viasna on patreon

Справаздача па маніторынгу мірнага сходу 7 чэрвеня ў Мінску

2020 2020-06-10T18:18:46+0300 2020-06-10T18:18:48+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/shod_minsk_7.06_1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

7 чэрвеня ў Мінску на плошчы перад Камароўскім рынкам прайшлі пікеты па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь.

Высновы:

  1. Сход насіў мірны характар (калі "арганізатары маюць мірныя намеры і сход мае негвалтоўны характар" згодна з Кіруючымі прынцыпамі па свабодзе мірных сходаў АБСЕ). Удзельнікі/-цы не выкарыстоўвалі заклікі да гвалтоўных дзеянняў і вайны. Сваімі дзеяннямі ўдзельнікі/-цы мірнага сходу не парушалі грамадскі парадак, правілы дарожнага руху і не ўяўлялі пагрозы грамадскай бяспецы, а таксама не парушалі правы і свабоды іншых асобаў.
  2. У ходзе мірнага сходу адсутнічала магчымасць ідэнтыфікаваць большую частку супрацоўнікаў/-ніц праваахоўных органаў, паколькі яны былі ў грамадзянскай форме адзення, без ідэнтыфікацыйных знакаў. 
  3. Быў зафіксаваны факт пагрозаў і ціску з боку аднаго супрацоўніка праваахоўных органаў у дачыненні да назіральнікаў; два супрацоўнікі, якія знаходзіліся побач, ніяк не перашкаджалі дадзенаму факту, ніякай рэакцыі на дзеянні іх калегі не было. 
  4. Мірны сход праводзіўся ў рамках пікетаў па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь.
  5. Было затрымана не менш за 15 чалавек да, падчас і пасля правядзення сходу, у тым ліку сябры ініцыятыўных групаў Святланы Ціханоўскай і Вольгі Кавальковай. 8 чэрвеня прайшлі суды над затрыманымі, сем чалавек атрымалі адміністрацыйны арышт ад 15 да 20 сутак, восем чалавек атрымалі штрафы (ад 20 да 30 базавых велічынь) за ўдзел у мірным сходзе 7 чэрвеня 2020.

Метадалогія маніторынгу

РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт" і Праваабарончы цэнтр "Вясна" праводзяць сістэматычнае назіранне за мірнымі сходамі ў Беларусі на падставе распрацаванай метадалогіі маніторынгу. Яна ўключае ў сябе: набор і навучанне назіральнікаў/-ніц прынцыпам грамадскага кантролю, міжнародным стандартам правядзення мірных сходаў і метадалогіі назірання; запаўненне анкеты назірання падчас вочнага кантролю; апрацоўка анкет і напісанне маніторынгавай справаздачы. Анкеты назірання за мірнымі сходамі распрацаваныя сумесна праваабарончымі арганізацыямі і ўключаюць пытанні аб магчымасці выканання назіральнікамі/-цамі і журналістамі/-камі сваіх функцый, аб паводзінах арганізатараў і ўдзельнікаў/-ніц мірнага сходу, супрацоўнікаў/-ніц праваахоўных органаў, а таксама наяўнасць на мірным сходзе хуткай дапамогі і медыцынскіх работнікаў.

Назіральнікі і назіральніцы дапускаюцца да назірання толькі ў выпадку згоды на выкананне правілаў і прынцыпаў назірання (незалежнасць і палітычная нейтральнасць; апісанне фактаў, а не меркаванняў; неўмяшанне ў падзею, за якой назіраюць; прыхільнасць прынцыпам права; адмова ад любых формаў гвалтоўных дзеянняў і дыскрымінацыйных практык; карэктныя паводзіны). Падчас выканання сваіх абавязкаў назіральнікі і назіральніцы па магчымасці трымаюцца асобна ад удзельнікаў/-ніц. Яны пазначаныя пасведчаннямі і сінімі камізэлькамі з надпісам #СontrolBY.

Папярэдняя інфармацыя

У Беларусі з 21 мая па 19 чэрвеня ўключна праходзіць збор подпісаў для вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты. Для рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты патрабуецца сабраць не менш за 100 тыс. подпісаў паўналетніх грамадзян Беларусі, якія валодаюць выбарчым правам. Збіраць подпісы могуць члены зарэгістраваных ініцыятыўных груп. Паводле Выбарчага кодэксу збор подпісаў можа праводзіцца ў форме пікетавання. Пры гэтым, падчас збору подпісаў забаронена агітацыя і раздача любых матэрыялаў, дапушчальна толькі прадастаўленне інфармацыі аб біяграфіі прэтэндэнта. Мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі былі вызначаны месцы, дзе забаронена правядзенне пікетавання для збору подпісаў выбаршчыкаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты.

У Мінску традыцыйным месцам для пікетаў стала плошча перад Камароўскім рынкам, 7 чэрвеня тут збіралі подпісы ў падтрымку вылучэння кандыдатамі ў прэзідэнты наступных прэтэндэнтаў: Віктара Бабарыкі, Валерыя Цапкалы, Андрэя Дзмітрыева, Святланы Ціханоўскай, Мікалая Казлова, Сяргея Чэрачэня, Ганны Канапацкай, Юрыя Губарэвіча

На працягу тыдня па ўсёй краіне праходзілі затрыманні актывістаў і суды за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах (у тым ліку за ўдзел у сходзе 31 траўня 2020), частка актывістаў і палітыкаў адбываюць адміністрацыйны арышт. Часцей за ўсё гэта тычыцца прыхільнікаў блогера Сяргея Ціханоўскага і палітыка Мікалая Статкевіча (так званых "кандыдатаў пратэсту").

За некалькі гадзін да пачатку сходу ў СМІ і сацыяльных сетках пачалі з'яўляцца шматлікія фатаграфіі аўтазакаў у цэнтры Мінска, недалёка ад Камароўскага рынку. Усё гэта стварала "астуджальны эфект" і адпужвала жадаючых удзельнічаць у мірным сходзе 7 чэрвеня 2020.

Падчас правядзення сходу (пікетавання) вочна і бесперапынна з 11.55 да 16.00 ажыццяўлялі маніторынг 12 назіральнікаў і назіральніц, якія прайшлі навучанне і былі пазначаныя адпаведным чынам.

Ход мірнага сходу

Падчас мірнага сходу былі адзначаны наступныя факты:

  1. У 12.00 на месцы правядзення пікетаў па зборы подпісаў (плошча каля Камароўскага рынку) знаходзілася не менш за 145 удзельнікаў і ўдзельніц, два супрацоўнікі ДАІ, чатыры супрацоўнікі АМАП у форме, не менш за 10 супрацоўнікаў міліцыі ў грамадзянскай форме адзення. На бліжэйшых скрыжаваннях было адзначана не менш за чатыры машыны ДАІ і пяць аўтазакаў. У бліжэйшых дварах знаходзілася не менш за девяць мікрааўтобусаў, у якіх знаходзіліся супрацоўнікі міліцыі ў грамадзянскай форме адзення. 
    На месцы пікету размешчаны пяць намётаў са сцягамі штабоў, агітацыйныя стэнды прэтэндэнтаў у кандыдаты ў прэзідэнты В. Цапкала, В. Бабарыка, С. Чэрачэня, А. Дзмітрыева. Каля пікетаў быў арганізаваны "свабодны мікрафон", гучала музыка. Бліжэй да станцыі метро пл. Якуба Коласа, на вуліцы Веры Харужай, размяшчаліся два пікеты па зборы подпісаў В. Бабарыка і адзін пікет В. Цапкала са стэндамі і сімволікай дадзеных прэтэндэнтаў у кандыдаты.

  2. У 12.20 у двары насупраць Камароўскага рынку зафіксавана тры мікрааўтобусы і не менш за 10 супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным, у тым ліку супрацоўнікі ГУБАЗіК. Адзін з супрацоўнікаў падышоў да назіральніц, пытаўся, што яны тут робяць, навошта яны менавіта тут назіраюць, што наогул адбываецца. Задаваў гэтыя пытанні ветліва і карэктна. На плошчы перад Камароўскім рынкам у гэты перыяд часу знаходзілася не менш за 730 чалавек. Супрацоўнік у цывільным на супрацьлеглым баку ад плошчы рабіў здымку машын, якія сігналілі. Усяго на самым пікеце па зборы подпісаў і на прылеглай тэрыторыі знаходзілася не менш за 30 супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным.

  3. У 13.00 на плошчы перад Камароўскім рынкам знаходзілася не менш за 20 супрацоўнікаў у цывільным. У бліжэйшых дварах знаходзілася дзевяць мікрааўтобусаў з супрацоўнікамі міліцыі ў цывільным, якія знаходзіліся ўнутры. У гэты прамежак часу да адной з груп назіральніц, якая знаходзілася на супрацьлеглым баку дарогі ад Камароўскага рынку, падышлі тры супрацоўнікі ў цывільным і ў агрэсіўнай форме выказалі пагрозы ў іх бок. Адзін з іх вельмі блізка наблізіўся да твару адной з назіральніц, і ім было сказана наступнае: "Пайшлі прэч адсюль. Займайцеся сваім кантролем, а адсюль пайшлі прэч. Вы, напэўна, нешта пераблыталі? Вы што, не разумееце, з кім вы цягаецеся. Хто мы, а хто вы такія? Вы што, не разумееце, што вы наогул тут ніхто". Дадзенае дзеянне мы расцэньваем як пагрозы і ціск у сувязі з ажыццяўленнем назіральнікамі законнай дзейнасці, якая абараняецца міжнароднымі стандартамі правоў чалавека.
    Згодна з п. 140 кіруючых прынцыпаў па свабодзе мірных сходаў ад БДІПЧ АБСЕ: "Паліцыя можа папрасіць разысціся асобаў, якія прадстаўляюць трэція бакі (назіральнікаў, журналістаў, фатографаў), але не варта перашкаджаць таму, каб яны назіралі і запісвалі дзеянні паліцыі". Пункт 124 Кіруючых прынцыпаў абвяшчае: "Супрацоўнікам праваахоўных органаў варта праводзіць адрозненне паміж удзельнікамі сходу і тымі, хто ў іх не ўдзельнічае. Падтрыманне парадку ў ходзе публічных сходаў варта ажыццяўляць з улікам таго, што ў непасрэднай блізкасці ад месца правядзення сходу могуць знаходзіцца асобы, якія ў ім не ўдзельнічаюць (напрыклад, мінакі або назіральнікі)".

  4. У 13.05 намеснік генеральнага дырэктара па бяспецы Камароўскага рынку падыходзіў да людзей, якія стаялі на прыступках галоўнага ўваходу на рынак, і казаў, каб яны сышлі з прыступак. У дадзены час зафіксавана максімальная колькасць удзельнікаў пікету па зборы подпісаў - 1350 чалавек. Паводле інфармацыі ад аднаго з удзельнікаў была здзейснена спроба затрымаць Вераніку Мішчанка. Яна адышла ад месца збору подпісаў, і за ёй пайшоў адзін з супрацоўнікаў у цывільным, на яе просьбу прадставіцца - мужчына выклікаў па рацыі іншых супрацоўнікаў міліцыі. Супрацоўнікі ў цывільным адзенні сталі акружаць жанчыну, прагучала фраза ад аднаго з іх: "Цяпер мы вас забярэм", але яна паспела сесці ў таксі і ад'ехаць.
  5. У 13.20 да Камароўскага рынку пад'ехала машына, абсталяваная гучнагаварыцелямі, было агучана наступнае паведамленне: "Паважаныя грамадзяне! У месцы вашай прысутнасці ажыццяўляецца збор подпісаў у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам. Правядзенне іншых масавых мерапрыемстваў Мінскім гарадскім выканкамам не дазволена. Не парушайце заканадаўства Рэспублікі Беларусь. У выпадку невыканання законных патрабаванняў вы будзеце прыцягнутыя да ўстаноўленай адказнасці". Такое ж патрабаванне агучвалі два міліцыянты ў форме праз гучнагаварыцелі. У адказ людзі свісталі і крычалі "Ганьба", "Заставайцеся з намі. Міліцыя, пераходзь на бок народа". Чарга жадаючых пакінуць подпіс расцягнулася да Дома мэблі.

  6. У 14.00 удзельнікаў пікету становіцца менш, назіральнікі налічылі 1050 чалавек. У мікрафон пералічваюць прозвішчы затрыманых і скандуюць "Свабоду" пасля кожнага прозвішча. У двары па дыяганалі ад Камароўскага рынку былі зафіксаваны тры аўтазакі, адна машына ДАІ, адзін мікрааўтобус.
    У 14.30 на пікеце прысутнічала не менш за 950 чалавек. Назіральнікі зафіксавалі, што супрацоўнікі ДАІ спынілі адну машыну, якая сігналіла ў падтрымку людзей на пікеце па зборы подпісаў.

  7. У 15.30 "свабодны мікрафон" каля пікетаў скончыўся, Павел Севярынец з групай удзельнікаў накіраваўся ў бок станцыі метро пл. Якуба Коласа. Супрацоўнікі ў цывільным рушылі ўслед за ім, зайшлі ў вагон метро. 
    Паводле інфармацыі СМІ і сацыяльных сетак каля 16.20 недалёка ад станцыі метро Пушкінская Павел Севярынец быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі ў цывільным. На відэа затрымання відаць, што П. Севярынец ляжыць на падлозе мікрааўтобуса тварам уніз.
  8. У 15.56 на прыпынку "Дом мэблі" назіральнікі зафіксавалі затрыманне трох чалавек. Затрыманне праводзілі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным, яны ў грубай форме запхнулі людзей у мікрааўтобус без апазнавальных знакаў. Сярод затрыманых блогерка Вераніка Мішчанка.

  9. Дзве дзяўчыны з ружамі падыходзілі да супрацоўнікаў АМАП у форме і дарылі ім кветкі, таксама яны падыходзілі і да супрацоўнікаў у цывільным. Падчас пікету збіралі ахвяраванне "Збор у адзін канец, у Гаагу".

  10. На пікеце прысутнічалі прадстаўнікі СМІ: TUT.BY, Радыё Свабода, Белсат, нямецкае медыя CDF, Deutsche Welle, БелаПАН, Onliner, Reuters, Associated Press, France Presse, тэлеканал 112 Украіна і іншыя. Перашкодаў працы журналістаў і журналістак не зафіксавана.
  11. Выкарыстаная сімволіка: не менш за 18 бела-чырвона-белых сцягоў, не менш за чатыры бела-чырвона-белыя сцягі з гербам "Пагоня", сцяг Народнай грамады, сцяг грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь", сцяг "Рух За Свабоду", сцяг "Гавары праўду", тры сцягі з сімволікай В. Цапкала, два сцягі "Я зраблю" А. Канапацкай.
  12. Плакаты і банеры: плакат з выявай карыкатуры на Аляксандра Лукашэнку з надпісамі "Спынім злачынца. Абвінавачваецца ў асабліва небяспечных злачынствах. Асабліва небяспечны" і з прымацаваным зверху значком "Кандыдат пратэсту".
    Стэнды: "Вы бачылі выбары ў Беларусі? І мы не..."; "Падпішы петыцыю за перанос выбараў".
    Плакаты фармату А4:
    "Свабоду палітвязням", "За 26 гадоў у Беларусі: змянілі гістарычны сцяг і герб, знішчалі беларускую мову, павялічылі дзяржаўны доўг з 1,2 млрд даляраў ЗША да 17,2 млрд, зрабілі краіну адной з самых бедных у Еўропе. Беларусы рабіце вынік". Банер "Помнік ахвярам Калінкавіцкай карупцыі, закатаваным і жыўцом замарожаным пенсіянерам Каласоўскім (сакавік 2016 г. - студзень 2017 г.). Каты павінны паўстаць перад судом. Фашызму няма апраўдання".

    На пікеце раздавалі наступныя ўлёткі, якія пачынаюцца з тэксту: "За выбары без Лукашэнкі! Мы хочам сумленных і бяспечных выбараў, каб: лічыла не Ярмошына; без кандыдата Лукашэнкі; без каранавіруса. Выбары павінны быць перанесеныя на больш позні тэрмін пасля эпідэміі..."; "Ламаем сцэнар фальсіфікацый! Паставілі подпіс "за перамены" і "супраць аднаго" з кандыдатаў? Наступны крок – стаць назіральнікам на выбарах..."; "Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) запрашае вас лічыць галасы выбаршчыкаў...”

  13. Выкарыстаныя лозунгі: "Жыве Беларусь", "Свабоду Ціханоўскаму, Статкевічу, Урбановічу", "Свабоду палітвязням", "Свабоду Беларусі", "Лукашэнка сыходзь", "Свабоду", "Абуджайся ", "Сыходзь", "Верам, можам, пераможам", "Стоп Таракан", "Ганьба", "Свабоду народу", "Далоў самазванца", "Далучайся", "Хопіць карміць ражым", "Дзякуй".

Рэкамендацыі

Супрацоўнікам/-цам праваахоўных органаў:

  • ажыццяўляць ахову грамадскага парадку падчас пікетаў па зборы подпісаў у форме, а таксама быць пазначанымі індывідуальнымі ідэнтыфікацыйнымі сродкамі (напрыклад, бэйджамі або нагруднымі знакамі);

  • прызначаць кантактную асобу з ліку супрацоўнікаў міліцыі для камунікацыі з назіральнікамі/-цамі, СМІ, арганізатарамі і ўдзельнікамі/-цамі пікету па зборы подпісаў, людзей;

  • не перашкаджаць рэалізацыі правоў на свабоду сходаў і свабоду выказвання меркавання з дапамогай затрыманняў;

  • не перашкаджаць законнай дзейнасці назіральнікаў і назіральніц па ажыццяўленні маніторынгу мірных сходаў.

Суб'ектам, якія валодаюць правам заканадаўчай ініцыятывы:

  • ініцыяваць змены ў заканадаўстве з мэтай прывядзення яго ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў галіне свабоды мірных сходаў.

Органам судовай улады:

  • не прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у пікетах па зборы подпісаў, паколькі гэта з'яўляецца парушэннем выбарчага заканадаўства і адвольным абмежаваннем права на мірныя сходы, прадугледжанага міжнароднымі абавязацельствамі Рэспублікі Беларусь у сферы правоў чалавека.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства