viasna on patreon

Адміністрацыйны пераслед у траўні ў графіках і лічбах (інфаграфіка)

2020 2020-06-01T20:58:00+0300 2020-06-01T21:30:54+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/stop-cockroach2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Травень 2020 года ў Беларусі адзначыўся новай хваляй рэпрэсій над актывістамі, журналістамі, праваабаронцамі, а таксама грамадзянамі, якія прыходзілі на мірныя сустрэчы аднадумцаў у шматлікіх гарадах краіны. Такія фактары, як пачатак выбарчай кампаніі, затрыманне папулярнага блогера Сяргея Ціханоўскага пацягнулі за сабой акцыі пратэсту, на якія ўлады адказалі шматлікімі затрыманнямі, якія скончыліся арыштамі і вялікімі штрафамі для затрыманых.

У перыяд з 6 па 31 траўня па палітычных матвах па краіне былі затрыманы як мінімум 195 чалавек. Праваабаронцам вядома пра 217 выпадкаў адвольных затрыманняў. 18 чалавек за гэты перыяд затрымлівалі па 2 ці нават па 3 разы. Гэтыя лічбы таксама ўключаюць у сябе і затрыманні некалькіх актывістаў, праціўнікаў завода АКБ у Брэсце прама ў будынку суда. Актывістаў судзілі, пасля суда ізноў затрымалівалі і адпраўлялі ў ізалятар да новых судоў. Менавіта ў такой сітуацыі апытнуліся праваабаронцы Уладзімір Вялічкін і Раман Кісляк, якія прысутнічалі на акцыях у Брэсце, за якія іх судзілі, у якасці назіральнікаў за мірнымі сходамі.

Па дадзеных праваабаронцаў “Вясны”, цягам траўня ў Беларусі прайшло каля 155 судоў па палітычна матываваных адміністрацыйных справах у адносінах да як мінімум 132 чалавек. З іх больш за 135 судоў - за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах (арт. 23.34 КаАП).

Агулам за травень 72 чалавекі аштрафаваныя на 2352 базавых (63504 рублі). Найбольшы штраф атрымаў берасцейскі актывіст Віталь Казак. Па выніках двух судоў па 4 пратаколах ён мусіць заплаціць 140 базавых велічынь (3780 рублёў) штрафу за ўдзел у акцыях супраць завода АКБ.

69 чалавек атрымалі арышты тэрмінам ад 2 да 25 сутак. Некалькі актывістаў, сярод якіх блогеры Сяргей Ціханоўскі, Уладзімір Няронскі, актывісты Юрый Уласаў, Станіслаў Паўлінковіч і журналіст Міхаіл Аршынскі, былі двойчы ці тройчы асуджаны на новыя “суткі”. Не пазбеглі арыштаў і магілёўскія праваабаронцы “Вясны” Аляксандр Буракоў і Саша Райкан, а таксама журналісты Міхаіл Аршынскі, Зміцер Лупач і Алесь Асіпцоў.

Агульная колькасць атрыманых “сутак” у траўні - 719.

Адміністрацыйныя суды за гэты перыяд прайшлі ў 22 гарадах краіны, сярод якіх Мінск, Віцебск, Гомель, Бабруйск, Магілёў, Орша, Паставы, Полацк, Наваполацк, Міёры, Шаркаўшчына, Глыбокае, Вілейка, Маладзечна, Слуцк, Гродна, Ліда, Брэст, Пінск, Мазыр, Жлобін, Мар’іна Горка. Больш за ўсё судоў прайшло ў Мінску (27 і болей), Магілёве (22), Брэст (20). Горадам-“рэкардсменам” па колькасці вынесеных “сутак” стаў Магілёў. Там 18 чалавек пакаралі ў суме на 164 сутак.

84% ад усіх адміністрацыйных пратаколаў (148), па якіх судзілі актывістаў цягам траўня, - гэта пратаколы аб парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (арт. 23.34 КаАП). За ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах судзілі падпісчыкаў youtube-канала “Краіна для жыцця”, якія прыходзілі на сустрэчу з его аўтарам Сяргеем Ціханоўскім і выказваліся пра свае праблемы. Па гэтым жа артыкуле судзілі прыхільнікаў Ціханоўскага, якія пасля яго першага затрымання выйшлі на стыхійныя акцыі салідарнасці ў Магілёве, Мінску і Гомелі.

Пад рэпрэсіі таксама трапілі ўдзельнікі “Моладзевага блоку”, якія правялі крэатыўную акцыю з труной з мэтай выказаць адмоўнае стаўленне да правядзення параду 9 траўня. Двое актывістаў атрымалі арышты, яшчэ пяць актывістаў “Моладзевага блоку” былі затрыманы на некалькі гадзін, хоць яны і не ўдзельнічалі ў акцыі.

Частку з затрыманых (больш за 20 чалавек) цягам траўня судзілі таксама за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі пры затрыманні (арт. 23.4 КаАП). У прыватнасці, такія пратаколы былі складзены на затрыманых прыхільнікаў Ціханоўскага 6 траўня каля ГЦ Mile і на затрыманых у Вярхоўным судзе актывістаў, якія прыйшлі падтрымаць на судах незарэгістраваных “кандыдатаў пратэсту”.

Не абыйшлося ў гэтым месяцы і без штрафаў незалежным журналістаў за іх прафесійную дзейнасць. Трое журналістаў – Ларыса Шчыракова, Андрэй Толчын і Зміцер Лупач былі пакараныя штрафамі па арт. 22.9 за выраб прадукцыі СМІ для тэлеканалу “Белсат”.


Праваабарончы цэнтр “Вясна” вядзе статыстыку ўжывання артыкулаў Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэнняў, якія выкарыстоўваюцца для палітычна-матываванага пераследу грамадзян. Па меркаванні праваабаронцаў такімі звычайна з’яўляюцца артыкулы 23.34 КаАП (арганізацыя ці ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве), ч. 2 арт. 22.9 КаАП (праца журналістаў без акрэдытацыі), 23.4 КаАП (непадпарадкаванне патрабаванням службовай асобы), 17.11 (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) і іншыя.

Інфармацыя ў артыкуле прадстаўлена ў адпаведнасці з дадзенымі, якімі валодае ПЦ “Вясна” на 1 чэрвеня 2020 года.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства