viasna on patreon

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Люты 2020

2020 2020-03-01T08:50:55+0300 2020-03-10T14:08:45+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vokladka_feb_2020.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Высновы:

  • на працягу месяца ў месцах пазбаўлення волі працягваў знаходзіцца палітвязень Міхаіл Жамчужны, які, па дадзеных ПЦ “Вясна”, быў пераведзены ў СІЗА г. Віцебска;
  • 12 лютага суд Савецкага р-на г. Мінска прызнаў актывістаў анархісцкага руху Мікіту Емяльянава і Івана Комара вінаватымі ў пашкоджанні маёмасці (арт. 341 КК), замаху на наўмыснае пашкоджанне маёмасці і наўмысным пашкоджанні маёмасці, здзейсненым агульнанебяспечным спосабам (ч. 1 арт. 14, ч. 2 арт. 218 КК, і ч. 2 арт. 218 КК), незаконных дзеяннях у дачыненні да прадметаў, паражальнае дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў (ч. 2 арт. 295-3 КК), і прыгаварыў іх да сямі гадоў пазбаўлення волі кожнага. На думку праваабаронцаў, у парушэнне прынцыпаў справядлівага судовага разбору, Мікіта Емяльянаў быў асуджаны да празмерна жорсткага і непрапарцыйна пакарання. Іван Комар таксама быў пакараны празмерна жорстка, непрапарцыйна ў параўнанні з абвінавачваннямі. Акрамя таго, было парушана яго права не падвяргацца катаванням і жорсткаму абыходжанню. Праваабарончая супольнасць прызнала асуджаных палітычнымі вязнямі і запатрабавала для Мікіты Емяльянава і Івана Комара неадкладнага перагляду прысуду пры захаванні права на справядлівае судовае разбіральніцтва і ліквідацыі пералічаных парушэнняў;
  • на працягу месяца працягваліся судовыя працэсы ў дачыненні да ўдзельнікаў мірных сходаў супраць т.зв. «паглыбленай інтэграцыі». Усяго на працягу лютага да адміністрацыйнай адказнасці па арт. 23.34 КаАП было прыцягнута 13 чалавек, сума штрафаў склала 10 260 беларускіх рублёў, агульны тэрмін адміністрацыйнага арышту — 75 сутак;
  • на працягу месяца таксама фіксаваліся выпадкі пераследу журналістаў-фрылансераў, якія ажыццяўляюць супрацоўніцтва з тэлеканалам “Белсат”;
  • у цэлым, сітуацыя з правамі чалавека на працягу месяца заставалася нездавальняючай. Назіраўся працяг пагаршэння сітуацыі, што ў першую чаргу выявілася ў росце колькасці выпадкаў прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці ўдзельнікаў мірных сходаў, а таксама са з'яўленнем новых палітычных зняволеных.

Палітычныя зняволеныя і палітычна матываваны пераслед

12 лютага 2020 года суд Савецкага р-на г. Мінска асудзіў анархістаў Мікіту Емяльянава і Івана Комара да сямі гадоў пазбаўлення волі кожнага за пашкоджанне маёмасці ў грамадскіх месцах (арт. 341 КК), замах на наўмыснае пашкоджанне маёмасці і наўмыснае пашкоджанне маёмасці, здзейсненае агульнанебяспечным спосабам (ч. 1 арт. 14, ч. 2 арт. 218 КК, і ч. 2 арт. 218 КК), незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, паражальнае дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў (ч. 2 арт. 295-3 КК).

У віну Емельянову і Комару ставілася закідванне лямпачкамі з фарбай фасада будынка Мінскага гарадскога суда ў верасні 2019 года і два эпізоды выкарыстання гаручай сумесі (адзін — няўдалы) для падпалу дзвярэй следчага ізалятара ў кастрычніку 2019 года ў г. Мінску.

Мікіта Емяльянаў ня адмаўляў свайго ўдзелу ва ўсіх трох акцыях і заявіў, што мэтай яго дзеянняў было прыцягненне ўвагі да палітычных зняволеных у Беларусі, выказванне нязгоды з дзеючай сістэмай і рэпрэсіямі за свабоду меркаванняў.

Іван Комар адмаўляў свой актыўны ўдзел у акцыях і заяўляў аб ужыванні да яго жорсткага абыходжання і ціску на яго прадстаўнікамі ГУБАЗіК МУС і іншымі асобамі з мэтай напісання яўкі з павіннай.

Супрацьпраўнае выкарыстанне гаручай сумесі, пашкоджанне маёмасці можа і павінна пераследвацца па законе, аднак пакаранне за гэтыя парушэнні не павінна быць празмерным і непрапарцыйным.

Аднак, на думку праваабаронцаў, у парушэнне прынцыпаў справядлівага судовага разбору, Мікіта Емяльянаў быў асуджаны да празмерна жорсткага пакарання, якое з'яўляецца відавочна непрапарцыйным здзейсненаму. Іван Комар таксама быў пакараны празмерна жорстка, непрапарцыйна дзеянням, у якіх яго абвінавацілі, з парушэннем права не падвяргацца катаванням і жорсткаму абыходжанню. На думку праваабаронцаў, гэта звязана з прыналежнасцю абвінавачаных да анархічнай супольнасці.

Праваабарончая супольнасць прызнала асуджаных палітычнымі вязнямі і патрабуе для Мікіты Емяльянава і Івана Комара неадкладнага перагляду прысуду пры захаванні права на справядлівае судовае разбіральніцтва і ліквідацыі пералічаных парушэнняў.

14 лютага 2020 года Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь разгледзеў апеляцыйную скаргу актывіста анархісцкага руху Дзмітрыя Паліенкі на прысуд Мінскага гарадскога суда і пакінуў прысуд без змены. Паліенку ў суд не прапусцілі з-за адмысловай нашыўкі на адзенні, у якім ён прыйшоў у суд, і тым самым пазбавілі права выступіць у судзе. Такім чынам прысуд аб пакаранні Д. Паліенку па ч. 3 арт. 339 КК у выглядзе трох гадоў абмежавання волі без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу ўступіў у законную сілу. З улікам прымененай судом амністыі і залічаннага ў тэрмін пакарання часу знаходжання Паліенкі пад вартай у СІЗА тэрмін адбыцця пакарання складае 10 месяцаў.

Праваабарончая супольнасць настойвала на адкрытым разглядзе дадзенай крымінальнай справы ў судзе, адзначаючы, што некаторыя абвінавачванні, прад'яўленыя першапачаткова Д. Паліенку, сведчылі пра палітычна матываваны характары яго крымінальнага пераследу.

Варта адзначыць, што падчас правядзення маніторынгу судовага працэсу па абвінавачванні Дзмітрыя Паліенкі па ч. 3 арт. 339 КК (асабліва злоснае хуліганства) прадстаўнікі ПЦ “Вясна” прыйшлі да высновы аб адсутнасці якіх-небудзь дакладных доказаў вінаватасці Паліенкі ў здзяйсненні інкрымінуемых яму дзеянняў. Прымяненне ім у дачыненні да пацярпелага газавага балончыка насіла характар ​​самаабароны ад супрацьпраўных і гвалтоўных дзеянняў самога пацярпелага і не можа быць кваліфікавана як крымінальнае злачынства. Пры такіх абставінах суд павінен быў вынесці ў дачыненні да Д. Паліенкі апраўдальны прысуд і трактаваць усе сумневы ў яго вінаватасці на карысць абвінавачанага.

Цягам месяца працягваў знаходзіцца ў месцах пазбаўленні палітвязень Міхаіл Жамчужны. 25 лютага стала вядома, што ён быў пераведзены ў СІЗА г. Віцебска.

Дыскрымінацыя

3 лютага 2020 года старшыня ПЦ “Вясна” Алесь Бяляцкі паўторна звярнуўся ў Генеральную пракуратуру пасля атрымання інфармацыі, названай у афіцыйным адказе Рэспублікі Беларусь у межах камунікацыі з шэрагам тэматычных дакладчыкаў ААН.

З афіцыйнага адказу ўрада ў органы ААН вынікала, што было здзейснена затрыманне не менш за 132 асобы народнасці рома, а ў дачыненні да 52 быў распачаты адміністрацыйны працэс. Пры гэтым у адказе ўрада нічога не гаварылася аб выніках гэтых справаў: колькі асобаў былі прыцягнуты да ўстаноўленай законам адміністрацыйнай адказнасці і за ўчыненне якіх правапарушэнняў.

Праваабаронца лічыць, што ў дзеяннях службовых асобаў, якія аддавалі загад на правядзенне такога роду рэйдаў і затрыманняў, угледжваецца склад службовага злачынства, таксама як і ў дзеяннях прадстаўнікоў МУС, якія незаконна ўжывалі фізічную сілу ў дачыненні да грамадзян.

У адказе за подпісам начальніка аддзела па наглядзе за выкананнем правоў і свабод грамадзян Марыны Паповай паведамляецца, што дзеянні міліцыянтаў пры затрыманні ромаў не былі матываваныя расавай прадузятасцю. Была праведзеная новая праверка, па выніках якой былі выяўленыя асобныя працэсуальныя правапарушэння, якія здзейснілі супрацоўнікі органаў унутраных справаў пры вядзенні адміністрацыйнага працэсу ў дачыненні да затрыманых ромаў. У выніку шэраг службовых асобаў былі прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці. Пры гэтым самі справы аб адміністрацыйных правапарушэннях, якія былі масава заведзены на 52 чалавек, былі гэтак жа масава спыненыя тым жа органам, што і пачаў адміністрацыйны працэс.

На думку праваабаронцаў “Вясны”, сам факт узбуджэння вялікай колькасці справаў і спынення іх тым жа органам да суда яскрава паказвае, што ў ноч з 16 на 17 траўня ў Беларусі мелі месца менавіта адвольныя затрыманні па прыкмеце нацыянальнай прыналежнасці.

Пераслед праваабаронцаў

25 лютага сябар Праваабарончага цэнтра “Вясна” і юрыст прафсаюза РЭП Аляксандр Вайцешык быў затрыманы міліцыяй Нясвіжскага РАУС за спробу прайсці на сход у якасці даверанай асобы былога работніка агракамбіната “Сноў”, пенсіянера Вячаслава Сырыцы: на гэтым сходзе вырашалі пытанне пазбаўлення Сырыцы звання ганаровага работніка агракамбіната і выключэнне з агракамбіната.

Паколькі Сырыца з'яўляецца сябрам незалежнага прафсаюзу, ён хацеў правесці на гэты сход свайго прадстаўніка — юрыста прафсаюза РЭП Аляксандра Вайцешыка.

Аляксандр Вайцешык абсалютна карэктна даказваў, што мае права прысутнічаць на сходзе і паказваў даверанасць. Але і дружыннікі, і міліцыя сцяной сталі ў дзвярах залы. Праваабаронцу затрымалі і адвезлі ў Нясвіжскі РАУС, але там ІЧУ быў на рамонце. Тады міліцыянты хацелі адвесці Вайцешыка ў Слуцкі ІЧУ — за 80 кіламетраў. Але ў гэты момант праваабаронцу стала дрэнна, яму выклікалі хуткую і шпіталізавалі пад канвоем у шэсць чалавек.

26 лютага праваабаронца наведаў Нясвіжскі РАУС па позве, якую яму ўручылі проста ў лякарні. Пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні пакуль не складзены. Амаль тры гадзіны доўжылася апытанне Вайцешыка. Яго праводзіў капітан міліцыі і старшы ўчастковы інспектар М. Хвіцько прама ў фае РАУС.

Парушэнне свабоды мірных сходаў

У лютым у судах працягнуўся разгляд адміністрацыйных справаў удзельнікаў мірных пратэстаў, якія праходзілі ў перыяд выбараў і пасля іх, за захаванне незалежнасці Рэспублікі Беларусь у сувязі з правядзеннем урадамі Беларусі і Расіі мерапрыемстваў па т.зв. “паглыбленай інтэграцыі”. Да гэтага ў студзені быў зафіксаваны рэкордны ўзровень рэпрэсій за апошнія 2,5 гады.

3 лютага суддзя Анатоль Барысёнак прызначыў арышт тэрмінам на 15 сутак лідару руху салідарнасці «Разам» Вячаславу Сіўчыку за ўдзел у акцыі супраць інтэграцыі 8 снежня. 4 лютага той жа суддзя прызначыў палітыку яшчэ адзін арышт тэрмінам на 15 сутак. 20 лютага суддзя Наталля Дзядкова дадала Сіўчыку яшчэ 15 сутак арышту. Усе тры пасяджэнні прайшлі ў адсутнасць палітыка: ён знаходзіцца ва Украіне.

28 студзеня ў Полацку быў арыштаваны на 15 сутак Алесь Круткін: яго пакаралі за ўдзел у мірных акцыях у абарону незалежнасці краіны, якія праходзілі ў Мінску ў снежні 2019 года. Доўгі час да яго не мог трапіць адвакат. А 12 лютага ў судзе Кастрычніцкага раёна Віцебска ён за расклейку ўлётак на адміністрацыйных будынках горада па артыкуле 23.34 КаАП атрымаў яшчэ 15 сутак адміністрацыйнага арышту.

Па гэтай жа справе атрымала 30 базавых велічынь штрафу (810 рублёў) Наталля Спірыдонава. Такой пастановай распачатая незаконная практыка прыцягнення да адказнасці па артыкуле 23.34 КаАП за расклейвання ўлётак, у гэтым выпадку з тэкстам “Калгаснай дыктатуры - баста!”. Раней суды так кваліфікавалі толькі распаўсюд улётак з заклікамі да ўдзелу ў масавым мерапрыемстве і ўказаннем на месца і час мерапрыемства.

13 лютага за такія ж ўлёткі, размешчаныя ў іншых месцах горада, да раней накладзеных пакаранняў суддзя Алена Протас дадала двум актывістам яшчэ па 50 базавых велічынь — 2 700 беларускіх рублёў на дваіх.

26 лютага полацкі актывіст Алесь Круткін павінен быў выйсці на волю пасля 30-сутачнага арышту, але высветлілася, што была завочна разгледжаная яшчэ адна адміністрацыйная справа, і яму прызначылі яшчэ 15 сутак арышту — за налепку ўлёткі.

Праваабаронцы “Вясны” звярнуліся да спецдакладчыкаў ААН па сітуацыі полацкага актывіста, які адбывае 45 сутак арышту запар. Звароты былі накіраваныя адразу тром адмысловым дакладчыкам ААН: па пытанні аб праве на свабоду мірных сходаў і асацыяцый, па пытанні аб заахвочванні і абароне права на свабоду меркаванняў і іх свабоднае выказванне, і па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі.

Акрамя гэтых выпадкаў, у некалькіх гарадах Беларусі ўдзельнікам мірных сходаў супраць “паглыбленай інтэграцыі” былі прызначаныя буйныя штрафы.

Такім чынам, па дадзеных праваабаронцаў, у перыяд з 26 снежня 2019 г. па 25 лютага 2020 года ў Беларусі прайшлі 202 судовыя працэсы над удзельнікамі акцый супраць інтэграцыі за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 132 чалавекі. Агульная сума штрафаў склала 144 993 беларускія рублі (амаль 65 000 долараў), а агульная колькасць атрыманых актывістамі сутак адміністрацыйнага арышту — 375.

Amnesty International заклікала Беларусь спыніць рэпрэсіі супраць мірных дэманстрантаў.

Між тым, Брэсцкі райвыканкам забараніў правядзенне пятнаццаці мітынгаў супраць акумулятарнага завода iPower. Заяўнікі планавалі акцыі штодня ў першай палове сакавіка на стадыёне дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы «Прыбужжа». Паводле звестак праваабаронцы Рамана Кісляка, аказалася, што гэты стадыён выключаны з пераліку месцаў, спецыяльна прадугледжаных для масавых мерапрыемстваў, хоць інфармацыя пра гэтыя месцы на сайце выканкама не абноўлена. Такім чынам, надзвычай цяжка правесці мірны сход, не парушаючы закон “Аб масавых мерапрыемствах”, які крытыкуюць праваабаронцы.

Жорсткае абыходжанне

У пачатку лютага пасля вялікага перапынку адноўлена расследаванне крымінальнай справы па факце гібелі зняволенага ў турме № 8 г. Жодзіна. Жыхар Мінска Алег Багданаў ў 2014 годзе перанёс цяжкую аперацыю на сэрцы, меў інваліднасць 3-й групы і патрэбу ў пастаяннай кваліфікаванай медыцынскай дапамозе, а таксама назіранні кардыёлага. У пачатку 2016 года, знаходзячыся ў турме ў чаканні перагляду прысуду, ён паскардзіўся на пагаршэнне здароўя і адсутнасць лячэння, а 29 студзеня памёр. Яго маці Марыя Багданава лічыць, што сыну ў турме не аказалі належнай медыцынскай дапамогі, што і прывяло ў выніку да смерці. У ходзе расследавання устаноўлены парушэнні парадку аказання зняволенаму медыцынскай дапамогі, аднак следства не звязала гэта з фактам смерці.

У ходзе разгляду крымінальнай справы ў дачыненні да анархістаў, абвінавачаных у спробе падпалу СІЗА, Іван Комар зрабіў заяву аб ужыванні да яго ў перыяд расследавання справы катаванняў і жорсткага абыходжання: яўка з павіннай была напісана абвінавачаным з-за таго, што ў ізалятары яго пасадзілі ў камеру з чалавекам, які нанёс яму 10 удараў па твары, а таксама пагражаў згвалтаваннем. Таксама Комар заявіў, што перад допытам супрацоўнікі ГУБАЗіК МУС пагражалі адправіць яго ў камеру да зняволеных з нізкім статусам (гэта нясе пагрозу самому трапіць у касту адрынутых), патрабавалі даць пэўныя паказанні. Пра гэта зняволены паведаміў у Следчы камітэт, але расследавання гэтых фактаў не адбылося; следчы абмежаваўся праверкай, пры якой сведкі не нясуць адказнасці за дачу загадзя ілжывых паказанняў, не ажыццяўляецца праверка паказанняў на месцы і вочныя стаўкі, ня адхіляюцца ад пасады падазраваныя ў злоўжываннях. Суд вынес прысуд, не зрабіўшы захадаў, каб заява Комара была расследавана.

Па факце збіцця пры затрыманні супрацоўнікамі міліцыі Барыса Змітровіча са Смаргоні пракуратурай Гродзенскай вобласці адмененая сёмая пастанова аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы. Пры жорсткім затрыманні Змітровіч атрымаў хімічны апёк вачэй і іншыя цялесныя пашкоджанні, а затым звярнуўся ў Смаргонскі РАСК з патрабаваннем прыцягнуць да крымінальнай адказнасці вінаватых. Праўда, за мінулыя два гады следчыя так і не змаглі даць верную ацэнку дзеянням міліцыянтаў. Па інфармацыі “Гродзенскай Вясны”, следчымі прынята ўжо сем пастановаў аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, але яны адменены па скаргах Барыса Змітровіча.

Пераслед журналістаў

Не спыняецца ціск уладаў на журналістаў, якія супрацоўнічаюць з неакрэдытаванымі замежнымі СМІ.

Аляксандра Сідарэўскага з Магілёва па ч. 2 арт. 22.9 КаАП («незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ») за супрацоўніцтва з польскім тэлеканалам "Белсат" аштрафавалі на 20 базавых велічыняў (540 рублёў). 1 080 беларускіх рублёў штрафу па ч. 2 арт. 22.9 КаАП прызначыла суддзя Аксана Табола глыбоцкаму журналісту Дзмітрыю Лупачу.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства