viasna on patreon

Фотаальбом "Вясна-2017" — намінант прэміі на лепшую вокладку

2019 2019-03-18T11:48:22+0300 2019-03-19T12:04:35+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/viasna17_prez.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Беларускі ПЭН-цэнтр 16 лютага абвясціў шорт-ліст прэміі Міхала Анемпадыстава, у топ-10 якіх увайшла вокладка да фотаальбома "Вясна-2017", паведамляецца на сайце арганізацыі. Укладальніцай кнігі з'яўляецца прадстаўніца Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алена Лапцёнак. Над вокладкай працавалі: Віталь Ругайн, Наста Рагатка, Даша Сапранецкая, Максім Горбік, Андрэй Кабанаў (фота), Агата Пойзан (дызайн).

Алесь Бяляцкі і Алена Лапцёнак з вокладкай фотаальбома

Кароткі спіс абвешчаны ў дзень народзінаў паэта, мастака і дызайнера, якому сёння споўнілася б 55 гадоў. Увогуле на прэмію за найлепшую кніжую вокладку намінавалася больш як 60 кніг. Журы абрала дзесяць вокладак для шорт-ліста. У шорт-ліст прэміі ўвайшлі таксама:

  1. Грыгорый Кацнэльсон – Рычард Гавяліс «Віленскі покер», выдавецтва “Логвінаў”;
  2. Анатоль Лазар – Чарльз Букоўскі “Чытво”, выдавецтва “Логвінаў”;
  3. Аляксандр Лучына – VEHA “Найлепшы бок”, выдавецтва “Янушкевіч”;
  4. Арцём Масюкевіч – Святлана Алексіевіч “Галасы Утопіі”, выдавецтва “Логвінаў”;
  5. Анастасія Стальмахова, на вокладцы выкарыстаны фрагмент працы Сяргея Шабохіна “Практыкі падпарадкавання” – Вольга Шпарага “Сообщество-после-Холокоста: на пути к обществу инклюзии», выдавецтва "Медысонт”;
  6. Павел Татарнікаў – Уладзімір Ягоўдзік, Павел Татарнікаў «Залатая шарсцінка, срэбная павуцінка: беларускія народныя казкі», выдавецтва “Медыял”;
  7. Сяргей Шаматульскі – Павел Касцюкевіч «Бульба ў райскім садзе», выдавецтва “Логвінаў”;
  8. Сяргей Шаматульскі – Вольга Такарчук «Вядзі свой плуг праз косткі мёртвых», выдавецтва “Логвінаў”;
  9. Уладзіслава Юрчанка – Антон Кулон “Сіняя кніга беларускага алкаголіка ПЛЮС”, выдавецтва “Галіяфы”.

Шорт-ліст абіраўся рэйтынгавым галасаваннем: сябры журы ацэньвалі кожную вокладку па дзесяцібальнай шкале, і адзнакі сумаваліся.

У журы ўвайшлі пісьменнік, мастак Адам Глобус, літаратарка Вольга Бабкова, дызайнер Уладзімір Цэслер, пісьменнік, мастак Артур Клінаў, мастачка Антаніна Слабодчыкава, дызайнерка Алена Дашкевіч, дызайнер Юрый Тарэеў, мастачка і паэтка Васіліса Паляніна.

Прэмія ўручаецца аўтару або камандзе аўтараў вокладкі. Пераможцу назавуць 7 красавіка ў прасторы ОК16 падчас фестываля “Прадмова”.

Ініцыятыва адзначаць найлепшую кніжную вокладку да беларускай кнігі належыць Беларускаму ПЭН-цэнтру сумесна з Беларускім саюзам дызайнераў і “Лятучым універсітэтам”, а таксама польскім партнёрам ТАА “H&L” і фондам “Адкрытая культура”. Генеральным партнёрам выступіў незалежны тэлеканал “Белсат”, прэмія ладзіцца ў межах грамадскай кампаніі «Беларускамоўныя».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства