Валянцін Стэфановіч: Ёсць усе падставы для прызнання абвінавачаных па артыкуле 342 палітзняволенымі
Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь 9 чэрвеня ў сваім телеграм-канале пракаментаваў справу кіраўніка ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай Сяргея Ціханоўскага. З каментара вынікае, што самому блогеру, як і яшчэ 6 затрыманым, выстаўленыя абвінавачванні паводле ч. 1 арт. 342 КК РБ. Яшчэ двум прад'яўленае абвінавачванне па двух артыкулах - ч. 1 арт. 342 КК РБ і арт. 364 КК РБ. Таксама ў дачыненні да дзявятага затрыманага распачатая крымінальная справа за гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі (абвінавачванні яму пакуль не выстаўленыя).
Сутнасць прад'яўленых артыкулаў:
Артыкул. 342 КК, частка 1: Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады або пацягнулі парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў, устаноў або арганізацый, альбо актыўны ўдзел у такіх дзеяннях пры адсутнасці прыкмет больш цяжкага злачынства – караюцца штрафам, або арыштам, ці абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін.
Артыкул 364 КК: Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў або яго блізкіх у мэтах перашкоджання яго законнай дзейнасці або прымусу да змены характару гэтай дзейнасці альбо з помсты за выкананне службовай дзейнасці – караюцца арыштам, або абмежаваннем волі на тэрмін да пяці гадоў, або пазбаўленнем волі на тэрмін да шасці гадоў.
Праваабаронца “Вясны“ Валянцін Стэфановіч лічыць, што маюцца ўсе падставы для прызнання усіх абвінавачаных па артыкуле 342 і асобаў, якія ўтрымліваюцца зараз пад вартай, палітычнымі зняволенымі:
– У сувязі з прад’яўленымі абвінавачваннямі фігурантам справы затрыманых на пікеце 29 траўня ў Гродна праваабарончы цэнтр “Вясна” яшчэ раз пацвярджае сваю пазіцыю, выкладзеную ў заяве праваабарончай супольнасці Беларусі па прызнанні Ціханоўскага палітзняволеным, а ў прыватнасці – пункта другога гэтай заявы ў частцы патрабаванняў аб неакдладным вызваленні і спыненні крымінальнага пераследу ў дачыненні да ўсіх затрыманых на пікеце, калі яны непасрэдна не прымянялі гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі.
Мы лічым, тое, што адбывалася ў Гродна 29 траўня, было нічым не іншым як рэалізацыяй права на свабоду мірных сходаў, выказвання свайго меркавання, і ніякіх гвалтоўных дзеянняў удзельнікі пікетаў не здзяйснялі, грамадскі парадак і грамадскую бяспеку не парушалі.
У нас ёсць усе падставы для прызнання усіх абвінавачаных па артыкуле 342 і асобаў, якія ўтрымліваюцца зараз пад вартай, палітычнымі зняволенымі.
Што тычыцца інкрымінаванага аднаму з фігурантаў 364 артыкула, то мы тут падкрэсліваем, што мы са свайго боку будзем піьна сачыць за развіццём гэтых крымінальных справаў. І ў выпадку, калі мы прыйдзем да высновы, што віна гэтага абвінавачанага ў здзяйсненні гвалту ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі не даказана і не ўстаноўлена, альбо гэты факт адсутнічае ў прынцыпе як падзея, то таксама ў нас будуць падставы для прызнання яго палітычным зняволеным з патрабаваннем неадкладнага і безумоўнага вызвалення.
У хуткім часе таксама будзе агучаная заява ад імя праваабарончай супольнасці на гэту тэму.
Затрыманым па справе Ціханоўскага прад'яўлена абвінавачванне. Каментар СК