viasna on patreon

Урач-педыятр VS міліцэйскае бяспраўе. 7 фактаў супрацьстаяння

2019 2019-07-26T16:15:20+0300 2019-07-26T16:15:21+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/serada_dzmitry-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Дзмітрый Серада ў судзе. Фота: ПЦ "Вясна".

Дзмітрый Серада ў судзе. Фота: ПЦ "Вясна".

Праз амаль тры гады пасля міліцэйскай аблавы, мінскі лекар-педыятр Дзмітрый Серада праз суд змог дамагчыся дадатковай праверкі па незаконнаму сілавому затрыманню і збіццю яго ва ўласнай кватэры 4 жніўня 2016 года.

23 ліпеня суд Партызанскага раёна задаволіў адпаведную скаргу мужчыны і адмяніў пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі, якія праводзілі затрыманне.

Але ці будзе распачатая крымінальная справа і ці панясуць міліцыянты адказнасць за перавышэнне службовых паўнамоцтваў?

Юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" Павел Сапелка, які з самага пачатку дапамагае Дзмітрыю Серадзе, прааналізаваў ход справы і прыводзіць сем фактаў у супрацьстаянні ўрача-педыятра жорсткаму абыходжанню.

1. За тры года Следчы камітэт так і не прыступіў да расследавання нападу на кватэру Дзмітрыя Серады і яго збіцця.

Правядзенне даследчай праверкі - гэта не паўнавартаснае расследаванне злачынства. У гэтых этапаў крымінальнага працэсу розныя мэты:

  • падчас праверкі вызначаюцца падставы да ўзбуджэння крымінальнай справы - наяўнасць дастатковых дадзеных, якія паказваюць на прыкметы злачынства, пры адсутнасці абставінаў, якія выключаюць вытворчасць па крымінальнай справе;
  • папярэдняе расследаванне - гэта дзейнасць па збіранню і ацэнцы доказаў, вызначэнні абставінаў злачынства, выкрыцці асобаў, якія яго ўчынілі, забеспячэнне абгрунтаванага прыцягнення іх у якасці абвінавачаных.

2. Афіцэр міліцыі Аляксандр Нушчык і іншыя супрацоўнікі МУС пад яго кіраўніцтвам беспакарана парушылі замацаваную ў Канстытуцыі недатыкальнасць жылля.

Пра гэта сведчылі абставіны справы:

  • оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку распарадзіўся ўварвацца ў жылую кватэру, дзе знаходзіліся, акрамя падазронага, яго жонка і малалетняе дзіця з пашкоджаннем замкоў;
  • супрацоўнікі спецпадраздзялення ўжылі фізічную сілу і спецсродкі да чалавека, які не аказваў, па прызнанні АМАПаўцаў, ім супраціву.

Вынесеная ў пракуратуры г. Мінска пастанова аб узбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да міліцыянта была адмененая намеснікам Генеральнага пракурора.

3. Мноства прамых парушэнняў закона ў працэсуальных дзеяннях міліцыянтаў не атрымалі крымінальна-прававой ацэнкі.

Сярод іх:

  • да затрымання Дзмітрыя Серады оперупаўнаважаны Аляксандр Нушчык перасылаў пацярпелым пры дапамозе мэсэнджара фатаграфіі мужчын, якія маглі быць апазнаныя імі як злачынцы;
  • тлумачэнні і рапарт оперупаўнаважанага абвяргаюцца дадзенымі следчаму тлумачэннямі апытаных афіцэрам асобаў;
  • дзеянні Аляксандра Нушчыка кіраўніцтвам ўзгадняліся пісьмова "заднім чыслом".

4. Адным з адрозненняў праверкі ад расследавання справы з'яўляецца тая акалічнасць, што ў ходзе расследавання сведкі не могуць адмовіцца ад дачы паказанняў і даваць загадзя ілжывыя паказанні пад пагрозай прыцягнення да крымінальнай адказнасці.

Апытаныя па справе сведкі - супрацоўнікі міліцыі і супрацоўнікі «Хуткай дапамогі» - у ходзе праверкі крывадушна адмаўлялі наяўнасць слядоў пашкоджанняў на целе Дзмітрыя Серады, у той час як эксперт зафіксаваў толькі на твары затрыманага кровападцёк памерам 4х5 см, а таксама іншыя цялесныя пашкоджанні.

5. Сем разоў за тры гады пастановы следчых аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы адмяняліся.

Як правіла гэта адбывалася па скаргах Дзмітрыя Серады, аднак нават судовая ацэнка апошняй пастановы аб такой адмове не гарантуе распачынання крымінальнай справы ў дачыненні да міліцыянтаў.

6. Ні матэрыяльныя, ні маральныя страты не былі кампенсаваныя.

Нягледзячы на ўстаноўлены па выніках ведамаснай праверкі і праверкі Следчага камітэта супрацьпраўны характар дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі, Дзмітрыю Серадзе і яго маці - уладальніцы пашкоджанай кватэры - не была кампенсаваная прычыненая шкода і не прынесеныя афіцыйныя прабачэнні.

7. У Беларусі дагэтуль прама не крыміналізаваныя катаванні і іншыя віды жорсткага, бесчалавечнага, зневажальнага абыходжання і пакарання.

Акрамя таго прымяненне такога абыходжання не асуджана на вышэйшым узроўні, а высокапастаўленыя службовыя асобы рэгулярна дазваляюць сабе выступы з апраўданнем прымянення забароненых відаў абыходжання.

Усе навіны па справе Дзмітрыя Серады

Мінскі доктар-педыятр Дзмітрый Серада быў брутальна затрыманы супрацоўнікамі АМАП 4 жніўня 2016 года ў сваёй кватэры. Яго паклалі тварам у падлогу, заламалі рукі за спіну, апранулі кайданкі на вачах у жонкі і маленькай дачкі. Затым даставілі ў РУУС, дзе пратрымалі больш за суткі, а пасля адпусцілі, паколькі ў следчага «адпалі падставы для далейшага ўтрымання яго пад вартай».


Калі вам сталі вядомыя выпадкі катаванняў вашых блізкіх у пастарунку, ІЧУ, СІЗА, турме ці ім не аказваецца належная медыцынская дапамогу ў зняволенні, звяртайцеся па дапамогу да юрыстаў ПЦ “Вясна” праз пошту ці па тэлефонах - +375 17 394 63 11, +375 29 841 39 81.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства