viasna on patreon

Крэатыў і дзіўныя пагрозы. Другі дзень датэрміновага галасавання Фота Відэа

2019 2019-11-13T16:23:45+0300 2019-11-13T19:34:49+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zagon_garodnia2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Па дадзеных ЦВК, ужо ў першы дзень датэрміновага галасавання на парламенцкіх выбарах бюлетэні атрымалі больш за 322 тысячы выбаршчыкаў (4,69%). І гэта болей, чым было ў першы дзень выбараў у Палату прадстаўнікоў 2016 года.

Сапраўды, працэнт даволі высокі. І за яго Цэнтрвыбаркам, у першую чаргу, мусіць падзякаваць адміністрацыі вузаў, каледжаў, кіраўнікоў інтэрнатаў і канешне вельмі "адказных" куратараў і старастаў студэнцкіх груп. Бо менавіта яны прыкладаюць вялізныя намаганні, каб студэнты прыйшлі галасаваць датэрмінова. 

Датэрміновае галасаванне стартуе з "загонаў". Дадавайце свае гісторыі

Напярэдадні і ў першы дзень датэрміновага галасавання ў сеціве пачалі з'яўляцца паведамленні ад студэнтаў розных навучальных устаноў краіны, у якіх яны кажуць пра тое, што іх прымушаюць ісці на ўчасткі і галасаваць датэрмінова.

Вашай увазе - падборка паведамленняў пра студэнцкія "загоны" і непасрэдна выпадкаў прымусу да галасавання за 13 лістапада (другі дзень датэрміновага галасавання).

Жыхароў інтэрната №10 Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта пужаюць візітам рэктара да тых, хто не прагаласуе датэрмінова (інфармацыя з каналу "Выбары. Беларусь")

У Бабруйскім дзяржаўным тэхналагічным каледжу заганяюць на ўчасткі вельмі ветліва.  

Але ж у БДУФК некаторыя абяцаюць "праблемы". Пры гэтым па заканадаўстве як раз такі праблемы мусяць быць у тых, хто заганяе - за гэта прадугледжана крымінальная адказнасць па двух артыкулах КК РБ (185 (Прымус) і 191 (Перашкода ажыццяўленню грамадзянінам права свабодна абіраць)).

Вельмі эмацыйны куратар (ці стараста) з Палескага ўніверсітэту тлумачыць студэнтам, што калі тыя не пайдуць на ўчасткі, усім будзе не вельмі добра.

У Віцебскім медыцынскім універсітэце тым часам сапраўднае спаборніцтва паміж паверхамі інтэрнату. Чацвёрты паверх - у аўтсайдэрах, а вось восьмы, дзявяты и дзясяты - малайцы!

Ва ўніверсітэце транспарта ў Гомелі хвалююцца, што ў ансоўны дзень усе студэнты не паспеюць прагаласаваць і абяцаюць "плюшкі".

А вось у БДУІРы іншы падыход. Замест праблемаў (то бок пугі) абяцаюць пернікі. 

Незалежны назіральнік перадае з участку №12 Гарадзенскай-Цэнтральнай выбарчай акругі (участак знаходзіцца ў інтэрнаце Гарадзенскага дзяржаўнага медыцынскага каледжу):

"Студэнты ідуць галасаваць, апранутыя не па-восеньску, а ў трыко і іншай вопратцы, у якой людзі звычайна адпачываюць у хаце, і ў хатніх шлёпках. На пытанні назіральнікаў студэнты паведамілі, што ім загадаў прагаласаваць датэрмінова іх куратар групы. Таму яны павыходзілі з інтэрнатных пакояў і накіраваліся на ўчастак. Куратар сказаў ім, што калі хтосьці не прагаласуе датэрмінова, то ў таго будуць знятыя балы, ці што яшчэ страшней, пасля вучобы таго адправяць у… Астравец(!!!). Або такіх студэнтаў перавядуць у групы, дзе вучацца туркмены(!!!)". 

zagon_garodnia2.jpg
Галасаванне студэнтаў на ўчастку №12 у Гародні

Падобны выпадак распавялі і студэнты Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Янкі Купалы. Куратарка групы інфармацыі і камунікацыі вельмі настойліва прапаноўвала студэнтам прагаласаваць датэрмінова. Яна ў сваёй рыторыцы націскала на свядомасць, ужывала фразы кшталту “вы ўжо не маленькія і самыя ўсё разумееце”, і нават выказвала “апасенні”, што ў асноўны дзень галасавання можна будзе не паспець гэтага зрабіць па незразумелых прычынах.

У Магілёве на ўчастке№42 (Магілёўская-Цэнтральная акруга N85) галасавала група студэнтаў МДУ імя Куляшова. 99% выбаршчыкаў, што галасуюць датэрмінова - студэнты гэтага вуза і навучэнцы медыцынскага каледжу, яны ідуць і вялікімі, і малымі групамі.

"Радыё Свабода" даслалі відэазапіс, зроблены на сходзе студэнтаў аднаго з факультэтаў Інстытуту сацыяльна-гуманітарнай адукацыі БДЭУ. Куратарка адной з груп першага курсу Аксана Аніскевіч гаворыць студэнтам пра важнасьць удзелу ў выбарах. 

«Слухайце ўважліва, гэта сур’ёзнае пытаньне, — кажа Аніскевіч. — Пачалося датэрміновае галасаваньне. 250-я аўдыторыя, 3-і корпус. Вы бераце пашпарты, паўналетнія, і ідзяце туды. З 2 да 4 там перапынак».

У БДМУ папрасілі не проста прагаласаваць датэрмінова, а яшчэ і прыгожа апранцуцца.

Інфармацыя будзе дапаўняцца.


Кампанія “Праваабаронцы за свабодныя выбары” у чарговы раз нагадвае, што выбары – гэта права, а не абавязак, і кожны грамадзянін мусіць самастойна абіраць калі і за каго галасаваць. Калі вы сутыкнуліся з парушэннямі пад час датэрміновага галасавання, калі ласка, тэрмінова паведамляйце назіральнікам: elections2019@spring96.org, Facebook  і Тэлеграм-канал праваабаронцаў.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства