Міліцыя працягвае пераследваць актывістаў па ўсёй Беларусі Дапоўнена
З розных гарадоў Беларусі паведамляецца, што супрацоўнікі міліцыі працягваюць пераследваць актывістаў і ўдзельнікаў легальных пікетаў па зборы подпісаў за вылучэнне альтэрнатыўных кандыдатаў.
Як паведамляе прэс-служба грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь", каля дома палітыка Яўгена Афнагеля ў Мінску з вечара 2 чэрвеня дзяжураць невядомыя ў цывільным. Некалькі машын з людзьмі, падобнымі на супрацоўнікаў міліцыі, стаяць на бліжэйшых да дома скрыжаваннях і каля ўваходу.
"Сёння прыкладна ў 21:00 я заўважыла тры аўтамабіля, у кожным з якіх знаходзілася па два-тры чалавекі. Яны стаяць да гэтага часу на вуліцах каля дома, дзе мы жывем, а таксама ля ўваходу ў двор. Такое адбываецца ўжо не ў першы раз. Раней тую ж самую карціну мы назіралі перад тым, як Яўгена выкрадалі і арыштоўвалі", — сказала жонка актывіста Кацярына Людвіг.
Раніцай 3 чэрвеня быў затрыманы Валянцін Троцкі. Як мяркуецца, ён знаходзіцца ў РУУС Фрунзенскага раёна.
А 12:16 тэлеграм-канал "Шэры кот" паведаміў, што ў Полацку трое ў цывільным прыехалі дадому да блогера Алеся Круткіна. Каля 6 вечара яго затрымалі. У затрыманні прымалі ўдзел і супрацоўнікі АМАП. Тэлеграм-канал "Еўрапейскай Беларусі" паведамляе, што дома ў блогера праходзіць вобшук са ўдзелам крымінальнага вышуку.
Праваабаронцам "Вясны" стала таксама вядома, што ў РУУС Заводскага раёна Минска выклікаюць абаронцу Курапатаў Валерыя Рабцава нібыта за ўдзел у пікеце 31 траўня. Таксама за гэты пікет у Мінску на "Камароўцы" ў міліцыю выклікаюць Сяргея Мацкойця. Супрацоўнікі РАУС патэлефанавалі яму і сказалі, што прыедуць за ім на працу.
У Наваполацку затрыманы Андрэй Зуеў, заўтра над ім верагодна адбудзецца суд. Пра гэта паведамляецца ў телеграм-канале "Полацк. Наваполацк. Краіна для жыцця". Андрэй Зуеў з'яўляецца валанцёрам ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай, ён распавёў, што ўчора да яго ў кватэру грукаліся міліцыянеры, а потом пільнавалі яго пад домам. Раней Андрэй Зуеў адбываў 7 сутак арышту за ўдзел у стрыме Ціханоўскага.
Каля 17.30 вечара ў Наваполацку затрыманы сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай Артур Сінега. Яго адвезлі ў аддзяленне міліцыі для складання пратакола па арт. 23.34 КаАП.
Як паведаміў тэлеграм-канал "Маладога фронту", таксама затрыманы першы сакратар Маладога Фронту Максім Урбановіч. Паведамляецца, штояго затрымалі раніцай пры выхадзе з уласнай кватэры. Цяпер актывіст знаходзіцца ў ЦІП на вул. Акрэсціна. Імаверна, заўтра над ім адбудзецца суд. Верагодна, за ўдзел у дазволеным пікеце 31 траўня на Камароўскім рынку.
Інфармацыя ўдакладняецца і дапаўняецца.
Што рабіць, калі на пікеце пачынаюцца затрыманні? Парады праваабаронцаў