Аналітычная тыднёвая справаздача па выніках назірання: 25 – 31 траўня 2020 года

2020 2020-06-01T08:18:28+0300 2020-06-01T16:52:22+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/logo_elections.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Назіранне за выбарамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца РПГА «Беларускі Хельсінкскі камітэт» і ПЦ «Вясна» ў рамках кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

Высновы

  • У параўнанні з мінулымі прэзідэнцкімі выбарамі, сёлетняя кампанія, нягледзячы на эпідэмію COVID-19, характаразуеца шырокай медыя- і вулічнай актыўнасцю асобных кандыдатаў. Пагаршэнне сацыяльна-эканамічнай абстаноўкі ў краіне, паводзіны беларускіх уладаў падчас пандэміі сталі каталізатарам грамадскага незадавальненьня і абумовілі пэўнае ўзмацненне пратэстнай электаральнай актыўнасці;
  • у беларускай медыяпрасторы тэма COVID-19 канкурыруе з тэмай прэзідэнцкіх выбараў, а ў шэрагу СМІ – пераважае. Сярод патэнцыйных кандыдатаў і іх ініцыятыўных груп найбольшую ўвагу атрымліваюць актывізм ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай, а дакладней, выступы кіраўніка яе ініцыятыўнай групы, блогера Сяргея Ціханоўскага, таксама дзейнасць Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы;
  • актыўнасць вылучэнцаў і іх прадстаўнікоў выклікала з боку дзеючага кіраўніка краіны негатыўныя выказванні аб сваіх канкурэнтах на прэзідэнцкі мандат;
  • 29 мая ў Гродна падчас пікету па зборы подпісаў за Святлану Ціханоўскую затрыманы кіраўнік яе ініцыятыўнай групы, блогер папулярнага YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргей Ціханоўскі. Затрыманне адбылося пасля яўна незаконнага ўмяшальніцтва супрацоўнікаў міліцыі ў камунікацыю грамадзян з кіраўніком ініцыятыўнай групы. Інцыдэнт, які папярэднічаў затрыманню, трансляваўся дзяржаўнымі СМІ. 30 мая стала вядома аб ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, удзел у якім нібыта прымаў Сяргей Ціханоўскі і іншыя затрыманыя;
  • многія чыноўнікі актыўна каментавалі інцыдэнт ў Гродна, развіваючы выказаныя Прэзідэнтам негатыўныя ацэнкі апанентаў улады;
  • пасля гродзенскіх падзей ў розных гарадах краіны адзначаны спробы супрацоўнікаў міліцыі перашкодзіць правядзенню пікетаў па зборы подпісаў. Такія дзеянні супрацоўнікаў міліцыі з’яўляюцца незаконнай перашкодай у рэалізацыі права на збор подпісаў выбаршчыкаў за вылучэнне кандыдатаў у Прэзідэнты шляхам пікетавання.
  • 31 мая па ўсёй краіне адбыліся затрыманні блогераў і актывістаў, частка з якіх – сябры ініцыятыўных груп па вылучэнні асобных кандыдатаў у Прэзідэнты. Гэтыя факты могуць разглядацца як спроба ўладаў спыніць актыўнасць пікетаў па зборы подпісаў, якія набылі масавы характар;
  • мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі ў адпаведныя тэрміны былі вызначаныя месцы, дзе забаронена правядзенне пікетавання для збору подпісаў выбаршчыкаў за вылучэнне кандыдатаў у Прэзідэнты. Эксперты кампаніі лічаць, што пералік забароненых месцаў не будзе ствараць сур’ёзных перашкодаў для збору подпісаў ініцыятыўнымі групамі. Разам з тым, адзначаецца адсутнасць адзінага падыходу мясцовых органаў улады да забароны збору подпісаў у тых ці іншых месцах гораду. Аднак адсутнасць забароны для збору подпісаў на тэрыторыях прадпрыемстваў і ўстаноў (у прыватнасці, устаноў адукацыі і аховы здароўя) стварае ўмовы для выкарыстання ў іх адміністрацыйнага рэсурсу ў інтарэсах аднаго з кандыдатаў у Прэзідэнты;
  • назіральнікі кампаніі паведамляюць пра факты выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу пры зборы подпісаў у падтрымку А.Лукашэнкі на прадпрыемствах і ва ўстановах адукацыі. Паведамленні аб гэтым з’явіліся таксама ў СМІ, сацыяльных сетках і тэлеграм-каналах;
  • усе скаргі на рашэнні мясцовых Саветаў дэпутатаў і мясцовых выканкамаў аб фарміраванні выбарчых камісій былі пакінутыя без задавальнення. Суды абмежаваліся праверкай выканання фармальных патрабаванняў ВК па працэдуры ўтварэння выбарчых камісій і ухіліліся ад ацэнкі парушэння прынцыпу роўнасці. Як раней адзначалі эксперты кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», адсутнасць у выбарчым заканадаўстве гарантый уключэння ў склад выбарчых камісій прадстаўнікоў, вылучаных усімі палітычнымі суб’ектамі, якія прымаюць удзел у выбарах, робіць магчымым адвольны і дыскрымінацыйны падыход у дачыненні да апазіцыйных партый і рухаў, а прадугледжаную судовую працэдуру абскарджання неэфектыўнай;
  • таксама не была задаволена ніводная скарга на рашэнні ЦВК аб адмове ў рэгістрацыі ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатаў у Прэзідэнты. Справы па дадзеных скаргах, як і па скаргах на рашэнні аб утварэнні ТВК, разглядаліся судамі вельмі фармальна, суды не рабілі захадаў па высвятленню ўсіх акалічнасцяў па справе і ўстанаўленню ісціны.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары".

Аналітычная тыднёвая справаздача па выніках назірання: 25 – 31 траўня 2020 года

Файлы

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства