Травеньскі тыдзень затрыманняў і арыштаў. Лічбы, факты, геаграфія
Па дадзеных, якімі Праваабарончы цэнтр “Вясна” валодае па стане на 13 траўня, у Беларусі ў перыяд з 6 траўня былі затрыманы каля 120 чалавек, якія прыходзілі на сустрэчу з блогерам Сяргеем Ціханоўскім, выходзілі на акцыі ў яго падтрымку пасля затрымання блогера ці ўдзельнічалі ў іншых акцыях пратэсту, такіх як "кармленне галубоў" ці акцыя "Моладзевага блоку" ў Мінску. Міліцыя склала прыкладна такую ж колькасць патаколаў (каля 120) за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (па арт. 23.34 КаАП). Пад пераслед трапілі таксама праваабаронцы і журналісты, якія назіралі ці асвятлялі акцыі.
За апошні тыдзень 50 чалавек асуджаныя на арышты тэрмінам ад 2 да 25 сутак (у іх ліку і Сяргей Ціханоўскі, які адбывае арышт, прысджаны яму яшчэ ў студзені). Максімальны тэрмін (25 сутак) атрымаў блогер з Мазыра Аляксандр Цуканаў, якога прызналі вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (15 сутак) і ў непавазе да суда (яшчэ 10 сутак).
Агульная колькасць атрыманых сутак з 6 па 13 траўня – 479.
За акцыі "на суткі" адправілі дзясяткі чалавек. Падтрымай іх паштоўкай салідарнасці
Таксама за гэты перыяд 20 чалавек атрымалі штрафы за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах на агульную суму ў 583 базавыя велічыні (15741 рубель).
Адміністрацыйныя суды прайшлі ў 17 гарадах краіны, сярод якіх Мінск, Віцебск, Гомель, Бабруйск, Магілёў, Орша, Паставы, Полацк, Наваполацк, Глыбокае, Вілейка, Гродна, Ліда, Брэст, Мазыр, Жлобін, Мар’іна Горка. Горадам-“рэкардсменам” па колькасці палітычна матываваных адміністрацыйных спраў тыдня стаў Магілёў. Там прайшло 17 судоў, 16 з якіх скончыліся вынясеннем арыштаў. У тым ліку ў Магілёве на “суткі” былі асуджаны журналісты Міхаіл Аршынскі, Аляксандр Буракоў і Алесь Асіпцоў.
Бліжэйшыя суды чакаюцца ў Брэсце, дзе ў гэтыя дні склалася практыка затрымліваць актывістаў адразу пасля судоў і весці ў ізалятар да разглядаў наступных адміністрацыйных спраў. У прыватнасці, так здарылася з затрыманымі 10 траўня праваабаронцамі Уладзімірам Вялічкіным і Раманам Кісляком. У той дзень яны маніторылі акцыю супраць завода АКБ, і пасля яе былі затрыманы. Праз двое сутак іх прывезлі ў суд Ленінскага раёна, дзе Вялічкіну далі вялікі шраф за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, а разгляд справы Кісляка перанеслі. І пасля суда абодвух ізноў затрымалі. Па стане на 13 траўня ў ІЧУ ў чаканні новых судоў за ўдзел у берасцейскіх акцыях знаходзяцца разам з праваабаронцамі 7 чалавек.
Таксама суды за ўдзел у рэгіянальных акцыях па “кармленні галубоў” у бліжэйшы час чакаюцца ў Пінску, Вілейцы, Маладзечне.
Акрамя таго, смс-позвы ў суд сталі атрымліваць тыя, хто быў затрыманы каля гандлёвага цэнтру MILE у Мінску 6 траўня. Нагадаем, тады гвалтоўна былі затрыманы 19 чалавек, якія прыехалі на стаянку каля ГЦ, каб затым паўдзельнічаць у аўтапрабегу ў падтрымку Сяргея Ціханоўскага. Усіх даставілі ў РАУСы Цэнтральнага і Першамайскага раёнаў, склалі пратаколы па арт. 23.34 КаАП і 23.4 КаАП (непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі) і позна ўвечары адпусцілі.
- Вядома, што ў чацвер 14 траўня ў 10.00 у судзе Цэнтральнага раёна будзе разгляд справы Аляксандра Ахрэмчука (ч. 1 арт.23.34 КаАП)
- У тожа дзень у 11:00 у РАУС Першамайскага раёна (вул. Бялінскага, 11) на выязным пасяджэнні суда Першамайскага раёна будуць суддзіць Дмітрыя Збароўскага.
- Таксама смс-апавяшчэнне пра выязны суд атрымала Антаніна Канавалава. Пасяджэнне прызначана на 11.00 14 траўня ў памяшканні Кастрычніцкага РАУС.
Па меркаванні праваабаронцаў, разгляд спраў у РАУС, куды звычайна не могуць трапіць журналісты і назіральнікі, супярэчыць прынцыпу галоснасці і адкрытасці судоў.