Новыя штрафы і "суткі". Вынікі судоў у Брэсце, Маладзечне, Віцебску і Гродне Дапоўнена
У Брэсце завяршыўся суд над праваабаронцам Раманам Кісляком, якога абвінавачвалі ва удзеле ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах 12 красавіка і 3 траўня (шэсце “кармленне галубоў”). Суддзя суда Ленінскага раёна, вядомы вынясеннем палітычна матываваных рашэнняў, Аляксандр Семянчук пакараў Кісляка штрафам у 30 базавых велічынь (810 рублёў).
Нагадаем, што Рамана Кісляка затрымалі 10 траўня пасля чарговая шэсця супраць завода АКБ. Двое сутак не было дакладнай інфармацыі пра тое, дзе знаходзіцца Раман. Яго маці нават напісала заяву ў пракуратуру аб знікненні сына. 12 траўня праваабаронцу прывезлі на суд, аднак працэс перанеслі, а Рамана ў будынку суда зноў затрымалі. Ён прабыў у ізалятары часовага ўтрымання да новага суда 14 траўня, які ізноў перанеслі. У той дзень праваабаронца выйшаў на волю. Пасяджэнне па яго адміністрацыйнай справе пераносілася яшчэ адзін раз праз хваробу Кісляка і працягнулася 26 траўня.
Як судзілі Рамана Кісляка? Рэпартаж з пасяджэння 26 траўня.
У Брэсце судзяць праваабаронцу Рамана Кісляка. Суды прайшлі і ў Мінску з Лідай
У той жа час у Маладзечне 7 сутак арышту атрымаў Андрэй Смаляк. Яго судзілі па двух адміністрацыйных пратаколах па арт. 23.34 КаАП: за ўдзел у сустрэчы з Сяргеем Ціханоўскім і за акцыію па “кармленні галубоў”. Супраць яго сведчылі міліцыянты з мясцовага РАУС - Вайтко і Сінько. Суддзя - Вікторыя Паляшчук. Андрэй Смаляк атрымаў пастнову на рукі і паехаў да дому. Затрымаць яго могуць у любы момант.
Расклад судоў за мірныя акцыі і сустрэчы да 1 чэрвеня.
Палітычны пераслед у траўні: прамежкавыя вынікі і расклад новых судоў
У Віцебску ў судзе Першамайскага раёна асудзілі затрыманага напярэдадні Аляксея Саламаненку. Ён атрымаў 25 базавых велічынь штрафу (675 рублёў) за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. На мінулым тыдні Аляксея судзілі за акцыю "кармленне галубоў", і тады суддзя Алена Цыганкова аштрафавала яго на 540 рублёў. Той працэс адзначыўся канфліктам прысутных у залі з суддзёй, на якую выклікалі міліцыю.
Віцебская суддзя не змагла выдаліць з залы 15 чалавек на працэсе Аляксея Саламаненкі
У Гародні на 40 базавых велічынь (1080 рублёў) аштрафавалі актывіста Мікалая Саляніка. Па яго словах, з дому яго выманілі падманам - яго выклікалі прыехаць у Ленінскі РАУС, каб правесці дадатковае апытанне пра ранейшае адміністрацыйнае правапарушэнне. У РАУС у Саляніка забралі мабільны тэлефон і завялі ў актавую залу. Там неўзабаве з'явіўся суддзя суда Ленінскага раёну Дзмітрый Бубенчык. Ён і аштрафаваў Саляніка за сустрэчу 26 красавіка з блогерам Сяргеем Ціханоўскім у Гародні.