Экалагічная бяспека Светлагорска: першыя перамогі актывістаў Відэа
Праваабаронцы нядаўна праінфармавалі грамадскасць аб тым, што Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя было вымушанае рэагаваць на звароты грамадзян Светлагорску, якія скардзяцца на смурод, звязаны з пусканаладачнымі працамі на вытворчасці сульфатнай беленай цэлюлозы.
Так, адна з экалагічных актывістак Алена Маслюкова была праінфармаваная аб тым, што Мінпрыроды звярнулася ў канцэрн “Беллесбумпрам” і ў ААТ "Светлагорскі ЦКК" з заклікам “неадкладна прыняць усе неабходныя меры па няўхільным забеспячэнні захавання прыродаахоўнага заканадаўства на прадпрыемстве”.
А праблем з новай вытворчасцю, сапраўды, дастаткова. Так, апроч агіднага і шкоднага смуроду, які перыядычна накрывае горад на Бярэзіне і яго наваколлі, актывісты фіксуюць і брудныя сцёкі з завода беленай цэлюлозы ў канал, які злучаны з Бярэзінай. Дзякуючы намаганням светлагорскіх актывістаў трывогу за пагаршэння якасці рачной вады забілі нават ва Украіне.
Літаральна дзень таму на заводзе беленай цэлюлозы Светлагорскага цэлюлозна-кардоннага камбіната (ЦКК), які будавалі кітайцы, знікла частка даху. Кажуць, што яна абвалілася.
«Сёння раніцай на ЗБЦ абвалілася частка даху аднаго з цэхаў», - такі запіс з'явіўся ў супольнасці Светлагорск|Пра ўсё і пра ўсіх. Неўзабаве з'явіліся і фотадоказы.
- Работнікі баяцца звальненняў, таму інфармацыю перадаюць вельмі асцярожна, праз некалькі чалавек. Кажуць, усё адбылося раніцай у пачатку змены ў цэху, дзе стаяць нейкія агрэгаты, якія даюць моцную вібрацыю, і ўжо даўно там з-за гэтага былі расколіны. Вось, нарэшце, і павалілася, - распавядае мясцовы жыхар Андрэй Смалянчук.
Працы ў мясцовых актывістаў – хоць адбаўляй, тым не меней яны не супакойваюцца, і менавіта з-за іх бескампраміснай пазіцыі ўлады, хаця і неахвотна, вымушаны дбаць пра экалагічную бяспеку грамадзян, пра будучае жыхароў Светлагорска.