viasna on patreon

"Беларусь: вясна'96. Quo vadis" — як пачыналася “Вясна”

2019 2019-07-29T13:42:28+0300 2019-07-30T12:21:06+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/belarus_viasna_quo-vadis.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Падчас прагляду фільма. Фота: ПЦ "Вясна".

Падчас прагляду фільма. Фота: ПЦ "Вясна".

З нагоды 29-й гадавіны прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі на пляцоўцы Тэрыторыя правоў (Мінск) 26 ліпеня прайшлі прэзентацыя і прагляд дакумэнтальнай хронікі  "Беларусь: вясна'96. Quo vadis". Фільм апавядае пра падзеі гарачай вясны 1996 г. Рэжысёр — Сяргей Чырык.

Пасля прагляду прайшла дыскусія з удзелам Лявона Баршчэўскага, які з’яўляўся дэпутатам Савета 12 склікання, а таксама Алесем Бяляцкім, старшынёй ПЦ “Вясна”.

Лявон Баршчэўскі і Алесь Бяляцкі. Фота: ПЦ "Вясна".
Лявон Баршчэўскі і Алесь Бяляцкі. Фота: ПЦ "Вясна".

Лявон Баршчэўскі пры ўспаміне падзей вясны 1996 года адзначыў, што гэта быў моцны рух і ў акцыях удзельнічалі як сталыя людзі, так і моладзь. 

Цягам трох вясновых месяцаў адбываліся шматлікія мітынгі і пікеты. Кульмінацыяй сталі дэманстрацыі супраць інтэграцыі з Расіяй, а таксама Чарнобыльскі шлях 26 красавіка, у якім прынялі ўдзел некалькі дзесяткаў тысяч чалавек. Менавіта тады пачаліся пераследы, затрыманні і суды над дэманстрантамі.

“Мы адчулі, што рэпрэсіўны махавік пачаў закручвацца. І тады Алесь прыйшоў з ідэяй праваабарончай арганізацый, якая будзе аператыўна дапамагаць людзям. Так узнік праваабарончы цэнтр «Вясна»", — адзначыў Лявон Баршчэўскі.

Алесь Бяляцкі падкрэсліў, што жорсткія рэпрэсіі супраць удзельнікаў акцый пачаліся менавіта тады, вясной 1996 года:

“Даволі працяглы перыяд, фактычна з 1988 года, пасля разгону Дзядоў, улады баяліся чапаць масавыя акцыі. А тое, што мы ўбачылі на Чарнобыльскім шляху 1996, не ўкладалася ў тыя часы ні ў якія рамкі грамадскага жыцця. Сотні людзей былі затрыманы, была ўзбуджана крымінальная справа за масавыя беспарадкі, у турму патрапілі Юрый Хадыка і Вячаслаў Сіўчык, якія сядзелі і галадалі з палітычных прычынаў. Для грамадства гэта быў поўны шок. Людзі не ведалі, дзе хто сядзіць, не было ніякай інфармацыі. Фактычна гэта паслужыла прычынай для стварэння ПЦ “Вясна”. Напачатку наша група актывістаў збірала інфармацыю пра тое, хто дзе знаходзіцца, хто колькі адседзеў— мы запісвалі гэтыя прозвішчы, запісвалі таксама, як хто быў затрыманы (кагосьці збілі дубінкай, хтосьці быў атручаны газам). І вось фактычна з гэтага часу пачала працаваць ініцыятыўная група “Вясны”, якая працягвае працаваць зараз як праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Падчас прагляду фільма. Фота: ПЦ "Вясна".
Фота: ПЦ "Вясна".

Сярод дэмастрантаў вясны 1996 года быў і студэнт Сяргей Антусевіч. Зараз ён з’яўляецца намеснікам старшыні Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў. У параўнанні з сённяшняй сітуацыяй Сяргей Антусевіч адзначае, што зараз улада “шмат чаму навучылася, у тым лік як паводзіць сябе ў дачыненні да масавых акцый”.

“Тая сітуацыя літаральна была іншай. Мілыцыя сябе паводзіла інакш. Канешне, яны прымянялі нейкую сілу, але гэта было зусім як дзіцячы садок у параўнанні з сённяшняй сітуацыяй. Тады міліцыянты былі менш узброенымі. 24 сакавіка 1996 года я ўпершыню ўбачыў, як амапаўцы беглі за людзьмі, але гэта не той разгон, які мы бачылі значна пазней”, — мяркуе Сяргей Антусевіч. 

Лявон Баршчэўскі, Алесь Лагвінец, Алесь Бяляцкі і Сяргей Чырык. Фота: ПЦ
Лявон Баршчэўскі, Алесь Лагвінец, Алесь Бяляцкі і Сяргей Чырык. Фота: ПЦ "Вясна".

Лявон Баршчэўскі лічыць, што зараз грамадска-палітычная сітуацыя зусім іншая:

"Тады, у 1996 годзе, людзі былі актыўнымі, яны былі са свядомымі палітычнымі інтэрэсамі. Канешне, асноўная частка людзей ва ўсіх краінах пасіўная. Але калі палітыка ўлады накіравана на тое, каб гэтую пасіўнасць замацаваць, то цягам доўгага часу гэта прыводзіць да эфекту агульнай пасіўнасці, калі людзі пачынаюць думаць, што палітыка з’яўляецца рызыкоўным заняткам”.

Мерапрыемства ў гонар 29-й гадавіны прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі зладзіў грамадскі рух “Дзея”.


 Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства