viasna on patreon

На нарадзе АБСЕ праваабаронцы распавялі пра сітуацыю ў Беларусі перад парламенцкімі выбарамі

2019 2019-09-27T12:09:52+0300 2019-09-30T15:38:56+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/narada_abse1jpg.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Дыскусія “Грамадзянская супольнасць і правы чалавека ў Беларусі напярэдадні парламенцкіх выбараў”. Фота Сяржука Семянюка

Дыскусія “Грамадзянская супольнасць і правы чалавека ў Беларусі напярэдадні парламенцкіх выбараў”. Фота Сяржука Семянюка

У межах Нарады па выкананні абавязальніцтваў у галіне чалавечага вымярэння БДІПЧ АБСЕ адбылася дыскусія “Грамадзянская супольнасць і правы чалавека ў Беларусі напярэдадні парламенцкіх выбараў”.  

Яе арганізатарамі выступілі Асамблея НДА Беларусі, Праваабарончы цэнтр “Вясна”, Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend і Камітэт “Салідарнасць”. Падчас мерапрыемства беларускія праваабаронцы распавялі пра сітуацыю ў краіне ў галіне мірных сходаў, свабоды асацыяцый і пра ход парламенцкай выбарчай кампаніі.

Юрыст Асамблеі НДА Юрый Чавусаў распавёў пра агульны кантэкст, у якім зараз праходзіць выбарчая кампанія ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Ён нагадаў, што шматлікія рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ і беларускіх праваабаронцаў па ўнясенні зменаў у Выбарчы кодэкс не былі прынятыя да ўвагі.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” на сайд-івэнце прадстаўляла Наталля Сацункевіч, якая з’яўляецца доўгатэрміновай назіральніцай кампаніі “Праваабронцы за свабодныя выбары”. Наталля распавяла пра вынікі першых двух этапаў выбарчай кампаніі: пра фарміраванне акруговых і тэрытарыяльных выбарчых камісій і пра рэгістрацыю ініцыятыўных груп. Асобную ўвагу праваабаронца надала таму, як зараз праходзяць пікеты па зборы подпісаў за вылучэнне ў кандыдаты. А таксама таму,  як камісіі выкарыстоўваюць выбарчы падыход пры вынясенні папярэджанняў ініцыятыўным групам. 

Дыскусія “Грамадзянская супольнасць і правы чалавека ў Беларусі напярэдадні парламенцкіх выбараў”. Фота Сяржука Семянюка
Дыскусія “Грамадзянская супольнасць і правы чалавека ў Беларусі напярэдадні парламенцкіх выбараў”. Фота Сяржука Семянюка

Яшчэ адной тэмай, якая прагучала на сайд-івэнце, сталі змены ў беларускае заканадаўства пра масавыя мерапрыемствы. Наталля Сацункевіч адначыла, што па меркаванні праваабаронцаў, гэтыя змены ніяк не паспрыялі паляпшэнню сітуацыі з мірнымі сходамі. Акрамя таго, праваабронца распавяла пра антыэкстрэмісцкае заканадаўства, якое таксама зведала змены ў гэтым годзе, і прэзентавала даклад “Супрацьдзеянне экстрэмізму і правы чалавека”.

Дырэктарка “Цэнтру прававой трансфармацыі” Вольга Смалянка зрабіла агляд сітуацыі са свабодай асацыяцый у Беларусі, у прыватнасці пра змены заканадаўства, датычныя дзейнасці некамерцыйных арганізацый.

Напрыканцы дыскусіі Юрый Чавусаў распавёў пра падрыхтоўку Універсальнага перыядычнага агляду, які будзе прадстаўлены ў траўні наступнага года ў Савеце па правах чалавека ААН.

Таксама, як адзначае Наталля Сацункевіч, беларускія праваабаронцы асобны сустрэліся са  спецдакладчыцай ААН па Беларусі Анаіс Марын.

“У нас атрымалася сустрэцца асобна з Анаіс Марын  і яе асістэнткай. Мы каля дзвюх гадзін абмяркоўвалі беларускія кейсы ў галіне правоў чалавека. Яна задавала пытанні, мы адказвалі. У тым ліку мы данеслі інфармацыю пра супольную пазіцыю праваабаронцаў адносна крымінайльнай справы Дзмітрыя Паліенкі, распавялі пра адкладзены суд над ім”.

Вольга Смалянка (Lawtrend), Наталля Сацункевіч (ПЦ
Вольга Смалянка (Lawtrend), Наталля Сацункевіч (ПЦ "Вясна") і спецдакладчыца па Беларусі Анаіс Марын. Фота Вольгі Саламатавай

У Варшаве з 16 па 27 верасня БДІПЧ АБСЕ праводзіць Нараду па выкананні абавязальніцтваў у галіне чалавечага вымярэння. Гэта найбуйнейшая агульнаеўрапейская штогадовая канферэнцыя па правах чалавека.


 Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства