Ці рэальна абскардзіць прызнанне матэрыялу экстрэмісцкім?

2019 2019-07-19T15:55:32+0300 2019-07-30T12:15:02+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/loiko_extr.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Юрысты "Вясны" вырашылі разабрацца на практыцы, ці можна выключыць інфармацыйныя матэрыялы з Рэспубліканскага спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў, як гэта зрабіць і ці рэальна наогул.

Юрыст

Справа ў тым, што інфармацыйная прадукцыя прызнаецца экстрэмісцкай на падставе адпаведнага рашэння суда. Напрыклад, фотаальбом Belarus Press Photo 2011 быў прызнаны экстрэмісцкім рашэннем суда Ашмянскага раёна. А значыць і выключыць прадукцыю са Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў можна толькі ў судовым парадку, абскардзіўшы адпаведнае рашэнне суда.

Юрыст "Вясны" Аляксей Лойка звярнуўся са скаргай у суд на рашэнне суда, якім экстрэмісцкім быў прызнаны вядомы ва ўсім свеце субкультурны шыфр А**В. Ён быў прызнаны ў 2018 годзе экстрэмісцкім аж двойчы: судом Аршанскага раёна і судом Цэнтральнага раёна г. Мінска. Апошні раз — па заяве ГУБАЗіК МУС. Суд тады ў парадку грамадзянскага судаводства прыняў рашэнне аб абсалютнай забароне выкарыстання і распаўсюджвання гэтай абрэвіятуры "з якімі-небудзь надпісамі або без выкарыстання надпісаў, па-за залежнасці ад носьбіта інфармацыі (сцягі, транспаранты, вымпелы, эмблемы, шаўроны, нашыўкі, стыкеры, налепкі, значкі , элементы адзення, прадметы ўжытку і т.п.), а таксама створаная і апублікаваная ў якасці прадукцыі для сродкаў масавай інфармацыі (у любых падзеях, сцэнах, эпізодах, і кадрах, электронных і друкаваных СМІ), а роўна сама гукавая абалочка тэксту, вымаўленая аўтарам у выглядзе словаў, якія адначасова могуць суправаджацца дзеяннямі або з'явамі, а роўна трансляцыя вымаўленага тэксту з аудыяносьбітаў". Цяпер, напрыклад, калі чалавек вырашыць сфатаграфавацца ў майцы з гэтай абрэвіятурай і размесціць гэта фота ў сацсетках, то яму ў адпаведнасці з арт. 17.11 КаАП (Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці ці прапагандуе такую ​​дзейнасць) у першы раз пагражае штраф да 20 базавых (500 рублёў) з канфіскацыяй гэтай майкі.

На падставе гэтага рашэння абрэвіятура "A**B" была ўнесеная ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Што не так з рашэннем суда?

На думку праваабаронцаў "Вясны", рашэнне Цэнтральнага суда г. Мінска з'яўляецца неабгрунтаваным і незаконным. Вось якія асноўныя довады яны выклалі ў скарзе Мінгарсуда:

  • рашэнне не ўтрымлівае канкрэтнага абгрунтавання таго, на якія грамадскія адносіны, якія абараняе Закон "Аб супрацьдзеянні экстрэмізму", замахваецца абрэвіятура;
  • суд не зрабіў ацэнку правамернасці абмежавання права на распаўсюд "А**В" у любых яго формах;
  • у рашэнні не паказваецца, якая была рэальная пагроза ад абрэвіятуры ў розных варыянтах яго размяшчэння ў якасці прадукцыі для СМІ, а таксама гукавая абалонка дадзенага тэксту, вымаўленая аўтарам у выглядзе слоў цi пры дапамозе вымаўлення тэксту з аудыяносьбітаў.

Хто можа абскардзіць рашэнне суда аб прызнанні матэрыялу экстрэмісцкім?

Трэба щличваць тое, што не кожны чалавек можа абскардзіць рашэнне суда аб прызнанні матэрыялу экстрэмісцкім. Са скаргай у суд можа звярнуцца толькі тая асоба, якая з'яўляецца зацікаўленай і чые правы і інтарэсы гэтым судовым рашэннем былі закрануты. Акрамя таго, суду трэба даказаць такую ​​зацікаўленасць. Як адзначаюць праваабаронцы "Вясны", такая працэдура значна ўскладняе выключэнне матэрыялаў з Рэспубліканскага спісу. Таму для звароту ў вышэйстаячыя органы юрыст ПЦ "Вясна" Аляксей Лойка ўзяў кейс актывіста Мікалая Дзядка, які з'яўляецца ініцыятарам флэшмобу #яэкстрэміст.

Чаму Дзядка можна лічыць зацікаўленай асобай па гэтаму кейсу?

У гэтым годзе суд Фрунзенскага раёна г. Мінска двойчы прыцягнуў актывіста Мікалая Дзядка да адміністрацыйнай адказнасці па артыкуле 17.11 КаАП (Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці ці прапагандуе такую ​​дзейнасць) за размяшчэнне "Укантакце" пастоў, дзе змяшчалася абрэвіятура А**B. У агульнай складанасці на працягу двух месяцаў ён быў аштрафаваны на 90 базавых велічыняў (2 295 рублёў, што складае больш за 1120 даляраў).

Аднак для суддзяў Мінгарсуда гэта не паслужыла аргументам — яны вярнулі скаргу актывісту. На іх думку, Мікалай Дзядок не з'яўляецца зацікаўленай асобай па справе, і рашэннем, якое абскарджваецца, яго правы і законныя інтарэсы не закранутыя.

Юрыст Аляксей Лойка не згодны з пазіцыяй Мінгарсуда. На яго думку, Мікалай Дзядок з'яўляецца зацікаўленай асобай, паколькі дадзеным рашэннем непасрэдна закрануты ягоныя правы. Гэта вынікае з таго, што суд кожны раз пры прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці Дзядка выносіў пастанову, спасылаючыся на рашэнне суда Цэнтральнага раёна г. Мінска.

Аляксей Лойка расцэньвае пазіцыю Мінгарсуда як абмежаванне права на судовую абарону, гарантаванага Канстытуцыяй.

У аналітычным дакладзе праваабарончых арганізацый Беларусі «Супрацьдзеянне экстрэмізму і правы чалавека» праваабаронцы адзначаюць, што працэс прызнання інфармацыйных матэрыялаў экстрэмісцкімі ўскладняе абарону правоў і свабод, нацыянальнае працэсуальнае заканадаўства не ўтрымлівае эфектыўных інструментаў для гэтага.

Такім чынам, атрымліваецца, што абскардзіць рашэнне суда ў такім выпадку практычна нерэальна. Верагодна, суд прызнае зацікаўленай асобай толькі таго, па заяве каго і была ўзбуджаная справа. У дадзеным выпадку — ГУБАЗіК МУС.

У планах праваабаронцаў абскардзіць у Вярхоўны суд вяртанне скаргі Мікалаю Дзядку з Мінгарсуда. Яны спадзяюцца, што кіраўніцтва судовай сістэмы ўсё ж такі пачуе разумныя аргументы.


 Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства