"Кармленне галубоў" у Брэсце скончылася затрыманнямі Дапоўнена
У Брэсце прайшло чарговае “кармленне галубоў” — штонядзельная акцыя пратэсту супраць завода АКБ. Як паведамляе праваабаронца Уладзімір Вялічкін, на акцыі “у зорны момант” сабралася каля 300 чалавек. Некаторыя кіроўцы, якія праязжалі міма, сігналілі.
Не абыйшлося без правакацый: мужчына трымаў дзяржаўны сцяг і партрэт Лукашэнка, на якім напісана “Я/Мы Лукашенко. Вызвалім патрыётаў Беларусі: Ціханоўскага, Пятрухіна” і пачаў гучна выкрыкваць “Караеў, адпускай блогераў”, а таксама зачытваць прысягу, якую даюць МУС. Калі адзін з гледачоў падыёшоў, каб зняць з яго партрэт з надпісам, той паспрабаваў распачаць бойку.
Удзельнікі “кармлення галубоў” палічылі яго правакатарам і адышлі. Потым калона традыцыйна рушыла. Як паведамляе Уладзімір Вялічкін, калону суправаджала больш за два дзесятка супрацоўнікаў Ленінскага РАУС і Абласнога УУС. А таксама было шмат міліцыянтаў, апранутых у цывільнае.
Таксама праваабаронца паведаміў пра аднаго затрыманага — Валерыя Фамінскага, сябры прафсаюза РЭП. Інфармацыя ўдакладняецца.
Сам жа праваабаронца Уладзімір Вялічкін пасля гэтага паведамлення стаў недаступны.
Дапоўнена: Па стане на 18.30 Уладзімір Вялічкін так і не выйшаў на сувязь. Праваабаронцы "Вясны" падазраюць, шо ён затрыманы. Міліцыянты ў РАУСах і ІЧУ заяўляюць, што Вялічкіна ў іх няма.
Акрамя гэтага, "Брестская газета" паведаміла, што адразу пасля акцыі АМАП затрымаў праваабаронцу Рамана Кісляка і мужчыну, якога большасць прысутных прынялі за правакатара. Па непацверджанай пакуль інфармацыі, затрыманы таксама яшчэ адзін удзельнік акцыі пратэсту.