“Ваўчыныя норы” – адно з найбольш жахлівых месцаў на мапе Беларусі
У сераду 24 ліпеня, прыкладна а 18:05, у адным з памяшканняў папраўчай калоніі № 22, або "Ваўчыных норах", у Івацэвічах памёр 38-гадовы асуджаны. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Брэсцкай вобласці Зміцер Іванюк:
"Памёр жыхар Брэста. У 2015 годзе ён быў асуджаны па частцы 3 артыкула 328 Крымінальнага кодэкса да пакарання ў выглядзе 9 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі. Да смерці мужчына пакутаваў на сардэчна-сасудзістае захворванне і астму".
Па словах прадстаўніка СК, бачных прыкмет гвалтоўнай смерці ў ходзе агляду трупа выяўлена не было. Па дадзеным факце Івацэвіцкім раённым аддзелам СК праводзіцца праверка. З мэтай устанаўлення прычыны смерці мужчыны прызначана судовая экспертыза.
У папраўчай калоніі №22 “Ваўчыныя норы”, дзе, як правіла, адбываюць пакаранне асуджаныя па наркатычным артыкуле № 328 Крымінальнага кодэксу, штогод здараюцца жахлівыя гісторыі са зняволенымі.
Так, 5 лістапада 2018 года ў пабліку "Беларуская Турма" з’явілася інфармацыя аб бунце, у якім прымалі ўдзел дзесяткі зняволеных. Нядаўна журналісты часопіса аб правах чалавека mspring.online правялі ўласнае расследванне і прыйшлі да высновы, што бунт у івацэвіцкай калоніі быў буйнейшы, чым думалі раней. Некалькі дзесяткаў зняволеных былі вывезены з калоніі і этапаваны ў іншыя месцы.
Бунт у івацэвіцкай калоніі быў буйнейшы, чым мы думалі
А ўжо сёлета, 8 сакавіка, у групе «Белорусская тюрьма» з’явілася інфармацыі аб тым, што ў ПК-22, павесіўся зняволены М., які адбываў пакаранне ў 1-м атрадзе 3-ці-секцыі.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96