viasna on patreon

Суд задаволіў скаргу Дзмітрыя Серады і адправіў справу на дадатковую праверку Дапоўнена Аўдыё

2019 2019-07-23T11:55:00+0300 2019-07-30T12:17:04+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/serada_dzmitry-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Дзмітрый Серада ў судзе. Фота: ПЦ "Вясна".

Дзмітрый Серада ў судзе. Фота: ПЦ "Вясна".

Суд Партызанскага раёна г. Мінска 23 ліпеня павінен агучыць рашэнне па скарзе мінскага доктара-педыятра Дзмітрыя Серады на пастанову аб адмове СК ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненне да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў.

Скаргу разглядае суддзя Анатоль Барысёнак. 22 ліпеня на паседжанні выслухалі пазіцыю і патрабаванні заяўніка, азнаёміліся з пісьмовымі матэрыяламі справы. На працягу трох гадоў Дзмітрый Середа атрымаў сем адмоваў ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, апошняя з якіх была вынесеная 20 ліпеня 2018 года следчым А.В. Супічэнкам.

"Выклікае сур'ёзныя сумневы абгрунтаванасць прыцягнення сіл і сродкаў АМАП для затрымання асобы, пры наяўнасці толькі інфармацыі:" чалавек дзіўных паводзінаў, добра развіты фізічна, катаецца на ровары, часта ходзіць па леса-паркавай зоне". Калі такая інфармацыя аб асобе з'яўляецца дастатковай для прыцягнення сіл і сродкаў АМАП для затрымання, то з прыцягненнем АМАП павінна затрымлівацца кожная асоба, якая падазраецца ў злачынстве. Прычым толькі пры наяўнасці вышэй названай інфармацыі маё затрыманне праводзілася не проста з прыцягненне АМАП, а з пяццю супрацоўнікамі АМАП, выкарыстаннем спецсродкаў для ўскрыцця запіраючых прыладаў і альпінісцкай амуніцыі", - сярод іншага ўказваў у сваёй скарзе Дзмітрый Серада.

Таксама заяўнік адзначыў, што толькі цяпер у яго з'явілася магчымасць азнаёміцца з матэрыяламі сваёй справы, якая складае парадку 400 старонак, прычым следчы дазваляў знаёміцца з дакументамі на працягу ад адной да чатырох гадзінаў у дзень без фотафіксацыі ці капіравання. Дзмітрый Серада сказаў, што вырашыў звяртацца са скаргай у суд, бо ўжо "і генпракуратура плюнула на Следчы камітэт, бо не могуць прымусіць следчых працаваць: пішуць прадпісанне ў 15 пунктаў, а следчы праводзіць праверку і адпісваецца, што нічога не атрымалася, немагчыма нічога даведацца ў супрацоўнікаў міліцыі, бо яны забыліся на тыя падзеі"

Ён прасіў суд адмяніць пастанову ад 20 ліпеня 2018 года аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, а матэрыялы накіраваць для арганізацыі правядзення дадатковай праверкі.

Раніцай 23 ліпеня ў працяг пасяджэння Дзмітрый Серада зачытаў адказ з Заводскага РУУС Мінска на заяву сваёй маці пра кампенсацыю маёмаснай шкоды, нанесенай дзеяннямі сілавікоў. З яго вынікае, што "па выкладзеных фактах парушэнняў супрацоўнікамі органаў унутраных спраў дадзена прававая ацэнка ў рамках узбуджанай крымінальнай справы, але пастанова аб узбуджэнні крымінальнай справы адмененая Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь, а шкода, прычыненая грамадзяніну ў выніку незаконных дзеянняў (бяздзейнасці) органаў унутраных спраў (іх супрацоўнікаў), падлягае кампенсацыi выключна ў выпадку прызнання дзеянняў такімі ва ўстаноўленым законам парадку, што ў дадзеным выпадку супярэчыць выкладзеным у звароце патрабаванням".

Ні кампенсаваць матэрыяльны ўрон за зламаныя дзверы і выбітыя вокны ў балконнай дзвярах у памеры 1862,28 рубля, ні маральны ўрон, ацэнены маці заяўніка ў 100 000 рублёў, ні прасіць прабачэння міліцыянты Заводскага РУУС не збіраюцца. Па хадайніцтве Дзмітрыя Серады адказ на заяву далучылі да разглядаемай справы.

Пракурор Партызанскага района г. Мінска Маргарыта Каляда у сваю чаргу настойвае на тым, што праверка па заяве Дзмітрыя Серады была праведзена ў адпаведнасці з патрабаваннем КПК, органы ўнутраных спраў і Следчы камітэт прынялі вычарпальныя меры па даследаванні наяўных абставінаў, а пракуратурай не было атрымана дастатковых дадзеных, якія паказваюць на наяўнасць у дзеяннях супрацоўнікаў АУС прыкмет злачынства. На гэтай падставе яна не бачыць прычынаў для адмены пастановы аб адмове СК ва ўзбуджэнні крымінальнай справы і просіць суд пакінуць скаргу без задавальнення.

Падчас перапынку Дзмітрый Середа заявіў, што ў выпадку, калі суд адмовіць у задавальненні скаргі, ён плануе абскардзіць такое рашэнне, а таксама асобна будуць пададзеныя заявы ў суд на кампенсацыю маральнага і матэрыяльнага ўрону ў адносінах да яго, яго жонкі і непаўналетняй дачкі.

Цікава, што оперупаўнаважаны Аляксандр Нушчык, які кіраваў затрыманнем Дзмітрыя Серады, у 2017 годзе быў прызнаны лепшым аператыўным супрацоўнікам у Мінску.

У выніку суд пастанавіў скаргу Дзмітрыя Серады задаволіць, пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да супрацоўнікаў ОУС адмяніць, а матэрыялы адправіць на дадатковую праверку. 

Амаль тры гады мінула, як раніцай 4 жніўня 2016 года ў кватэру Дзмітрыя Серады, выбіўшы ўваходныя дзверы і шкло балконных дзверэй у кухні, уварваліся невядомыя ў масках, паклалі яго тварам у падлогу, заламалі рукі за спіну, апранулі кайданкі і, працягнуўшы збіваць ў спецаўтатранспарце, даставілі ў РУУС Заводскага раёна Мінска. Затрыманы быў дапытаны ў якасці падазраванага ў хуліганстве на падставе ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэкса і адпушчаны толькі на наступны дзень, паколькі ў следчага «адпалі падставы для далейшага ўтрымання яго пад вартай». 

Неаднойчы на скаргі, падрыхтаваныя пры дапамозе праваабаронцаў "Вясны", заяўнік атрымоўваў адмовы ва ўзбуджэнні крымінальнай справы за перавышэнне службовых паўнамоцтваў асобамі, якія праводзілі затрыманне.

На пачатку студзеня 2017 года пракуратура ўсё ж узбудзіла крымінальную справу, аднак ніякіх зменаў гэта не прынесла - ніхто з супрацоўнікаў АМАПу не быў прыцягнуты да адказнасці. 

Усе навіны па справе Дзмітрыя Серады

Мінскі доктар-педыятр Дзмітрый Серада быў брутальна затрыманы супрацоўнікамі АМАП 4 жніўня 2016 года ў сваёй кватэры. Яго паклалі тварам у падлогу, заламалі рукі за спіну, апранулі кайданкі на вачах у жонкі і маленькай дачкі. Затым даставілі ў РУУС, дзе пратрымалі больш за суткі, а пасля адпусцілі, паколькі ў следчага «адпалі падставы для далейшага ўтрымання яго пад вартай».


Калі вам сталі вядомыя выпадкі катаванняў вашых блізкіх у пастарунку, ІЧУ, СІЗА, турме ці ім не аказваецца належная медыцынская дапамогу ў зняволенні, звяртайцеся па дапамогу да юрыстаў ПЦ “Вясна” праз пошту ці па тэлефонах - +375 17 394 63 11, +375 29 841 39 81.


 Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства