Суды ў Віцебскім рэгіёне: актывістам даюць суткі і штрафы Дапоўнена
З раніцы 11 траўня па ўсёй краіне адбываюцца суды над затрыманымі ў пятніцу і за выходныя актывістамі і актывісткамі, які выходзілі на "кармленне галубоў" у сваіх гарадах ці сустракаліся з камандай блогера Сяргея Ціханоўскага.
У Віцебскай вобласці пад пераслед патрапіла каля 20 чалавек, на якіх міліцыянеры склалі пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах.
Віцебск
У Віцебску было затрымана восем чалавек. Віцебскі сябар Партыі БНФ Аляксандр Ільінец быў змешчаны ў ІЧУ да суда. Лёс яшчэ пецярых затрыманых удакладняецца.
Разгляд адміністрацыйных справаў павінен адбыцца 11 траўня ў судзе Чыгуначнага раёну Віцебску. Як паведамляе "Віцебская Вясна", калі дакладна пачнецца суд – невядома. Але вядома, што затрыманых за адміністрацыйныя правапарушэнні зараз у памяшканне суду не прывозяць – паседжанні праводзяцца ў анлайн-рэжыме: абвінавачаны застаецца ў ІЧУ, з суддзёй ён кантактуе праз скайп.
Тыя ж, хто хоча падтрымаць абвінавачаных, могуць знаходзіцца ў судовай залі і слухаць працэс, пры гэтым экран камп'ютара павернуты да суддзі.
Аляксандра Ільінца асудзілі да 5 сутак арышту. Ён заявіў на судзе, што за трое сутак, якія правёў у ізалятары, у яго пагоршыўся стан здароўя – ён зноў пачаў кашляць. Адміністрацыйную справу разглядала судзьдзя Алена Цыганкова.
Полацк
У Полацкім судзе плануюцца разгляды спраў затрыманых людзей за выходныя. Аднак ніякія пасяджэнні на дошцы ў судзе не пазначаныя.
Сярод затрыманых да суда Віталь Бялевіч. Яго жонка паведаміла, што суд над ім адбудзецца ў 14.30 у будынку РАУС. Вядома, што ў дачыненні да Наталлі Карэлінай таксама быў складзены пратакол.
Сваякам сказалі, што суд будзе анлайн. Затрыманым не даюць азнаёміцца са справамі і не выклікаюць адвакатаў.
Стала вядома, што Віталю Бялевічу прысудзілі штраф у 8 базавых велічынь.
Наваполацк
У Наваполацку павінны адбыцца суды над Аленай Гурчонак і Андрэем Зуевым.
Алена Гурчонак паведаміла TUT.BY, што яе і яшчэ адну жанчыну вінавацяць па арт. 23.34 КаАП за "кармленне галубоў" 3 траўня. Адпаведны пратакол быў складзены міліцыянерам прама на працы Алены. Судзіць яе будуць у 10 гадзін раніцы 21 траўня. Калі адбудзецца адміністрацыйны працэс па справе другой жанчыны пакуль невядома.
Андрэй Зуеў да суда знаходзіўся ў ІЧУ. Суддзя Віталь Лапко пакараў Андрэя Зуева 7 суткамі арышту. Як маёр міліцыі паведаміў ягонай жонцы, яна можа сустракаць мужа на волі 15 траўня а 20.45.
Орша
Каля 30 чалавек сабралося ў будынку суда Аршанскага раёна. Тут сёння судзяць Іллю Ціханава і Аляксандра Андрэева, якіх затрымалі 9 траўня і да суда змясцілі ў ІЧУ.
Прысутных не пускаюць на паседжанні, яны патрабуюць кніг скаргаў і прапаноў, а таксама паклікаць старшыню суда.
Жонка Аляксандра Андрэева крычыць, што ў яе двое дзяцей дома, а яна не ведае пра лёс мужа.
Выстраілася чарга да кнігі скаргаў, плануюць пакінуць парадка 10 запісаў.
Як паведаміла жонка Аляксандра Андрэева, суддзя Дзмітры Разумовіч асудзіў мужчыну на 10 сутак арышту за адміністрацыйнае правапарушэнне па арт. 23.34 КаАП.
Іллю Ціханава таксама пакаралі арыштам у 10 сутак.
Таксама складзены адміністрацыйны пратакол на Алену Мірашнічэнка за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Суд над ёй прызначаны на 12 траўня ў 14.30.
Глыбокае
Раніцай у судзе Глыбоцкага раёна пачаліся суды. Журналіста-фрылансера Змітра Лупача, які ўтрымліваўся ў ІЧУ ўсе выходныя, абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі (арт. 23.34 КаАП).
Як паведамляе БАЖ, суддзя Дзмітрый Тарасевіч агучыў, што Змітра Лупача судзяць паводле часткі 2 артыкула 22.9 КаАП — за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ. Але Зміцер Лупач заявіў хадайніцтва, каб яго судзілі адразу па двух артыкулах: таксама і паводле артыкула 23.34 КаАП — па абвінавачанні за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.
8 траўня супрацоўнікі Глыбоцкага райаддзела міліцыі забралі Змітра Лупача ў пастарунак і склалі на яго адміністрацыйны пратакол за сустрэчу з блогерам Сяргеем Ціханоўскім. Там ён выказваў сваё меркаванне пра жыццё ў краіне, а менавіта ў Глыбокім на камеру блогера.
Потым журналіст заявіў яшчэ адно хадайніцтва, ён хацеў азнаёміцца са справай і папрасіў на гэта сем хвілін. Суддзя прызначыў перапынак на дзесяць хвілін.
Пасля перапынку Зміцер Лупач агучыў новае хадайніцтва пра заключэнне дамовы з адвакатам з Віцебска альбо Мінска. На што суддзя Дзмітрый Тарасевіч спачатку сказаў, што ў такім выпадку суд перанясецца на сераду. Але потым аб’явіў перапынак: паведаміў, што на гэта ён журналісту дае некалькі гадзін. Працэс працягнецца ў 16:00.
Пасля перапынку ў судзе да Змітра Лупача прыехаў адвакат. Ён знайшоў шмат хібаў у справах і папрасіў суддзю адправіць іх на дапрацоўку, але суддзя быў непахісны і агучыў свой вердыкт.
У выніку Зміцера Лупача арыштавалі на 10 сутак паводле арт. 23.34 КаАП і аштрафавалі на 45 базавых велічынь паводле арт. 22.9 КаАП.
На 10 гадзін раніцы позвы ў суд атрымалі Данііл Ермаковіч і Людміла Барэйка, якіх вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Як паведамляе Радыё Рацыя, па 10 базавых велічыняў штрафу (270 беларускіх рублёў) атрымалі пенсіянеры Людміла Барэйка і Данііл Ермаковіч за сустрэчу з блогерам Сяргеем Ціханоўскім.
Іх асудзілі па частцы 1 артыкула 23.34 КаАП суддзі Глыбоцкага раённага суда Людміла Вашчанка і Станіслаў Трапук адпаведна. А вінавацілі пенсіянераў у тым, што быццам яны ўчынілі пікетаванне і выказалі сваё меркаванне без дазволу Глыбоцкага райвыканкама. І Людміла Барэйка, і Данііл Ермаковіч збіраюцца абскарджваць пастановы Глыбоцкага раённага суда ў вышэйшай інстанцыі. Яны не лічаць сябе вінаватымі.
Паставы
У судзе Пастаўскага раёна адбудзецца суд над Андрэем Новікавым. Ён быў затрыманы 8 траўня і да суда змешчаны ў ІЧУ.
Інфармацыя пра суды будзе ўдакладняцца і дапаўняцца.
Калі вас ці вашых знаёмых затрымалі, ці выклікаюць у міліцыю з нагоды ўдзелу ў акцыях пратэсту, просім звяртацца да праваабаронцаў: pierasled@spring96.org (грамадская прыёмная), маб.: (029) 841 39 81 (грамадская прыёмная), у тым ліку Signal, WhatsApp, Telegram.
Поўны спіс затрыманых прыхільнікаў блогера Ціханоўскага і іншых актывістаў