго, што парушалі права на абарону, яшчэ былі цесна звязаныя з ужываннем прадстаўнікамі спецслужбаў актаў катавання і забароненага абыходжання ў дачыненні да затрыманых і арыштаваных.

Закрытыя ўстановы – небяспечнасці COVID-19: Відэасувязь як альтэрнатыва званкам і спатканням

Трэці месяц у месцах пазбаўлення волі ў Беларусі адмененыя ўсе кароткатэрміновыя і працяглыя спатканні – "у мэтах прафілактыкі інфекцыйных захворванняў". Сустрэчы з роднымі замянілі відэазванкамі.


ПЦ “Вясна” працягвае збіраць звесткі: калі вам вядома пра сітуацыю з распаўсюдам каранавіруса ў месцах няволі ці пра тое, якія меры прымаюцца або не прымаюцца, каб захаваць здароўе людзей, што там знаходзяцца, паведамляйце нам на скрыню: viasna@spring96.org 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства