viasna on patreon

Кіраўніцтва магілёўскага каледжа цісне на студэнта, які падаў заяўку на адзіночны пікет

2019 2019-08-16T12:11:22+0300 2019-08-16T16:28:02+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/protestby.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Лагатып кампаніі "Пратэст BY"

Лагатып кампаніі "Пратэст BY"

Актывісты, якія выступаюць супраць нядаўна прынятага закону “Аб адтэрміноўках", працягваюць сутыкацца з ціскам з самых розных бакоў. Як паведамляе “Радыё Свабода”, на днях навучэнец Магілёўскага дзяржаўнага эканамічнага прафэсійна-тэхнічнага каледжа Аляксей Маісееў падаў заяўку ў Магілёўскі гарвыканкам на правядзенне адзіночнага пікета. Яго мэта — праінфармаваць грамадзян пра новы закон, які тычыцца службы ў войску.

«Хочацца неяк процістаяць гэтаму закону, а многія людзі, відаць, баяцца падаваць заяўкі на такія акцыі. Я вырашыў не чакаць, калі з неба зваляцца смелыя людзі», — сказаў Аляксей Маісееў.

Паводле Аляксея, на ініцыятыву адрэагавала адміністрацыя каледжа.

«Мяне выклікалі ў каледж адносна правядзення пікету. Дырэктар таксама спрабаваў даць мне „рэкамендацыі“, што гэтага рабіць не варта, бо на мне будзе нейкае „кляймо“ і навошта падстаўляць каледж. Спрабавалі мне патлумачыць непазбежнасць службы ў войску і што я туды пайду ў любым выпадку, то бок якая розніца тады», — сказаў Аляксей.

Атрымаць каментар у дырэктара каледжу Алега Бахановіча “Радыё Свабода” не ўдалося, ён патлумачыў, што «заняты».

Гэта не першы выпадак ціску, з якім сутыкаюцца актывісты кампаніі “Пратэст BY”, што выступае супраць закона “Аб адтэрміноўках”. Калі раней студэнт з Мінску Валянцін Мялешка таксама падаў заяўку на правядзенне адзіночнага пікета ў дазволеным месцы, ідэолаг Заводскага раёна літаральна ўгаворвала яго адклікаць паведамленне на пікет. У Гародні былі затрыманыя тры хлопцы, якія распаўсюджвалі ўлёткі пра кампанію і пра шкоднасць новага закона. Хлопцаў распытвалі пра дзейнасць кампаніі і адпусцілі без складання пратаколаў. Таксама праваабаронцам вядома пра падобны выпадак, які адбыўся з юнакамі ў Слоніме.

Улёткі, збор подпісаў і пікеты. Што рыхтуюць праціўнікі закона “Аб адтэрміноўках"?

Чыноўнікі фактычна праігнаравалі петыцыю супраць закона “Аб адтэрміноўках", якая сабрала 10 тысяч подпісаў. Аднак абыякавасць чыноўнікаў не спыніла неабыякавых грамадзян. Яны пачалі актыўна каардынавацца праз інтэрнэт і разам планаваць шэраг актыўнасцяў, каб ўсё ж дамагчыся таго, каб іх меркаванне было пачута.

Паводле новага закону адтэрміноўка ад войска для атрымання адукацыі будзе давацца толькі адзін раз. У Мінабароны новаўвядзеньні патлумачылі недахопам прызыўнікоў і адзначылі, што новыя правілы дазволяць кожны год набіраць на 4,5 тысячы салдат больш, чым раней.


 Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства