viasna on patreon

Бітва за ўраджай-2019: Як студэнтаў прымушаюць працаваць у калгасах

2019 2019-09-24T09:23:55+0300 2019-09-24T12:08:31+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/prymusovaja-praca-4.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыйнае фота: mspring.online

Ілюстрацыйнае фота: mspring.online

Практыка добраахвотна-прымусовай працы на палях, пра якую даўно забылі суседнія краіны, у Беларусі датычыцца не толькі бульбы і буракоў. 

Прынамсі, як піша belsat.eu, паўтары сотні студэнтаў Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Машэрава на 6 аўтобусах ад’ехалі ад галоўнага корпусу. Студэнты будуць збіраць яблыкі ў Талачынскім раёне для мясцовага кансервавага заводу.

«Сказалі аб правілах бяспекі, мы распісаліся, запоўнілі дакументы і ўсё, чакаем адпраўкі».

«Самае галоўнае, паводзіцца адэкватна, выконваць мінімальную тэхніку бяспекі, і ўсё будзе цудоўна».

«Шкарпэткі, вопратка, як найбольш цёплая, куртка, гумовыя боты, шапку, пальчаткі, ежы пабольш», – кажуць студэнты.

Гэта другая змена, якая адправілася на яблыкі. У тых, хто ўжо адпрацаваў некалькі тыдняў, аптымізму меней. Студэнтка, якая вярнулася з сельгаспрацаў, выключна на ўмовах ананімнасці распавядае, што працаваць даводзілася нават у дождж, а харчаванне было кепскае.

«Без выходных мы працавалі. У суботу нам скарацілі час. Звычайна наш працоўны дзень быў да 17:30, пасля мы ехалі ў сталоўку. Нам скарачалі ў суботу да 16:30 працоўны дзень, а ў нядзелю да 14 гадзіны», – кажа ўдзельніца сельгаспрацаў.

Пераважна без энтузіязму выказваецца пра сельгаспрацы і моладзь на вуліцах Віцебску:

«Мы павінныя развіваць калгасы, развіваць сваю краіну, так, гэта нармальна, але часам бывае складана».

«Я б не пайшоў збіраць бульбу».

«Лепш вучыцца, чым збіраць бульбу».

«Гэта мае быць дабравольна, а ў некаторых навучальных установах, я ведаю, проста кажуць: ты навучаешся, ты павінен рабіць гэта».

Навучальны працэс ва ўніверсітэце на час сельгаспрацаў не перарываецца.

«Хацелася вельмі прыйсці на вучобу, улічваючы што былі лекцыі, мы думалі: лепш бы мы сядзелі на вучобе», – кажа студэнтка, што вярнулася з сельгаспрацаў.

Адпраўку студэнтаў на сельгаспрацы навучальныя ўстановы каментаваць адмаўляюцца, перанакіроўваючы ўсе пытанні да БРСМ, які арганізуе працэс. Кіраўнікі ж гарадскога і рэспубліканскага аддзелаў БРСМ, адказныя за студэнцкія атрады – гэтак афіцыйна называюцца сельгаспрацы – цягам дня былі недасяжныя.

Студэнт аднаго з віцебскіх каледжаў зрабіў усё магчымае, каб сёлета на сельгаспрацы не ехаць, бо, паводле яго, летась умовы працы былі кепскія, спецформы працаўнікам не выдалі, праз недахоп ежы за тры тыдні хлопец схуднеў на 4 кілаграмы, а заробак склаў каля 20 рублёў, з якіх яшчэ і вылічылі плату за інтэрнат.

«Мы абураліся толькі міжсобку, калі штосьці не падабалася, то казалі ісці да дырэктара, а да дырэктара ніхто так проста не пойдзе і найхутчэй гэта нічога не дасць», – распавядае навучэнец каледжу.

Віцебскі праваабаронца Леанід Свецік сцвярджае, што прыцягваць студэнтаў падчас вучобы да сельгаспрацаў – незаконна, бо гэта прымусовая праца, але студэнтам ніхто не тлумачыць іхных правоў.

«Дзеючы Кодэкс аб адукацыі наўпрост забараняе выкарыстанне навучэнцаў і студэнтаў на працах або аказанні нейкіх паслугаў. Гэта сапраўды незаконна, але студэнты на гэта пагаджаюцца, бо яны не ведаюць сваіх правоў ці проста баяцца казаць «не» адміністрацыі навучальных установаў», – тлумачыць Леанід Свецік.

Заканадаўства дазваляе прыцягваць на працу студэнтаў і навучэнцаў толькі ў выпадку, калі гэта адпавядае спецыяльнасці, на якой яны вучацца, і прадугледжана навучальным планам.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства