Каля 150 чалавек выйшлі ў Брэсце на акцыю пратэсту супраць запуску завода АКБ Фота
У нядзелю 12 красавіка па цэнтральных вуліцах Берасця прайшлі актывісты, якія выступаюць супраць запуску акумулятарнага завода. Праваабаронца Уладзімір Вялічкін паведаміў TUT.BY, што ў акцыі прыняло ўдзел каля 150 чалавек.
Праціўнікі акумулятарнага завода выйшлі на плошчу Леніна каля 12.00. Выступаючы перад прысутнымі, адзін з лідараў пратэсту Дзмітрый Бекалюк праз гучнагаварыцель нагадаў пра тое, што летась падчас візіту ў Брэст Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка сказаў, што берасцейцы «будуць вырашаць, ці быць гэтаму заводу і якім будзе гэты завод». Пры гэтым 9 красавіка, нягледзячы на няспынныя пратэсты, праект будаўніцтва акумулятарнага завода пад Брэстам атрымаў станоўчае заключэнне дзяржаўнай экалагічнай экспертызы.
"Нам далі пасыл: людзі нічога не вырашаюць", — сказаў Дзмітрый Бекалюк.
Пасля яго выступу на плошчу выйшлі супрацоўнікі міліцыі, якія па гучнагаварыцелі папярэдзілі ўдзельнікаў акцыі аб адказнасці за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Людзі сустрэлі іх свістам і крыкамі "Ганьба".
Затым удзельнікі пратэсту прайшлі калонай па маршруце: плошча Леніна — вуліца Пушкінская — Савецкая — пляцоўка каля ЦУМа. Падчас шэсця людзі разгарнулі банер "Не заводу АКБ", а таксама скандавалі: "No pasaran" (з гішп. "не пройдуць" — палітычны лозунг, які выказвае цвёрды намер абараняць сваю пазіцыю), "Чыноўнікаў на нары", "Не заводу АКБ".
Шэсце скончылася на плошчы ля Цэнтральнага ўнівермага. Абышлося без затрыманняў.
Кампанія "АйПауэр" 9 красавіка атрымала станоўчае заключэнне дзяржаўнай экалагічнай экспертызы па будаўнічым праекце акумулятарнага завода. Як паведамляе "Брестская газета", наступны этап рэалізацыі праекта – гэта правядзенне індывідуальных выпрабаванняў і комплекснае апрабаванне змантаванага абсталявання, выпрабаванне сістэм водазабеспячэння, каналізацыі, ацяплення і вентыляцыі і іншых сістэм. Пры гэтым грамадская экалагічная экспертыза праекта, якую даручыў правесці Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, так і не адбылася.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96