viasna on patreon

Блогер MozgON атрымаў 15 сутак за заклікі да акцыі каля “Белнафтахіму”

2020 2020-03-18T14:21:34+0300 2020-03-18T14:28:17+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/cyganovich-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Уладзімір Цыгановіч

Уладзімір Цыгановіч

Блогер Уладзімір Цыгановіч, які вядзе youtube-канал MozgOn, завочна быў асуджаны на 15 сутак арышту за заклікі ў інтэрнэце да ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

Гутарка ідзе пра сустрэчу-мітынг каля будынку “Белнафтахіму” у Мінску, якая прайшла 25 лютага. Напярэдадні Уладзімір Цыгановіч заклікаў прыйсці туды ўсіх, каго непакоіць пастаяннае павышэнне коштаў на паліва, і задаць пытанні на гэты конт кіраўніцтву канцэрна, што ў выніку атрымалася. На сустрэчу прыйшло некалькі дзясяткаў чалавек.

Як стала вядома праваабаронцам, неўзабаве блогер атрымаў пратакол па ч. 3 арт. 23.34 КаАП. Яго абвінавачвалі ў тым, што ён 24 лютага ў сваім тэлеграм-канале заклікаў людзей прыйсці да “Белнафтахіму” без дазволу Мінгарвыканкаму. Суд па гэтай справе прызначылі на 12 сакавіка. 

Калі паплечнікі Уладзіміра прыйшлі ў суд Маскоўскага раёна Мінска, дзе мусіў адбыцца разгляд справы, то даведаліся, што на той дзень былі прызначаны ажно два адміністрацыйныя працэсы ў дачыненні да блогера. Прычым адзін, які вяла суддзя Таццяна Мотыль, ужо скончыўся. Як удакладніў “Вясне” аўтар каналу “ДримДим”, першы суд хутчэй за ўсё датычыўся заклікаў да іншай акцыі – на МКАД. Але вынікі гэтага суда пакуль засталіся невядомымі.

Другі суд – за “Белнафтахім” – прайшоў вельмі хутка. Суддзя Лідзія Целіца вынесла рашэнне пакараць Уладзіміра Цыгановіча арыштам на 15 сутак. Тэрмін арышту будзе лічыцца з моманту затрымання.

Такім чынам пераслед блогераў за ўдзел ці асвятленне мірных сходаў у Беларусі працягваецца. Нагадаем, што ў снежні 2019 года і ў студзені 2020-га шэраг блогераў атрымалі штрафы і суткі за ўдзел у снежаньскіх акцыях пратэсту супраць інтэграцыі з Расіяй. Напрыклад, блогер Сяргей Ціханоўскі ("Краіна для жыцця") агулам атрымаў 30 сутак арышту, а Зміцер Казлоў ("Шэры кот") – рэкордныя 120 сутак па выніках васьмі судоў.


Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства