Затрыманы праваабаронца «Магілёўскай вясны» Аляксандр Буракоў Відэа
Міліцыя затрымала журналіста і праваабаронца «Магілёўскай вясны» Аляксандра Буракова. У дачыненні да яго складзены пратакол па артыкуле 23.34 КаАП за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі пратэсту. Супрацоўнікі міліцыі паведамляюць, што пасля Ленінскага РАУС яго адправяць у ізалятар часовага ўтрымання да суда, магчыма, да панядзелка.
Праваабаронцы «Магілёўскай вясны» з раніцы дзяжурылі пад судамі, каб кантраляваць тое, што адбываецца і аказваць дапамогу сваякам затрыманых. Каля 11:30 да аднаго з іх, Аляксандра Буракова, падышлі трое супрацоўнікаў міліцыі, у тым ліку АМАП і заявілі, што ў дачыненні да яго вядзецца адміністрацыйны працэс.
Падрабязнасці высвятляў пляменнік Буракова, праваабаронца і журналіст «Магілёўскай вясны» Саша Райкон:
"Яго адвезлі ў Ленінскі РАУС Магілёва. Абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, нібыта. Справу ў дачыненні да Буракова вядзе міліцыянт Аляксандр Ячмянёў. Ён адмовіўся даць інфармацыю, за якую менавіта акцыю пратэсту забралі Буракова. Сказаў толькі, што яго адправяць у ізалятар часовага ўтрымання – гэта значыць, як мінімум да панядзелка Аляксандр прабудзе «на сутках». А там, відаць, будзе суд. Усё яшчэ будзем удакладняць".
Райкон сцвярджае, што ў ніякіх акцыях пратэсту Буракоў не ўдзельнічаў:
"Мы разам з ім былі як на Віцебскім праспекце, так і каля ІЧУ, дзе сабраліся людзі. Мы не ўдзельнічалі ў масавай акцыі – толькі сачылі за выкананнем правоў людзей на мірны сход і высвятлялі інфармацыю па затрыманых, плюс я яшчэ здымаў фота і відэа для MSPRING.ONLINE. Міліцыя проста вырашыла прайсціся па праваабаронцам, усведамляючы, што так яны пазбаўляюць гараджан абароны".
Суткі і штрафы. У Беларусі масава судзяць прыхільнікаў блогера Ціханоўскага