Палітвязень Міхаіл Жамчужны: Крывавяць дзясны, выпадаюць здаровыя зубы
Пасля таго як палітвязень Міхаіл Жамчужны 70 сутак правёў у ШІЗА, адміністрацыя папраўчай калоніі №9, дзе ён адбывае пакаранне, перавяла яго на адзін месяц у памяшканне камернага тыпу (ПКТ).
“Я часу ў ШІЗА дарма не губляў, бо ня трэба было змагацца з холадам. Завяршыў працу над манаграфіяй па тэме імпульснай плазмы і ў галіне новых мэтадаў палёту апаратаў цяжэйшых за паветра з гнуткім крылом. Гэта новыя і прарыўныя дасягненні высокага ўзроўню”, – паведамляе ў лісце віцебскім праваабаронцам Жамчужны.
Як паведамляе “Віцебская Вясна”, за час знаходжання ў ізалятары Жамчужны страціў усякую сувязь са знешнім светам.
“Знаходзячыся ў ізаляцыі больш за два месяцы, я не атрымаў ніводнага ліста ці газеты, перажыў поўны інфармацыйны вакуум”, – піша пра свае нягоды палітвязень.
Цяпер спадзяецца, што за месяц у ПКТ папоўніць страчанае і вернецца ў інфармацыйнае поле.
У сваім лісце Міхаіл Жамчужны паведамляе таксама пра праблемы са здароўем.
За два апошнія гады ён падаў 9 заяў на набыццё вітамінаў. Ніводная з іх не была разгледжаная ні начальнікам медчасткі, ні тэрапеўтам, ні начальнікамі атраду і калоніі. Скаргі, накіраваныя ва ўпраўленне аховы здароўя Магілёўскай вобласці, у абласныя і рэспубліканскія органы выканання пакарання, таксама вынікаў ня далі.
З-за недахопу вітамінаў у палітвязня пачалі крывавіць дзясны, расхістваюцца і выпадаюць цалкам здаровыя зубы. Лечаць гэтыя праблемы сымптаматычна – антыбіётыкамі і болесуцішальнымі сродкамі.
Падобныя ўмовы ўтрымання палітвязня Жамчужнага не адпавядаюць “Мінімальным стандартным правілам абыходжання са зняволенымі”, прынятымі ААН, лічыць віцебскі праваабаронца Леанід Свецік.
“Так, у ч.3 п.22 Правілаў гаворыцца пра тое, што кожны зняволены павінен мець магчымасць звяртацца да паслуг кваліфікаванага дантыста”, – каментуе сітуацыю праваабаронца. – Яшчэ адна праблема – недастатковая колькасць кальцыю ў арганізме. Гэта можа справакаваць хваробы касцей і лімфаў”.
Нягледзячы на ўсё, палітвязень стараецца ня ўпасці духам, выжыць у такіх экстрэмальных умовах.
“Увогуле, настрой баявы, жыццярадасны”, – запэўнівае палітвязень.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96