Магілёўскага актывіста пакаралі штрафам за акцыі двухмесяцовай даўніны
Суд Ленінскага раёна Магілёва 20 лютага аштрафаваў мясцовага актывіста Станіслава Паўлінковіча за ўдзел у акцыях супраць інтэграцыі з Расіяй 20 і 21 снежня 2019 году. Суддзя Вікторыя Палякова прысудзіла яму згодна з ч. 1 арт. 23.34 КаАП 30 базавых велічыняў штрафу (810 рублёў). Пра гэта паведамляе mspring.online.
Падчас судовага працэсу актывіст не адмаўляў, што ён удзельнічаў у акцыях пратэсту, але сваю віну прызнаваць адмовіўся. Ён заявіў, што адміністрацыйная справа ў дачыненні да яго з’яўляецца палітычна матываванай і заклікаў суддзю праявіць грамадзянскую мужнасць і спыніць працэс. На думку актывіста, ён «не парушаў ні адпаведных артыкулаў прамога дзеяння Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, якія маюць вышэйшую юрыдычную сілу, ні адпаведных міжнародных дамоваў».
"Як бачна з пратаколаў аб адміністрацыйным правапарушэнні, мне не прад’яўленыя абвінавачванні, што я, нібыта сваім удзелам у мірных мітынгах, ці якімі-небудзь іншымі сваімі дзеяннямі, парушыў грамадскі парадак або якія-небудзь правы і свабоды іншых асоб, або паквапіўся на іх рэпутацыю, або пагражаў нацыянальнай бяспецы, здароўю і маралі насельніцтва", – паведаміў суддзі Паўлінковіч.
Пасля яго выступу суддзя задавала шэраг пытанняў аб мітынгах: як ён на іх трапіў, ці ведаў ён, што мерапрыемства несанкцыянаванае і якія менавіта дзеянні здзяйсняў сам Паўлінковіч. Актывіст адказаў, што ніякіх радыкальных дзеянняў ён не рабіў. Тады Палякова пацікавілася, што ж Стас менавіта рабіў на акцыях пратэсту, што выклікала ў яго смех:
"Крычаў "Жыве Беларусь", "Не саюзу з імперскай Расіяй", махаў сцягам бел-чырвона-белым".
Як раней пісаў mspring.online, Паўлінковіча ўжо штрафавалі за ўдзел у пратэстных мітынгах 7 і 8 снежня. Але даведаўся пра гэта актывіст толькі тады, калі на яго ўжо быў заведзены новы адміністрацыйны працэс. Суд Савецкага раёна г. Магілёва 26 снежня завочна прысудзіў яму 637 рублёў штрафу. Усяго за ўдзел у чатырох акцыях пратэсту Станіслаў Паўлінковіч цяпер павінен дзяржаве 1447 рублёў.