Дзмітрый Бекалюк запатрабаваў адваката, суд перанеслі на 10 красавіка
У судзе Ленінскага раёна г. Брэста пачаўся разгляд адміністрацыйнай справы актывіста ініцыятыўнай групы берасцейцаў, якія змагаюцца супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу Дзмітрыя Бекалюка. Яго затрымалі ў нядзелю, 7 красавіка, калі ён пайшоў у РАУС па позве. Пратакол складзены па артыкуле 22.6 КаАП (ухіленне ад яўкі у орган, які вядзе адміністрацыйны працэс). Высветлілася, што ён проста спазніўся і прыйшоў у РАУС па позве пазней прызначанага часу.
На судовае паседжанне не дапусцілі прадстаўнікоў грамадскасці і знаёмых Бекалюка. Выключэнне зрабілі для праваабаронцы Уладзіміра Вялічкіна.
Сведкам з боку міліцыі выступае маёр Ігар Пышкін.
Бекалюк тлумачыць, што супрацоўнік міліцыі, які яго затрымаў, не даў магчымасці звязацца з адвакатам, таму патрабуе каб у працэс быў дапушчаны абаронца.
Суддзя Аляксандр Семянчук прадставіў час заключэнне дамовы з адвакатам і прызначыў наступнае паседжанне на 9-30 10 красавіка.