У Берасці забаранілі 15 мітынгаў на месцы для правядзення мітынгаў
Праціўнікі акумулятарнага заводу хацелі сабрацца, бо маюць звесткі, што iPower збіраецца аднаўляць працу.
Берасцейскі райвыканкам забараніў правядзеньне 15 мітынгаў супраць акумулятарнага заводу iPower, піша Радыё Свабода са спасылкай на БелаПАН. Заяўнікі планавалі акцыі 1–15 сакавіка на стадыёне дзіцяча-юнацкай спартовай школы «Прыбужжа».
У 2014 годзе гэты стадыён быў вызначаны ўладамі як «пастаяннае месца для правядзення мітынгаў» — рашэнне пра гэта апублікаванае на сайце райвыканкаму.
Як кажа праваабаронца Раман Кісляк, мітынгі праціўнікам акумулятарнага заводу там не дазвалялі і раней: забаранілі 29 акцыяў, «стваралі бачнасць рамонту». Цяпер жа стадыён нібыта проста выключылі са спісу, але калі зрабілі так, то таемна — новага рашэння пра сьпіс дазволеных месцаў не публікавалі ў адкрытых крыніцах, а на сайце выканкаму пакінулі рашэнне 2014 году.
Берасцейцам за ўвесь час процістаяння акумулятарнаму заводу дазволілі толькі адзін мітынг (29 красавіка 2018 году сабраліся каля дзвюх тысяч чалавек), а забаранілі 253 мітынгі, 12 пікетаў і 16 дэманстрацыяў. Берасцейцы, аднак, ужо два гады — ад 25 лютага 2018-га — збіраюцца кожнае нядзелі на цэнтральнай плошчы і «кормяць галубоў» у знак пратэсту супраць заводу.