Затрыманні перад новай акцыяй супраць інтэграцыі з Расіяй Дапоўнена
Намесніка старшыні Партыі БНФ Вадзіма Саранчукова ў Горадні затрымала міліцыя. Пра гэта паведаміў мясцовы актывіст Сяргей Верамеенка, піша "Белсат".
Імаверна, затрыманне звязанае з сённяшняй акцыяй у абарону незалежнасці, што мусіць адбыцца ў Менску на Кастрычніцкай плошчы. Гарадзенскія актывісты таксама планавалі прыняць удзел у пратэстах.
15 снежня Саранчукоў браў удзел у маніфестацыі ў абарону незалежнасці ў Горадні.
Пазней у Гародні затрыманы таксама грамадскі актывіст Сяргей Верамеенка. Яго павезлі ў РАУС на вуліцы Дубко. Паводле папярэдняй інфармацыі Верамеенку затрымалі за ўдзел у акцыі 15 снежня. Верамеенку затрымалі, калі ён збіраўся разам з жонкай на таксі ехаць на працу. Ля дома стаяў бус, на якім Верамеенку павезлі.
Вадзім Саранчукоў знаходзіцца ў РУУС Кастрычніцкага раёна, Верамеенка - у Ленінскім. На іх складаюць пратаколы - верагодна за ўдзел у "Жывым ланцугу" супраць інтэграцыі.
Як паведамляюць гарадзенскія праваабаронцы "Вясны", міліцыя дзяжурыць коля дома актывіста Народнай грамады Мікалая Саляніка.
Таксама міліцыя дзяжурыла каля дома намесніка старшыні гарадзенскай філіі АГП Ежы Грыгенчы. У выніку яго таксама затрымалі і адвезлі ў РУУС Ленінскага раёна.
Актывіст змог паведаміць праваабаронцам, што прама ў Ленінскім РУУС адбываецца суд над ім.
"На Піцер!" Нядзельная акцыя супраць інтэграцыі з Расіяй ў Гародні
Каля дамоў актывістаў "Еўрапейскай Беларусі" Андрэя Войніча ў Мінску і Андрэя Шарэнды ў Брэсце таксама дзяжураць міліцыянты.
Невядома месца знаходжання аршанскага блогера Зміцера Казлова (Шэры кот). Яго акаунт ва "Вконтакте" ўзламаны, у іншых сацыяльных сетках апошнія два дні ён не з'яўляецца. Вядома, што ўчора ў яго мусіць быць суд у Мінску за парушэнне артыкула 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). Тэлефон Казлова недаступны.
Пазней стала вядома, што блогер Зміцер Казлоў на волі. Ён прыйшоў на акцыю пратэста ўвечары.
Перад пачаткам акцыі стала вядома, што ў Гародні асудзілі затрыманых апазіцыянераў. Ежы Грыгенча атрымаў 15 базавых штрафу (255 рублёў), Вадзіму Саранчукову - 25 базавых (637,5 рублёў) штрафу, Сяргею Верамеенку - 30 базавых (765 рублёў) штрафу. Зараз яны на волі.
Нагадаем, што 18 снежня ў Мінску былі затрыманы палітык Павел Севярынец, лідар "Маладога фронту" Дзяніс Урбановіч, актывісты "Еўрапейскай Беларусі" Яўген Афнагель і Максім Вінярскі. Усе яны былі асуджаны ў той жа дзень за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (артыкул 23.34 КаАП) і атрымалі па 15 сутак арышту. Севярынца ў той жа дзень адпусцілі, астатніх змясцілі ў ЦІП.
У Мінску затрымліваюць актывістаў, якія выходзілі на мітынг супраць інтэграцыі з Расіяй
Інфармацыя будзе дапаўняцца.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96