viasna on patreon

“Адсутнасць свабоды мірных сходаў негатыўна ўплывае на дзейнасць арганізацый грамадзянскай супольнасці”

2019 2019-09-30T13:16:55+0300 2019-09-30T15:40:26+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kangres_dasledchykau3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Наталля Сацункевіч на Міжнародным Кангрэсе даследчыкаў Беларусі

Наталля Сацункевіч на Міжнародным Кангрэсе даследчыкаў Беларусі

З 27 па 29 верасня ў Вільні (Літва) праходзіў Восьмы Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі.

Праваабаронца “Вясны” Наталля Сацункевіч прыняла ўдзел у Панэлі “Даследаванне грамадзянскай супольнасці Беларусі: актуальны стан”. Яна прадставіла даклад на тэму: “Свабода мірных сходаў у Беларусі як уплывовы фактар дзейнасці арганізацый грамадзянскай супольнасці”.

Права мірных сходаў важнае само па сабе, бо яно абараняе здольнасць людзей праяўляць аўтаномію, адначасова адчуваючы салідарнасць з іншымі. Разам з іншымі правамі, якія тычацца палітычных свабод, гэта ёсць самая аснова сістэмы кіравання, заснаванай на дэмакратыі, правах чалавека і плюралізме”, - сказала на пачатку свайго выступа Наталля Сацункевіч.

Яна распавяла прысутным пра змены, што адбыліся ў законе “Аб масавых мерапрыемствах”, які рэгулюе арганізацыю і правядзенне мірных сходаў у Беларусі; патрабаванні, якія высоўваюцца да арганізатараў па аплаце паслуг па ахове правапарадку, медыцынскага абслугоўвання і ўборцы тэрыторыі; наступствы, якія закранулі ўдзельнікаў мірных сходаў у 2019 годзе.

Так, за бягучы год у Беларусі адбылося не менш за 66 мірных сходаў у васьмі розных гарадах. Асноўным адміністрацыйным спагнаннем за парушэнне правілаў арганізацыі ці ўдзелу ў мерапрыемстве з’яўляецца штраф, памер якога вар’іраваўся ад адной да 80 базавых велічынь, арышт прызначаўся судом чатыры разы агульнай колькасцю ў 53 сутак.

Вызначаныя заканадаўцамі месцы для правядзення масавых мерапрыемстваў не ўяўляюць сабой прывабных пляцовак для выказвання сваіх меркаванняў з-за аддаленасці размяшчэння: гэта скверы, паркі і непапулярныя стадыёны на ўскрайках гарадоў. А завышаныя кошты за паслугі міліцыі не заўсёды пад’ёмныя для арганізатараў мерапрыемстваў.  

“З улікам вышэйпададзенага відавочна пагаршэнне сітуацыі са свабодай сходаў у Беларусі пасля ўступлення ў сілу апошніх змянаў у закон "Аб масавых мерапрыемствах" і існуе тэрміновая неабходнасць зменаў, як закона, так і практыкі яго ўжывання.

Адсутнасць свабоды мірных сходаў адназначна негатыўна ўплывае на развіцце і дзейнасць арганізацый грамадзянскай супольнасьці і запавольвае дэмакртычныя працэсы ў Беларусі”, - падкрэсліла ў сваім выступе Наталля Сацункевіч.

Пяць пунктаў пра тое, чаму змены ў закон аб масавых мерапрыемствах нічога не мяняюць

Чаму прапанаваныя змены ў закон “Аб масавых мерапрыемствах” на практыцы мала чаго зменяць для грамадзянскай супольнасці, тлумачыць юрыст Праваабрончага цэнтра “Вясна” Валянцін Стэфановіч.

Акрамя прадстаўніцы ПЦ “Вясна” удзел у панэлі бралі: Святлана Кулеш з Цэнтра даследавання грамадскага кіравання "СІМПА", якая прадставіла дакладГрамадзянская супольнасць у Беларусі: давер і ўдзел насельніцтва, асаблівасці ўзаемадзеяння з дзяржавай (вынікі сацыялагічнага даследавання)”; дырэктарка Цэнтра прававой трансфармацыі (Lawtrend) Вольга Смалянка распавяла пра “Прававыя аспекты дзейнасці некамерцыйных арганізацый па прыцягненні фінансавання (фандрайзінга) з выкарыстаннем электронных сродкаў у Беларусі”; намеснік старшыні БАЖ Алег Агееў выступіў з дакладам “Мадэрнізацыя медыйнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь”; старшыня ГА “Прававая ініцыятыва” Вікторыя Фёдарава прадставіла вынікі даследавання “Абсалютная забарона катаванняў у кантэксце вымярэння ўзроўню талерантнасці беларусаў да дзяржаўнага гвалту”; юрысконсульт Асамблеі НДА Юрый Чавусаў распавёў пра “Змены прававога становішча некамерцыйных арганізацыяў і свабоды асацыяцыяў у Беларусі”.

kangres_dasledchykau4.jpg
Праца Панэлі “Даследаванне грамадзянскай супольнасці Беларусі: актуальны стан”. Фота са старонкі ў Facebook Асамблеі НДА

Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі заснаваны прадстаўнікамі беларускай і літоўскай грамадскасці як штогадовае публічнае мерапрыемства, арыентаванае як на інтэлектуальную супольнасць, так і шырокія грамадскія колы Беларусі і іншых краін: экспертаў, журналістаў, грамадскіх дзеячоў, студэнтаў і г. д.

Кангрэс з’яўляецца месцам прэзентацыі вынікаў даследаванняў, а таксама вынікаў працы навукоўцаў і экспертаў на працягу года. Акрамя гэтага Кангрэс дзейнічае для абмеркавання перспектыўных даследчых і грамадскіх праектаў, абмену меркаваннямі і ідэямі, усталявання нефармальных кантактаў.

Праца Кангрэса спалучае традыцыйныя пасяджэнні спецыялістаў (у адмысловых секцыях) з супольнымі экспертнымі панэлямі і дыскусіямі па актуальным тэмам беларускай палітыкі, культуры, грамадства, рэгіянальнага і міжнароднага супрацоўніцтва.


 Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства