На блогера Андрэя Павука распачатая крымінальная справа Дапоўнена
Як паведамляе жонка блогера Андрэя Павука у фэйсбуку каля 11 гадзін, актывіста затрымалі за тое, што нібыта з іх хатняга кампутара было адпраўлена паведамленне аб мініраванні Акцябрскага райвыканкама. Таксама ёй стала вядома, што пракурор рыхтуе санкцыю на ператрус у кватэры.
Як піша "БАЖ", цяпер Андрэй Павук затрыманы нібыта для допыту, у кватэры ідзе ператрус. Жонка блогера Вольга Павук звярнула ўвагу, што ў пастанове на ператрус пазначаны адрас аб’екту, на які паступіла паведамленне пра мініраванне – вуліца Савецкая, 58. Але па гэтым адрасе знаходзіцца гасцініца "Октябрьская", а не райвыканкам.
Следчы камітэт у 13.12 гадзін у афіцыйным тэлеграм-канале паведаміў, што распачатая крымінальная справа па ч.1 арт. 340 Крымінальнага кодэкса па факту заведама фальшывага паведамлення аб мініраванні райвыканкама ў гп. Акцябрскі. Па гэтым артыкуле прадугледжаная крымінальная адказнасць да пяці гадоў пазбаўлення волі.
У 16.30 праваабаронцам стала вядома, што Андрэя Павука адпусцілі. Як паведамляе Прэс-служба ГА "БАЖ", Андрэю Павуку далі падпісаць дакумент, у якім гаворыцца, што ён праходзіць падазраваным па крымінальнай справе па ч.1 арт. 340 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь па факце заведама фальшывага паведамлення аб мініраванні будынка райвыканкама ў гп. Акцябрскі.