Праваабаронцу Вайцешыку прынеслі позву ў міліцыю наўпрост у шпіталь
Затрыманаму на выходных праваабаронцу "Вясны" і юрысту Прафсаюза РЭП Аляксандру Вайцешыку прынеслі позву ў міліцыю наўпрост у лякарню. Вайцешыку неабходна прыйсці 26 лютага ў дзевяць гадзін ранку ў Нясвіжскі РАУС верагодна для складання пратаколу адміністрацыйнага правапарушэння.
"Прыйшлі два ўчастковыя да мяне ў палату і перадалі позву. Я нават зрабіў ім заўвагу, што яны без халатаў і бахілаў".
Нагадаем, што інцыдэнт з затрыманнем Аляксандра Вайцешыка адбыўся на выходных у Нясвіжы, калі той прыйшоў на сход агракамбіната “Сноў” у якасці даверанай асобы былога работніка агракамбіната пенсіянера Вячаслава Сырыцы. Праваабаронца планаваў прадстаўляць інтарэсы Сырыцы, бо на гэтым сходзе вырашалі пытанне выключэння яго з агракамбіната і пазбаўлення звання ганаровага работніка. Аднак дружынікі і міліцыя не захацелі прапусціць Вайцешыка ў залу, хоць той і меў пры сабе даверанасць. Канфлікт скончыўся затрыманнем праваабаронцы.
Аляксандра Вайцешыка павезлі ў Нясвіжскі РАУС, але аказалася, што ізалятар часовага ўтрымання там на рамонце. Тады міліцыянты хацелі адвесці затрыманага ў Слуцкі ІЧУ – за 80 кіламетраў. Але ў гэты момант праваабаронцу стала кепска, яму выклікалі хуткую і шпіталізавалі пад канвоем у шэсць чалавек. Са шпіталя Вайцешыка выпісалі 25 лютага.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96