Сумесная пазіцыя праваабарончых арганізацый напярэдадні чарговага раунда дыялогу па правах чалавека ЕС-Беларусь
https://spring96.org/be/news/93201
2019
2019-06-13T17:37:08+0300
2019-06-13T17:37:08+0300
2019-06-14T10:35:17+0300
be
https://spring96.org/files/images/sources/2170.jpg
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Беларуская праваабарончая супольнасць падтрымлівае працяг дыялогу па правах чалавека паміж Еўрапейскім Саюзам і Рэспублікай Беларусь і напярэдадні яго чарговага раўнда лічыць важным адзначыць наступнае:
- Адным з нешматлікіх пазітыўных момантаў у апошнія гады з'явілася прыняцце ўрадам Нацыянальнага плана па правах чалавека, з якім праваабарончая супольнасць звязвала пэўныя надзеі па паляпшэнню інстытуцыйных і заканадаўчых асноў па абароне і заахвочванню правоў чалавека. На жаль, рэалізацыя плана, у цэлым, не была эфектыўнай, у тым ліку з-за недастатковага ўключэння ў яго падрыхтоўку, рэалізацыю і прамежкавую ацэнку арганізацый грамадзянскай супольнасці.
- Адзначым таксама пазітыўную практыку прыцягнення прадстаўнікоў праваабарончай супольнасці на мерапрыемствы, якія праводзяцца дзяржаўнымі інстытутамі для абмеркавання актуальных пытанняў у сферы правоў чалавека, у тым ліку абмеркаванне зменаў заканадаўства, фарматаў узаемадзеяння ў рамках міжнародных праваабарончых механізмаў. Разам з тым, са шкадаваннем адзначаем, што не ўсе зацікаўленыя праваабарончыя арганізацыі прыцягваюцца да абмеркавання. Акрамя таго, ні адна з прапаноў беларускай праваабарончай супольнасці па змяненні нацыянальнага заканадаўства не было рэалізаваная.
- Праваабарончыя арганізацыі вітаюць накіраванне першага за апошнія 20 гадоў перыядычнага дакладу Беларусі ў Камітэт па правах чалавека ААН і падтрымліваюць рэкамендацыі, прынятыя Камітэтам, а таксама рэкамендацыі іншых дагаворных органаў.
- Мы лічым пазітыўным крокам ратыфікацыю Канвенцыі аб правах асобаў з інваліднасцю і зацвярджэнне і рэалізацыю Нацыянальнага плана дзеянняў па імплементацыі Канвенцыі да 2025 года, якія адбыліся пасля ратыфікацыі. Таксама адзначаем дастаткова высокі ўзровень уключанасці арганізацый людзей з інваліднасцю ў распрацоўку і абмеркаванне Нацыянальнага плана і праекта Закона аб правах асобаў з інваліднасцю. Пры гэтым мы канстатуем павярхоўны характар рэформаў з пункту гледжання правоў чалавека, нізкі прыярытэт або поўную адмову разглядаць праблемы праваздольнасці, механізмаў абароны правоў, абароны ад дыскрымінацыі, дэінстытуалізацыю.
- Нягледзячы на названыя крокі, хочам падкрэсліць, што істотных пазітыўных зменаў у заканадаўчых, інстытуцыйных і практычных асновах заахвочвання і абароны правоў чалавека ў Беларусі за апошні год не адбылося.
- Так, улады да гэтага часу не прадэманстравалі якога-небудзь сур'ёзнага прагрэсу ў стварэнні нацыянальнай праваабарончай установы; не прынятае ўсёабдымнае антыдыскрымінацыйнае заканадаўства, не створаныя эфектыўныя механізмы забеспячэння роўнасці і абароны ад дыскрымінацыі, працягваецца практыка дыскрымінацыі ўразлівых групаў, у прыватнасці, ромаў, прадстаўнікоў ЛГБТ, жанчын і г.д.
- У Беларусі працягвае ўжывацца смяротнае пакаранне. Нягледзячы на адносную адкрытасць парламенцкай рабочай групы па вывучэнні праблематыкі смяротнага пакарання, вынікі яе дзейнасці так і не былі даведзеныя да ведама шырокай грамадскасці, невядомыя далейшыя планы яе працы.
- Акрамя таго, застаецца актуальным шэраг праблемаў, якія адбіваюцца на незалежнасці суддзяў і ўплываюць на рэалізацыю права на справядлівае судовае разбіральніцтва. Судовая ўлада працягвае знаходзіцца пад сур'ёзным уплывам Прэзідэнта і яго Адміністрацыі, у прыватнасці, у пытаннях прызначэння, звальнення і прыцягнення суддзяў да дысцыплінарнай адказнасці. У Беларусі адсутнічае рэальная незалежнасць і самакіраўніцтва калегій адвакатаў і свабода ажыццяўлення прафесіі адваката. Міністэрства юстыцыі мае шырокія паўнамоцтвы ў сферы адміністравання адвакацкай дзейнасці, у прыватнасці, ажыццяўляючы допуск да яе шляхам ліцэнзавання і кантралюючы дзейнасць як асобных адвакатаў, так і інстытута адвакатуры ў цэлым.
- У 2018 годзе былі ўнесеныя змены ў заканадаўства, якія істотна пашыраюць дзяржаўны кантроль Інтэрнэту ў Беларусі. У прыватнасці, уведзены дазвольны парадак рэгістрацыі ў якасці інтэрнэт-СМІ, без наяўнасці якой супрацоўнікі сайтаў СМІ пазбаўляюцца статусу журналіста, а таксама абавязковая ідэнтыфікацыя каментатараў форумаў. Працягваецца практыка прыцягнення да адказнасці журналістаў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ без акрэдытацыі Міністэрства замежных спраў. Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў у 2018 годзе мелі месца па меншай меры 118 выпадкаў, агульная сума штрафаў склала каля 44 000 еўра.
- У апошні год сталі частымі выпадкі ціску на журналістаў і блогераў з выкарыстаннем шэрагу дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса, а таксама антыэкстрэмісцкага заканадаўства. Захоўваецца крымінальная адказнасць за паклёп (арт. 188), абразу (арт. 189), паклёп у дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (арт. 367), абразу прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (арт. 368), абразу прадстаўніка ўлады (арт. 369), дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь (арт. 369.1).
- Нацыянальнае заканадаўства па-ранейшаму ўтрымлівае празмерныя абмежаванні права на мірныя сходы. Прынятыя у 2018 году змены ў Закон "Аб масавых мерапрыемствах", згодна з якім стала магчымым правядзенне некаторых відаў сходаў у паведамляльным парадку, складана назваць прагрэсам. З прыняццем у яго развіццё Пастановы Савета Міністраў № 49 сітуацыя з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў грамадзянамі краіны яшчэ больш пагоршылася, паколькі памеры выдаткаў на правядзенне сходаў, прадугледжаныя ў ёй, з'явіліся сур'ёзнай перашкодай у рэалізацыі гарантаваных канстытуцыйных свабодаў.
- Нягледзячы на пэўныя крокі па паляпшэнні сітуацыі са свабодай асацыяцый, у прыватнасці, адмену крымінальнай адказнасці за дзейнасць у складзе незарэгістраваных арганізацый (арт. 193-1 Крымінальнага кодэкса), у гэтай галіне захоўваюцца значныя абмежаванні. Парадак дзяржаўнай рэгістрацыі грамадскіх аб'яднанняў, партый, іх арганізацыйных структур і фондаў з'яўляецца складаным і цяжкім, пакідае магчымасць для дзяржаўных рэгіструючых органаў адвольна адмаўляць у рэгістрацыі любой ствараемай арганізацыі. Істотна абмежаваная магчымасць для атрымання некамерцыйнымі арганізацыямі фінансавання як з унутраных, так і з замежных крыніц. На фоне абмежавальнай практыкі, якая склалася, выклікае трывогу інфармацыя Міністэрства юстыцыі аб унясенні ў Закон "Аб грамадскіх аб'яднаннях" зменаў адносна неабходнасці публікацый грамадскімі аб'яднаннямі справаздачаў аб расходванні атрыманых ахвяраванняў.
- Мы вітаем адмену артыкула 193-1 Крымінальнага кодэкса і разглядаем гэта як важны і неабходны крок у накірунку паляпшэння сітуацыі са свабодай асацыяцыяў у Беларусі. Разам з тым канстатуем, што замена крымінальнай адказнасці за дзейнасць у складзе незарэгістраваных арганізацый на адміністрацыйную сведчыць аб адсутнасці палітычнай волі да забеспячэння рэальнай свабоды асацыяцыяў у нашай краіне.
- У месцах пазбаўлення волі працягвае знаходзіцца Міхаіл Жамчужны, прызнаны беларускай праваабарончай супольнасцю палітычным зняволеным.
- Напярэдадні анансаваных на восень 2019 года выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў хочам звярнуць увагу на адсутнасць якога-небудзь прагрэсу па імплементацыі рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ аб рэфармаванні выбарчага заканадаўства, якое не ўтрымлівае дастатковых гарантый для правядзення свабодных і дэмакратычных выбараў.
- Маюць месца сур'ёзныя праблемы ў сферы рэалізацыі эканамічных і сацыяльных правоў. Шырока ўжываюцца такія формы прымусовай працы, як прымус грамадзянаў да ўдзелу ў бясплатных работах у інтарэсах дзяржавы (т. зв. суботнікі, работы па ўборцы ўраджаю і г.д.), прымусовая ізаляцыя грамадзянаў, якія пакутуюць на алкагалізм у ЛПП з мэтай прыцягнення іх да працы, прымусовая праца "абавязаных асобаў", прымусовая праца ў інтэрнатных установах пад выглядам "працоўнай рэабілітацыі". Пры гэтым працягваецца ажыццяўленне ціску дзяржавы на сябраў незалежных прафсаюзаў.
- Працягваюцца выпадкі выправаджэння з Беларусі асобаў у краіны, дзе ім могуць пагражаць катаванні і/або смяротнае пакаранне ў парушэнне міжнародных і нацыянальных нормаў. Часцяком гэта адбываецца не з выкарыстаннем працэдуры экстрадыцыі, якая мае больш сур'ёзныя працэдурныя гарантыі, а з выкарыстаннем спрошчаных працэдураў высылкі або дэпартацыі, што па сутнасці з'яўляецца схаванай экстрадыцыяй (да прыкладу, Мехрдад Джамшыдзіян, Ісмаіл Нальгіеў).
У сувязі з выкладзеным праваабарончая супольнасць Беларусі рэкамендуе:
1) структурам Еўрапейскага Саюза:
- працягваць разглядаць правы чалавека важным элементам на парадку дыялогу па правах чалавека, а таксама прыцягваць для ўдзелу ў дыялогу па правах чалавека прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці;
- аказваць садзейнічанне стварэнню і развіццю пляцовак ўнутры краіны для ўзаемадзеяння дзяржаўных органаў і праваабарончай супольнасці для эфектыўнага выканання абавязацельстваў Беларусі ў галіне правоў чалавека;
- падтрымаць выкананне Рэспублікай Беларусь рэкамендацый Камітэта ААН па правах чалавека і іншых дагаворных органаў, а таксама іншыя крокі ўрада, накіраваныя на рэальнае паляпшэнне становішча з правамі чалавека ў Беларусі, у прыватнасці, прадставіць экспертную і іншую дапамогу ў рэфармаванні заканадаўства і практыкі яго прымянення на аснове багатага вопыту дзяржаў-удзельніц ЕС;
- працягваць аказваць падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці ў яе працы па абароне, падтрымцы і прасоўванні правоў чалавека ў Беларусі;
- уключаць кампаненты правоў чалавека ва ўсе праекты, якія рэалізуюцца ў Беларусі пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага Саюза, а таксама прыцягваць да іх абмеркавання і рэалізацыі прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці.
2) уладам Беларусі:
- распачаць актыўныя меры па ўдасканаленні нацыянальнага заканадаўства для забеспячэння яго адпаведнасці міжнародным стандартам у галіне правоў чалавека;
- працягваць практыку прыцягнення шырокага кола прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці для абмеркавання зменаў у заканадаўстве, якія закранаюць правы і свабоды чалавека;
- стварыць пастаянна дзеючыя пляцоўкі для ўзаемадзеяння дзяржаўных органаў і праваабарончай супольнасці для выпрацоўкі прапаноў па паляпшэнню сітуацыі з правамі чалавека;
- далучаць грамадзянскую супольнасць у падрыхтоўку перыядычных дакладаў у дагаворныя органы ААН і ў межах УПА, а таксама ў ацэнку дзеючага і распрацоўку будучага Нацыянальнага плана па правах чалавека;
- распаўсюдзіць пазітыўныя прыклады і вынікі дыялогу па правах асобаў з інваліднасцю на ўсе сферы правоў чалавека.
РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт"
ПЦ "Вясна"
ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"
Асветніцкая ўстанова "Цэнтр прававой трансфармацыі"
Асамблея дэмакратычных няўрадавых арганізацый Беларусі
РГА "Прававая ініцыятыва"
Простае таварыства "Ініцыятыва Forb"
ППУ "Офіс па правах людзей з інваліднасцю"
ПУ "Беларускі дакументацыйнага цэнтр"
Беларускі дом правоў чалавека ім. Б. Звозскава