viasna on patreon

Вярхоўны Суд у трэці раз адмовіў у рэгістрацыі грамадскаму аб’яднанню “Дзея”

2020 2020-06-15T12:03:29+0300 2020-06-15T14:10:30+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dzeja_logo.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

На мінулым тыдні ў Вярхоўным Судзе Беларусі разглядалася грамадзянская справа па скарзе заснавальнікаў рэспубліканскага праваабаронча-асветніцкага грамадскага аб’яднання “Дзея” на рашэнне Міністэрства юстыцыі пра адмову ў рэгістрацыі арганізацыі. Суд у чарговы раз прызнаў законным рашэнне рэгіструючага органа і адхіліў скаргу.

Гэта была ўжо трэцяя спроба рэгістрацыі аб’яднання: раней “Дзея” ўжо спрабавала рэгістравацца ў 2017 і ў 2019 гадах і таксама сутыкалася з адмовамі. Гэтым разам міністэрства юстыцыі прад’явіла прэтэнзіі да спісу заснавальнікаў арганізацыі: маўляў, кіраўнік арганізацыі падпісаўся ў ім адзін раз, а зацверджаная міністэрствам форма патрабуе падпісвацца двойчы; а таксама да яе юрыдычнага адрасу: на думку мінюста, прадстаўленае для размяшчэння арганізацыі адміністрацыйнае памяшеканне не было пазначанае ў тэхпашпарце належным чынам (не быў вылучаны асобны пакой).

Інтарэсы ініцыятараў стварэння грамадскага аб’яднання ў судзе прадстаўлялі Алесь Лагвінец, Сяржук Бахун і Максім Ціханаў. Яны адзначылі, што неаднаразовыя адмовы чыноўнікаў у рэгістрацыі “Дзеі” маюць характар наўмыснай дыскрымінацыі і не заснаваныя на законе. Штораз новыя прэтэнзіі, якія прад’яўляюць спецыялісты мінюста да папераў “Дзеі”, з’яўляюцца дробнымі і фармальнымі, малазначнымі хібамі – яны штучна прыдумляюцца, каб абгрунтаваць палітычна матываванае рашэнне пра адмову.

Заяўнікі таксама акцэнтавалі ўвагу на дыскрымінацыі паводе моўнай прыкметы, што заўважная ў практыцы міністэрства: усе формы для рэгістрацыі, у парушэнні якіх абвінавачваюць “Дзею”, зацверджаныя мінюстам толькі на рускай мове і не маюць версіяў на беларускай мове.

У якасці прадстаўніка грамадскасці ў судовым працэсе браў удзел юрыст Асамблеі НДА Юрый Чавусаў, які адзначыў спецыфічныя акалічнасці гэтай справы:

chavusau_mini.png

"Нажаль, апошнім часам усё меньш ініцыятыў робяць спробы зарэгістравацца ў форме грамадскага аб’яднання. Адбываецца гэта менавіта з той прычыны, што органы юстыцыі злоўжваюць тэхнічнымі прэтэнзіямі да дакументаў, каб абгрунтаваць адмовы ў рэгістрацыі аб’яднанняў, якія з’яўляюцца непажаданымі для ўладаў. Шмат хто ў гэткіх варунках аддае перавагу легалізацыі ў больш простай форме ўстановы (там толькі адзін заснавальнік, а рэгістрацыя не патрабуе звароту ў мінюст) альбо нават у форме камерцыйнай арганізацыі.

Прыклад “Дзеі” у гэтым сэнсе вельмі красамоўны – прэтэнзіі да спісу заснавальнікаў і да юрадраса з’яўляюцца любімымі сродкамі міністэрства юстыцыі менавіта ў выпадках, калі адмова ў рэгістрацыі з’яўляецца палітычна матываванай. Нават калі дапусціць абгрунтаванасць патрабавання дадатковага подпісу кіраўніка арганізацыі ў спісе заснавальнікаў, дык можна было прыпыніць працэс рэгістрацыі і выправіць дакументы, падпісаўшы іх дзе трэба. Нездарма ж на разгляд пытання пра рэгістрацыю закон дае міністэрству цэлы месяц! А яны чакалі гэты месяц, прынялі рашэнне ў апошні дзень, пры гэтым ніяк не праінфармаваўшы заяўнікаў цягам месяцу датычна магчымасці выправіць хібы і праставіць дадатковы подпіс у спісе".

Юрыст таксама падкрэслівае, што асабліва абуральнай з’яўляецца прэтэнзія да юрыдычнага адрасу.

"Гэта любімая прычэпка мінюста для таго, каб адмаўляць у рэгістрацыі партыям і рухам. Справа ў тым, што заканадаўства не ўтрымлівае абавязковых патрабаванняў да формы дакументаў, што прадстаўляюцца для пацвярджэння наяўнасці юрыдычнага адрасу арганізацыяў, якія ствараюцца. Дык гэтай нявызначанасцю міністэрства і карыстаецца, каб кожны раз высоўваць новыя прычэпкі ў абгрунтаванне адмовы. Пры гэтым для камерцыйных арганізацыяў увогуле не патрабуецца прадстаўляць аніякіх папераў у пацвярджэнне юрадрасу – некаторыя з іх нават маюць права размяшчацца ў жылых кватэрах!

Цяпер у якасці падставы для адмовы міністэрства ўказала, што ў гарантыйным лісце і тэхпашпарце не пазначаны нумар пакоя, дзе будзе размяшчацца арганізацыя. Пры вывучэнні матэрыялаў справы высветлілася, што прадстаўленае для “Дзеі” офіснае памяшканне, паводле тэхпашпарту не мае нумарацыі пакояў – гэта суцэльнае памяшканне, без падзелу на асобныя пакоі. Да таго ж, памяшканнем гэтым распараджаецца адзін з заснавальнікаў “Дзеі” – ён быў заслуханы ў якасці сведкі ў судзе і пацвердзіў намер прадаставіць сваяму аб’яднанню юрадрас. Аднак, суд не зняў і гэтую відавочна абсурдную прэтэнзію, пакінуўшы адмову ў сіле.

Такім чынам ўлады парушаюць правы заснавальнікаў, у чарговы раз выкарыстоўваючы патрабаванні да рэгістрацыйных дакументаў дзеля недапушчэння ўтварэння новых грамадскіх аб’яднанняў. Гэтая праблема не ёсць толькі праблемай “Дзеі”, гэта недахоп усяго парадку рэгістрацыі, які дае чыноўнікам магчымасці адвольна адмаўляць у рэгістрацыі любым аб’яднанням".

Варта адзначыць, што пасля мінулай адмовы ў рэгістрацыі заснавальнікі “Дзеі” зарэгістраваліся ў суседняй Літве, каб пазбегнуць адказнасці за дзейнасць незарэгістраванай арганізацыі. У суседняй краіне для гэтай справы, нават з улікам патрэбы перакладу дакументаў, спатрэбілася ўсяго тры дні.

Прадстаўнікі “Дзеі” заявілі пра намер падаць наглядную скаргу на рашэнне Вярхоўнага Суда, каб потым, пасля праходжання ўсіх магчымымх стадыяў абскарджвання на нацыянальным узроўні, звярнуцца ў Камітэт ААН па правах чалавека з індывідуальным зваротам пра парушэнне гарантаванага міжнароднымі дамовамі права на свабоду асацыяцыі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства