viasna on patreon

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Сакавік 2019

2019 2019-04-01T12:38:30+0300 2019-04-01T14:23:04+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vokladka_sakavik_2019.gif Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Высновы:

  • на працягу месяца ў месцах пазбаўлення волі працягваў знаходзіцца палітвязень Міхаіл Жамчужны;
  • 4 сакавіка галоўная рэдактарка незалежнага інфармацыйнага партала TUT.by Марына Золатава была прызнаная вінаватай у здзяйсненні злачынства па ч. 2 арт. 245 КК (бяздзейнасць службовай асобы) і прыгавораная да штрафу ў памеры 300 базавых велічынь;
  • 7 сакавіка ў дачыненні да блогера Аляксандра Кабанава была распачатая крымінальная справа па ч. 1 арт. 211 КК (прысваенне або растрата). Ён падазраецца ў прысваенні перададзеных яму жыхарамі дома 440 рублёў у перыяд выканання ім абавязкаў старшыні таварыства ўласнікаў ў 2017 годзе. Справа была ўзбуджаная па заяве дзеючага супрацоўніка міліцыі, жыхара дадзенага дома.
  • 20 сакавіка стала вядома аб узбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да яшчэ аднаго вядомага блогера, жыхара п. Акцябрскі Гомельскай вобласці Андрэя Павука. Крымінальная справа была распачатая па ч. 1 арт. 340 КК (заведама ілжывае паведамленне аб небяспецы). А. Павука падазраюць у тым, што ён адаслаў са свайго адрасу электроннае паведамленне ў МНС Гомельскай вобласці аб мініраванні выканкама Кастрычніцкага р-на. Варта адзначыць, што раней крымінальная справа была ўзбуджаная ў дачыненні да вядомага брэсцкага блогера С. Пятрухіна;
  • 23 і 24 сакавіка ў г. Гродна і г. Мінску прайшлі арганізаваныя шэрагам апазіцыйных сілаў краіны і санкцыянаваныя уладай традыцыйныя масавыя мерапрыемствы ў сувязі з святкаваннем абвяшчэння незалежнасці БНР. Арганізаваны ў адпаведнасці з заканадаўствам мітынг у г. Мінску суправаджаўся адвольнымі затрыманнямі супрацоўнікамі міліцыі некаторых яго ўдзельнікаў. Пазней затрыманні грамадзян адбываліся на Кастрычніцкай плошчы Мінска і прылеглых да яе вуліцах. Так, міліцыяй на непрацяглы час былі затрыманыя вядомыя беларускія рок-музыкі, якія збіраліся зладзіць вулічны канцэрт на пешаходнай вуліцы;
  • на працягу месяца працягваўся пераслед журналістаў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ без акрэдытацыі;
  • на працягу сакавіка зафіксаваныя выпадкі прыцягнення грамадзян да адміністрацыйнай адказнасці за распаўсюд так званых «экстрэмісцкіх матэрыялаў», у тым ліку ў інтэрнэце. У большасці выпадкаў гэта з'яўлялася неправамерным і непрапарцыйным абмежаваннем свабоды выказвання меркаванняў;
  • зафіксаваныя выпадкі затрыманняў і адміністрацыйных арыштаў грамадзян у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў;
  • прызнаны Amnesty International у перыяд пазбаўлення волі вязнем сумлення актывіст Дзмітрый Паліенка ізноў затрыманы і больш за дзесяць дзён без прад'яўлення абвінавачвання ўтрымліваецца ў зняволенні;
  • у цэлым у сакавіку намеціліся трывожныя тэндэнцыі пагаршэння агульнай сітуацыі з правамі чалавека ў краіне, што можа сведчыць аб узмацненні ўзроўню рэпрэсіяў перад будучымі выбарамі.

Палітычныя зняволеныя і палітычна матываваны пераслед

4 сакавіка суд Заводскага раёна Мінска агучыў прысуд галоўнай рэдактарцы партала TUT.by Марыне Золатавай па ч. 2 арт. 425 Крымінальнага кодэкса (бяздзейнасць службовай асобы). У адпаведнасці з вынесеным суддзёй Аляксандрам Петрашам прысудам, М. Золатава была прысуджаная да штрафу ў памеры 300 базавых велічынь, альбо 7 650 рублёў. Таксама з яе спагнаныя выдаткі БелТА на адвакатаў у памеры больш за 6 000 рублёў.

Нагадаем, што 7 жніўня 2018 г. Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь распаўсюдзіў інфармацыю аб узбуджэнні крымінальнай справы па ч. 2 арт. 349 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі, здзейснены з карыслівай ці іншай асабістай зацікаўленасці, або групай асоб па папярэдняй змове, або асобай, якая мае доступ да камп’ютарнай сістэмы або сеткі).

Усяго за два дні былі затрыманыя 9 журналістаў розных інфармацыйных выданняў і рэсурсаў, а ў рэдакцыях вядучых незалежных інфармацыйных парталаў і па месцы жыхарства журналістаў былі праведзеныя ператрусы. Сямёра журналістаў былі затрыманыя на трое сутак у якасці падазраваных па ўзбуджанай крымінальнай справе і змешчаны ў ІЧУ. На працягу трох сутак усе затрыманыя былі вызваленыя. Марыне Золатавай прад'яўленае абвінавачванне ў бяздзейнасці службовай асобы.

Відавочна рэпрэсіўныя і непрапарцыйныя дзеянні беларускіх уладаў у дачыненні да незалежных СМІ і журналістаў выклікалі значны грамадскі рэзананс і пратэсты з боку як нацыянальных, так і міжнародных журналісцкіх і праваабарончых арганізацый.

У сувязі з дадзенымі падзеямі ПЦ “Вясна” і БАЖ таксама выступілі з сумеснай заявай, у якой назвалі тое, што адбываецца, грубым парушэннем свабоды выказвання меркаванняў і дзейнасці СМІ. Сумесны зварот праваабарончых арганізацый Беларусі быў накіраваны спецыяльнаму дакладчыку ААН па пытанні аб заахвочванні і абароне права на свабоду меркаванняў і іх свабоднае выказванне Дэвіду Кайе і Прадстаўніку АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Арлему Дэзіру.

7 сакавіка ў г. Бяроза ў доме блогера Аляксандра Кабанава быў праведзены ператрус у рамках узбуджанай у дачыненні да яго крымінальнай справы. Як стала пазней вядома ПЦ “Вясна”, крымінальная справа па ч. 1 арт. 211 КК (прысваенне або растрата) была ўзбуджаная Бярозаўскі раённым аддзелам Следчага камітэта па заяве аднаго з суседзяў па хаце, які з'яўляецца дзеючым супрацоўнікам міліцыі.

Блогер падазраецца ў тым, што ў 2017 годзе нібыта атрымаў ад жыхароў дома, у якім ён пражывае, грашовыя сродкі на дзяржаўную рэгістрацыю таварыства ўласнікаў і выраб праектнай дакументацыі на будаўніцтва падвальных памяшканняў. Пасля гэтага, не выканаўшы узятыя на сябе абавязацельствы, ён прысвоіў дадзеныя грашовыя сродкі ў памеры 400 рублёў.

Сам А. Кабанаў сцвярджае, што 440 рублёў былі яго заработнай платай за выкананне iм на працягу чатырох месяцаў абавязкаў старшыні таварыства ўласнікаў. Дадзеныя сродкі добраахвотна перадаваліся яму жыхарамі дома і ніякіх прэтэнзій да яго да нядаўняга часу ніхто з іх не выстаўляў.

Варта нагадаць, што 1 лютага 2019 года Брэсцкім міжраённым аддзелам Следчага камітэта была вынесена пастанова аб прыцягненні ў якасці абвінавачанага яшчэ аднаго вядомага блогера з Брэста — Сяргея Пятрухіна. Яго абвінавачваюць па ч. 2 арт. 188 (паклёп) і ч. 2. арт. 189 (абраза) КК. Падставай для распачынання справы сталі яго відэаролікі, у якіх ён заявіў пра дачыненне шэрагу супрацоўнікаў Ленінскага РУУС г. Брэста да збіцця ў 2016 г. жыхара горада П. Камінскага.

Блогеры Cяргей Пятрухін і Аляксандр Кабанаў — нязменныя ўдзельнікі акцый пратэсту супраць будаўніцтва экалагічна шкоднага акумулятарнага завода ў г. Брэсце, раней неаднаразова затрымліваліся ў сувязі з гэтым супрацоўнікамі міліцыі. Таксама С. Пятрухін і А. Кабанаў сталі вядомыя дзякуючы шматлікім відэаролікам, якія крытыкуюць дзейнасць прадстаўнікоў мясцовай улады, у тым ліку і органаў унутраных справаў.

Праваабаронцы ПЦ “Вясна” таксама занепакоеныя сітуацыяй, якая склалася вакол блогера Андрэя Павука, якога 20 сакавіка затрымалі супрацоўнікі міліцыі ў г. Акцябрскі Гомельскай вобласці. Пазней па месцы яго пражывання ў рамках узбуджанай крымінальнай справы супрацоўнікамі міліцыі быў праведзены ператрус, канфіскаваныя камп’ютар і іншая тэхніка. Крымінальная справа ў дачыненні да А. Павука была ўзбуджаная па ч. 1 арт. 340 КК (заведама ілжывае паведамленне аб небяспецы). Па версіі следства, А. Павук адправіў з свайго адраса электронны ліст у гомельскае абласное аддзяленне МНС з паведамленнем аб мініраванні Кастрычніцкага райвыканкама, супрацоўнікі якога былі ў сувязі з гэтым эвакуіраваны адмысловымі службамі. Пасля допыту ў якасці падазраванага А. Павук быў адпушчаны.

На думку праваабаронцаў “Вясны”, дадзеныя факты крымінальнага пераследу блогераў па відавочна надуманых падставах могуць сведчыць пра ўзмацненне кантролю ў інтэрнэт-сферы напярэдадні выбараў, якія адбудуцца ўжо сёлета.

Жорсткае абыходжанне

Жыхар Брэста Павел Камінскі, гісторыя якога стала вядомая дзякуючы блогеру Сяргею Пятрухіну, падаў скаргу пракурору г. Брэста на адмову ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі, якіх ён абвінавачвае ў яго збіцці. З 3 ліпеня 2016 года пастановы следчага аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да міліцыянтаў неаднаразова адмянялі, але той зноў і зноў не жадаў паўнавартасна расследаваць тое, што здарылася.

Намеснік пракурора г. Брэста адмовіў у скарзе па відавочна надуманых падставах; адмову няцяжка звязаць з тым, што гэта ж ведамства рыхтуецца падтрымаць крымінальнае абвінавачванне блогера Сяргея Пятрухіна ў паклёпе на супрацоўнікаў міліцыі, якія праходзяць па матэрыялах праверкі. Накіраваныя новыя скаргі, у тым ліку з патрабаваннем да Генеральнай пракуратуры самастойна расследаваць інцыдэнт.

Парушэнне гарантый справядлівага суда

Праз пяць месяцаў пасля вызвалення з калоніі прызнаны ў перыяд адбыцця пакарання Amnesty International вязнем сумлення актывіст Дзмітрый Паліенка ізноў затрыманы і больш за дзесяць дзён без прад'яўлення абвінавачвання ўтрымліваецца ў зняволенні. Пасля дзесяці сутак затрымання ў ІЧУ да яго ўжылі меру стрымання без прад'яўлення абвінавачвання і змясцілі ў СІЗА. Насуперак агульнапрызнаным правілам, працэсуальныя нормы беларускага заканадаўства дазваляюць трымаць у зняволенні без прад'яўлення абвінавачвання падазраваных па некаторых складах злачынстваў тэрмінам да 20 сутак. Гэта, як мінімум, парушае права затрыманага на абарону. Акрамя таго, паступаюць паведамленні аб парушэнні права затрыманага на медыцынскую дапамогу і перапіску, а таксама аб аказанні ціску на сведку па крымінальнай справе, узбуджанай супраць актывіста. У часе ператрусу ў актывіста чамусьці канфіскавалі ўсю тэхніку (камп’ютар, мабільны тэлефон), літаратуру, улёткі, налепкі і г.д.

У лютым Дзмітрыя Паліенку ўжо затрымлівалі па падазрэнні ў нанясенні графіці. Цяперашняе затрыманне звязанае з падазрэннем ва ўжыванні ім газавага балончыка ў пад’ездзе жылога дома ў ходзе канфлікту з нейкай асобай; па наяўнай інфармацыі, сам Паліенка тлумачыць прымяненне газавага балончыка неабходнай самаабаронай.

Парушэнне свабоды мірных сходаў

1 сакавіка ў Мінску пачаліся суды над затрыманымі ўдзельнікамі акцыі “Свабоду палітвязням”, якая прайшла 26 лютага на Кастрычніцкай плошчы. Улады адвольна выкарыстоўвалі працэсуальную норму, якая дазваляе затрымліваць грамадзян за ўчыненне адміністрацыйных правапарушэнняў на тэрмін да 72 гадзін, і максімальна адтэрмінавалі разгляд адміністрацыйных справаў.

Паўла Севярынца суддзя Ганна Буйноўская пакарала арыштам на 10 сутак. Суддзі Таццяна Акавітая і Вікторыя Шабуня прызначылі Майі Навумавай, Леаніду Кулакову і Вользе Нікалайчык штрафы ў памеры 45 базавых велічынь кожнаму (1 147,5 рублёў). У іншыя дні штрафамі пакараныя яшчэ трое актывістаў.

Правесці мірныя сходы ў адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства ў Мінску складана: арганізатарам правядзення мерапрыемстваў Дня Волі, якія прадстаўлялі розныя партыі і рухі, а таксама іх аб’яднанні з групамі актывістаў, адмовілі ў прадастаўленні магчымасці правесці мерапрыемствы на многіх ключавых пляцоўках у горадзе.

Так, гарадскія ўлады не дазволілі правесці мітынг 25 сакавіка каля Вялікага тэатра оперы і балета. Таксама не дазволеныя мерапрыемствы на стадыёне «Дынама». Прыйшла адмова і па запытаных пляцоўках каля Палаца спорту і на плошчы Свабоды.

У ходзе дазволеных мерапрыемстваў Дня Волі былі затрыманыя некалькі чалавек, у прыватнасці 24 сакавіка: Зміцер Дашкевіч — за змест выступу (пасля двухдзённага арышту аштрафаваны), Віталь Рымашэўскі — без прычыны, а таксама Наталля Гарачка, чый пратакол за дробнае хуліганства пасля трох сутак утрымання актывісткі ў ІЧУ быў накіраваны на дапрацоўку.

25 сакавіка ў розных месцах, па інфармацыі “Вясны”, было затрымана больш за 15 чалавек. Сярод іх — палітыкі і актывісты, а таксама вядомыя рок-музыкі, якія збіраліся зладзіць імправізаваны канцэрт на пешаходнай вуліцы ў цэнтры горада.

28 сакавіка суддзя Вікторыя Шабуня разгледзела адміністрацыйную справу актывісткі Алены Талстой, якая на Дзень Волі на Кастрычніцкай плошчы прыкавала сябе ланцугом да слупа і трымала ў руках плакат з надпісам «Дзень Волі ў няволі. Свабоду народу!». Акцыя працягвалася каля 10 хвілін і скончылася затрыманнем. Трое сутак актывістка знаходзілася ў ізалятары часовага ўтрымання, і была аштрафаваная на 40 базавых велічыняў (1 020 рублёў).

Парушэнне свабоды меркаванняў і іх выказвання

Працягваецца адвольнае прымяненне антыэкстрэмісцкага заканадаўства з мэтай абмежавання свабоды меркаванняў і іх выказвання, свабоды атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю.

4 сакавіка ў судзе Фрунзенскага раёна г. Мінска прайшло судовае пасяджэнне па адміністратыўнай справе ў дачыненні да анархіста Мікалая Дзядка. Яго абвінавацілі ў распаўсюдзе інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, па ч. 2 арт. 17.11 КаАП за стары пост у сацыяльнай сетцы.

Суддзя Алена Бушава аштрафавала яго на 50 базавых велічынь (1 275 рублёў). Гэта ўжо трэці выпадак за паўгода, калі актывіста судзяць па згаданым артыкуле.

У Гомелі суддзя Яраслаў Парэмскі пакараў Ігара Чуба за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў (артыкул 17.11 КаАП). Гаворка ідзе пра даўні репост матэрыялу сацыяльнай накіраванасці (“У Гомельскай вобласці страйкуюць механізатары і кіроўцы”) з сайта, які пасля быў прызнаны экстрэмісцкім.

Ціск на журналістаў

Ціск на незалежных журналістаў не спыняецца. Журналістаў з Брэста Алеся Леўчука і Мілану Харытонаву суддзя Раман Карабан аштрафаваў на 120 базавых велічынь, або 3 060 рублёў на дваіх, за здымкі рэпартажу для замежнага СМІ.

Віталя Скрыля суддзя Міхаіл Зубеня з Віцебска аштрафаваў на 25 базавых велічыняў (637,5 рублёў) за тое, што матэрыялы, якія яму прыпісваюцца, былі паказаны “Белсатам”.

Адвольнае пазбаўленне волі ў ЛПП

Юрысты Праваабарончага цэнтра “Вясна” накіравалі Працоўнай групе па адвольных затрыманнях ААН паведамленне аб адвольным пазбаўленні свабоды грамадзяніна Беларусі Яраслава Габрынца, які ізаляваны ў лячэбна-працоўным прафілакторыі і прыцягваецца да прымусовай працы.

Гэта чарговы захад праваабаронцаў у дзеяннях, накіраваных на ліквідацыю ЛПП як інстытута.

Адміністрацыйны пераслед у лічбах і дыяграмах:

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства