Урочышча Кабыляцкая гара: Курапаты пад Воршай
Грамадская ініцыятыва "Кабылякі. Расстраляныя ў Оршы" стварыла адмысловы сайт, на якім размешчаная інфармацыя пра месца масавых растрэлаў грамадзян у сталінскія часы і пададзены спісы закатаваных.
“Мы аднаўляем памяць пра палітычныя рэпрэсіі 1930-х гадоў на тэрыторыі Оршы і Аршанскага раёна, разам з аршанскімі актывістамі даглядаем адным з месцаў масавых расстрэлаў у лесе на Кабыляцкай гары, шукаем нашчадкаў рэпрэсаваных, дапамагаем атрымаць архіўныя дакументы на рэпрэсаваных,” – заяўляюць актывісты на новым сайце kobylaki.by.
Даследчыкам сталінскіх рэпрэсій і сваякам загінулых ад рук бальшавіцкіх катаў удалося здабыць шмат дакументаў, фатаграфій і новых сведчанняў пра крывавыя 30-я.
З дапамогаю партнёраў – «Адкрытага спісу» ўдалося расшукаць спіс з імёнамі 1740 чалавек расстраляных у Оршы. Па меры атрымання інфармацыі яна будзе толькі павялічвацца. Былі прааналізаваныя персанальныя дадзеныя расстраляных, вядомыя на сённяшні дзень: 1129 беларусаў, 503 палякаў, 38 яўрэяў, 15 латышоў, 12 літоўцаў, былі таксама ўкраінцы, рускія, немцы і нават грэк.
Урочышча Кабыляцкая гара пад Оршай – гэта афіцыйна прызнанае месца расстрэлу мірных жыхароў, другое пасля мінскіх Курапатаў. Яшчэ напачатку 1990-х гадоў падчас будаўніцтва чыгункі тут былі знойдзеныя чалавечыя парэшткі, і экспертыза прызнала, што ў гэтых мясцінах праводзіліся масавыя расстрэлы. У памяць пра гэтую трагедыю 30 гадоў таму тут быў усталяваны помнік — камень з мемарыяльнай шыльдай. Шыльду некалькі разоў кралі невядомыя вандалы. Улады аднаўленнем не займаліся, і афіцыйны помнік спакваля таксама ператварыўся ў самаробны мемарыял: пра трагічныя падзеі тут нагадвае камень-валун, два даўляныя крыжы — каталіцкі і праваслаўны, і некалькі мемарыльных шыльдаў, усталяваных з чыёйсьці прыватнай ініцыятывы. На шыльдах – імёны расстраляных, бо дакладна невядома, дзе ў гэтым лесе чыя магіла: урочышча Кабыляцкая гара — гэта суцэльнае масавае пахаваньне ахвяраў сталінізму.
На сайце папаўняецца спіс рэпрэсаваных, паведамляюцца звесткі пра бязвінна загінулых, збіраюцца артыкулы розных выданняў па тэме, а таксама фатаграфіі і дакументы.
Дарэчы, па выніках 2018 года ініцыятыва "Кабылякі. Расстраляныя ў Оршы" двойчы трапіла ў спісы лепшых рэгіянальных ініцыятываў Асамблеі няўрадавых арганізацый і Офіса еўрапейскай экспертызы і камунікацый.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96