"Гэта персанальныя рэпрэсіі". Праваабаронца Аляксандр Буракоў выйшаў з ІЧУ
Журналіст і праваабаронца “Магілёўскай вясны” Аляксандр Буракоў выйшаў з магілёўскага ІЧУ пасля 10-суткавага арышту. Менавіта так яго пакаралі за 2-хвілінны ўдзел у акцыі пад магілёўскім ІЧУ (артыкул 23.34 КаАП). Пры гэтым Буракоў не ўдзельнічаў у масавым мерапрыемстве, а выконваў свае праваабарончыя абавязкі.
Суткі Аляксандр Буракоў правёў у адзіночнай камеры. Але гэта ніяк не звязана з мерамі бяспецы пры сітуацыі COVID-19, лічыць праваабаронца:
“Гэта менавіта персанальныя рэпрэсіі. Напрыклад, тыя, хто сядзеў у ІЧУ за “бытавыя” [правапарушэнні], сядзелі па пяць чалавек у адной камеры. А “палітычныя”—а іх па маіх адчуваннях было чалавек 25 — з большага знаходзіліся ў адзіночках”.
Таксама гэта заўважна было і ў тым, якім чынам Аляксандра Буракова выводзілі на штодзённую прагулку — так, каб ён не змог з кімсьці з “суседзяў” паразмаўляць.
Адзначыў праваабаронца і важнасць паштовак салідарнасці.
“Дзякуй за кампанію падтрымкі і салідарнасці, якая была разгорнутая на волі! Хачу перадаць прывітанне Дар’і Рублеўскай, таму што з усіх паштовак ад яе была самаробная. Дар’я напісала, што патрымала кветку бэзу над ёй, каб быў пах — і пах дайшоў! Вялікі дзякуй!”
Праваабаронца не лічыць сябе вінаватым у здзяйсненні парушэння і абскарджвае рашэнне суда:
“Насамрэч суд я выіграў.Калі быў перанос суда на наступны дзень, то было бачна, як суддзя Вікторыя Палякова зачытала тое, што было ўжо гатова—і я думаю, што гэта загад быў з Мінску”, — успамінае Аляксандр Буракоў.
Зараз на сутках застаецца яшчэ адзін журналіст “Магілёўскай вясны” Алесь Буракоў.