viasna on patreon

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Студзень 2020

2020 2020-02-03T14:13:07+0300 2020-02-03T15:42:27+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vokladka_studz_2020.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Высновы:

  • на працягу месяца ў месцах пазбаўлення волі працягваў знаходзіцца палітвязень Міхаіл Жамчужны, які, па дадзеных ПЦ “Вясна”, у чарговы раз быў накіраваны адміністрацыяй ВУ ў ПКТ;
  • у студзені працягваліся судовыя працэсы над удзельнікамі снежаньскіх акцый пратэсту супраць т.зв. «паглыбленай інтэграцыі». Усяго, па дадзеных ПЦ “Вясна”, на працягу студзеня да адміністрацыйнай адказнасці па арт. 23.34 КаАП былі прыцягнутыя 92 чалавекі. З іх 87 чалавек былі аштрафаваныя, у дачыненні да 5 былі вынесеныя адміністрацыйныя арышты. Асаблівую занепакоенасць праваабарончай супольнасці выклікала асуджэнне да 120 сутак арышту вядомага блогера з г. Оршы Дзмітрыя Казлова;
  • 10 студзеня 2020 г. Магілёўскім абласным судом былі вынесеныя першыя ў гэтым годзе смяротныя прысуды ў дачыненні да братоў Іллі і Станіслава Косцевых. 31 студзеня судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь не задаволіла апеляцыйную скаргу прысуджанага да смяротнага пакарання Віктара Сергеля. Такім чынам, прысуд уступіў у законную сілу;
  • у цэлым, сітуацыя з правамі чалавека на працягу месяца заставалася нездавальняючай. Назіраўся працяг пагаршэння сітуацыі ў параўнанні з папярэднім перыядам, што ў першую чаргу выявілася ў росце колькасці выпадкаў прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці ўдзельнікаў мірных сходаў.

Палітычныя зняволеныя і палітычна матываваны пераслед

У месцах пазбаўлення волі працягваў знаходзіцца прызнаны беларускай праваабарончай супольнасцю палітвязнем Міхаіл Жамчужны.

Як стала вядома праваабаронцам “Вясны”, пасля адбыцця трох месяцаў у памяшканні камернага тыпу Міхаіл Жамчужны быў неаднаразова змешчаны ў ШІЗА, а з 20 студзеня 2020 г. зняволены зноў накіраваны ў ПКТ.

Так, 23 снежня 2019 года за адмову выпраўляцца ў атрад Міхаіл Жамчужны быў пакараны 7 суткамі штрафнога ізалятара, адразу па выхадзе яму было прызначана яшчэ 10 сутак ШІЗА. З 10 студзеня 2020 г. палітвязень зноў адбываў 10 сутак у ШІЗА. Пасля гэтага Міхаілу Жамчужнаму на той жа падставе прызначылі спагнанне — тры месяцы ПКТ. Там асуджаны будзе знаходзіцца прыблізна да 20 красавіка 2020 г.

Вычарпаўшы ўсе сродкі прававой абароны на нацыянальным узроўні, чатыры фігуранты г.зв. «справы Белага Легіёну» звярнуліся ў Камітэт па правах чалавека ААН. Раней Данілаў, Дундукоў, Мароз і Стрыбульскі спрабавалі праз суд дамагчыся рэабілітацыі і кампенсацыі маральнай шкоды. Але нечакана, нават насуперак беларускай судовай практыцы, у гэтым ім было адмоўлена.

Нагадаем, што на фоне «маршу недармаедаў» у 2017 годзе дзяржава разгарнула рэпрэсіўныя практыкі. Самая жорсткая з іх — рэзанансная справа «Белага Легіёну», якую спачатку вёў КДБ, а затым Следчы камітэт. У рамках гэтай справы Данілаў, Дундукоў, Мароз і Стрыбульскі, сярод многіх іншых, абвінавачваліся ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў і стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання. Паўтара дзясятка абвінавачаных, у тым ліку гэтыя чацвёра, правялі пад вартай у СІЗА каля ста дзён кожны. У выніку, віна іх не была даказаная, справу спынілі праз адсутнасць складу злачынства.

Заяўнікі просяць Камітэт прызнаць парушэнне сваіх правоў і абавязаць дзяржаву публічна папрасіць прабачэння, а таксама выплаціць кампенсацыю маральнай шкоды і маёмасныя страты, якія не былі прадастаўлены на нацыянальным узроўні. Акрамя таго, Данілаў, Дундукоў, Мароз і Стрыбульскі просяць абавязаць дзяржаву не дапусціць падобных парушэнняў у будучыні.

Смяротнае пакаранне

10 студзеня 2020 г. на выязным пасяджэнні Магілёўскага абласнога суда ў Чэрыкаве, суддзя Міхаіл Мельнікаў вынес смяротныя прысуды ў дачыненні да двух братоў — Іллі і Станіслава Косцевых. Прысуду папярэднічала шырока растыражаванае выказванне прэзідэнта А. Лукашэнкі ў адным з інтэрв’ю пра неабходнасць прызначэнні смяротнага пакарання па гэтай справе.

31 студзеня 2020 г. судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага Суда разгледзела апеляцыйную скаргу Віктара Сергеля і Наталлі Колб. Раней Брэсцкі абласны суд (суд першай інстанцыі) прызначыў Віктару Сергелю смяротнае пакаранне. Судовая калегія Вярхоўнага Суда не задаволіла скаргу В. Сергеля і пакінула ранейшы прысуд без зменаў. Такім чынам, вынесены смяротны прысуд уступіў у законную сілу. Сергель стаў другім асуджаным, які чакае смяротнага пакарання ў спецыяльным калідоры СІЗА-1 г. Мінска.

Еўрапейскі саюз і Савет Еўропы ў чарговы раз заклікалі Беларусь увесці мараторый на смяротнае пакаранне як першы крок да яго поўнай адмены. Пра гэта гаворыцца ў заяве Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў, зробленай пасля вынясення ў Беларусі двух новых смяротных прысудаў.

Тым часам стала вядома, што Камітэт па правах чалавека ААН разгледзеў справу №2655 / 2015 “Сяргей і Аляксей Івановы супраць Беларусі” і прызнаў парушэнне права расстралянага Сяргея Іванова на жыццё, парушэнне прэзумпцыі яго невінаватасці, права на абарону, права на справядлівае судовае разбіральніцтва. Беларусь абавязалі зрабіць захады, неабходныя для папярэджання аналагічных парушэнняў у будучыні. Ураду Беларусі неабходна перагледзець заканадаўства аб смяротным пакаранні, якое было ўжыта ў гэтай справе.

30 студзеня з’явілася паведамленне аб стварэнні працоўнай групы па вывучэнні пытання аб адмене смяротнай кары ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Групу ўзначаліў старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Генадзь Давыдзька, вядомы сваімі выказваннямі на карысць не толькі захавання, але і пашырэння сферы ўжывання смяротнага пакарання.

Парушэнне свабоды мірных сходаў

8 студзеня ў Мінску аднавіліся суды над удзельнікамі акцый у падтрымку незалежнасці, якія адбыліся 7, 8, 20 і 21 снежня мінулага года. Судовыя пастановы, як і ў снежні, ішлі адна за адной: актывістам прызначаныя буйныя грашовыя штрафы, а некаторым з іх адміністрацыйны арышт.

Усяго за студзень па артыкуле 23.34 КаАП было вынесена 109 пастаноў са спагнаннем штрафу з 87 чалавек і 9 пастановаў з прызначэннем адміністрацыйнага арышту 5 актывістам. Сума штрафаў за месяц склала 3 334 базавых велічынь — 90 018 беларускіх рублёў. 150 сутак сумарна актывісты правядуць пад арыштам.

Паўлу Севярынцу, Дзмітрыю Казлову з Оршы і Сяргею Ціханоўскаму з Гомеля арышты прызначаныя неаднаразова. Аршанскі блогер Дзмітрый Казлоў за ўдзел у мірных сходах за два месяцы атрымаў па некалькіх пастановах 120 сутак адміністрацыйнага арышту, з якіх ужо адбыў 25.

У Віцебску разгледжаныя адміністрацыйныя справы за пікет 29 снежня мінулага года, калі 15 жыхароў горада выйшлі на плошчу Перамогі і правялі акцыю ў падтрымку незалежнасці краіны. Актывісты трымалі ў руках расцяжку «Незалежнасць» і плакаты з лозунгамі. Вынік — буйныя штрафы.

Пераследу падвергліся і ўдзельнікі пікету за незалежнасць у Полацку; пакараныя штрафам пінскія актывісты за пікет у цэнтры горада.

Адміністрацыйны пераслед у студзені ў графіках і лічбах (інфаграфіка)

Першы месяц 2020 года адзначыўся тым, што амаль кожны будні дзень у Мінску і іншых гарадах Беларусі праходзілі суды над удзельнікамі акцый у падтрымку незалежнасці. Вынікі гэтых адміністрацыйных працэсаў – вялікія штрафы і арышты на суткі – зрабілі студзень 2020 года самым рэпрэсіўным месяцам за апошнія два з паловай гады.

Праваабаронцы “Вясны” з дапамогай валанцёрскай службы падрыхтавалі і накіравалі Спецдакладчыку па пытанні аб праве на свабоду мірных сходаў і асацыяцый, Спецдакладчыку па пытанні аб заахвочванні і абароне права на свабоду меркаванняў і іх свабоднае выказванне і Спецдакладчыку па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі паведамленні па факце затрымання і шматразовых арыштаў блогераў Сяргея Ціханоўскага і Дзмітрыя Казлова.

Між тым, па-ранейшаму цяжка правесці мірны сход у парадку, прадугледжаным законам “Аб масавых мерапрыемствах”, які вылікае крытыку з боку праваабаронцаў. Суд Маскоўскага раёна г. Мінска аштрафаваў Кансерватыўна-хрысціянскую партыю БНФ па арт. 23.34 КаАП (парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства) на 50 базавых велічыняў (1 350 рублёў) за неаплату паслуг міліцыі за ахову акцыі “Дзяды-2019”. Гэта першы выпадак, калі палітычную партыю штрафуюць па абноўленым артыкуле 23.34 КаАП. Падставай для штрафу стала неаплата паслуг міліцыі па ахове грамадскага парадку; прадстаўнікі партыі сцвярджалі, што адпаведнай дамовы з міліцыяй не заключалі, бо ў ёй не было неабходнасці: заяўнікі ўжо некалькі гадоў самі забяспечвалі ахову парадку.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства