viasna on patreon

У аддзеле прымусовага выканання пакаранняў абураны жаданнем Фядыніча наведваць царкву

2019 2019-03-15T11:57:06+0300 2019-03-15T14:13:07+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/prafsajyz-sud-13-08-3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Генадзь Фядыніч на судзе

Генадзь Фядыніч на судзе

Лідар прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч, які зараз адбывае пакаранне на “дамашняй хіміі”, напісаў заяву на імя начальніка Цэнтральнага РУУС Мінска з просьбай дазволіць яму наведваць у нядзелю царкву. Пра гэта паведамляецца на сайце palitviazni.info.

“У аддзеле прымусовага выканання пакаранняў Цэнтральнага раёна вельмі абурыліся, калі даведаліся пра такую маю просьбу”, – распавёў Генадзь Фядыніч.

Нагадаем, што 9 лістапада мінулага года ў Мінскім гарадскім судзе лідары прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік абскарджвалі прысуд ад 24 жніўня 2018 года, паводле якога яны прызнаныя вінаватымі па ч.2 арт.243 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (ухіленне ад выплаты падаткаў у буйным памеры).

Суд Савецкага раёна асудзіў кіраўнікоў прафсаюза РЭП на 4 гады абмежавання волі без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу. Мінскі гарадскі суд пакінуў рашэнне раённага ў сіле.

У дачыненні да Ігара Комліка абмежаванні пачалі дзейнічаць з 19 снежня мінулага году, да Генадзя Фядыніча – з 4 студзеня гэтага году.

“Як вядома, чалавек, які адбывае пакаранне на “дамашняй хіміі”, у выхадныя дні павінен знаходзіцца ўвесь час дома, – кажа Генадзь Фядыніч. – Але я, напрыклад, маю жаданне ў нядзелю наведваць царкву. Чаму не маю такога права? Таму і накіраваў заяву на імя начальніка Цэнтральнага РУУС Мінска”.

У заяве Генадзь Фядыніч напісаў: 

“У сувязі з тым, што я з’яўляюся веруючым чалавекам, а ў перыяд адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі маю патрэбу ў духоўнай падтрымцы, прашу прадаставіць мне магчымасць наведваць праваслаўны храм Пятра і Паўла. Наведванне храма неабходна для ўдзелу ў богаслужэннях па нядзелях. На гэтай падставе прашу дазволіць пакідаць сваё жыллё з 9.00 да 12.00”.

Са слоў прафсаюзнага лідара, у яго з гэтай нагоды адбылася размова і з начальнікам аддзела прымусовага выканання Цэнтральнага раёна.

“Той нават абурыўся, што я падаў такую просьбу, – працягвае Генадзь Фядыніч. – Маўляў, не хачу выконваць рэжым адбыцця пакарання, а таму і прыкрываюся царквой. Яны ж прызвычаіліся, што іх “кліенты” не маюць ніякіх правоў, права голасу і павінны кланяцца ў ногі тым, хто за імі наглядае. Але я ведаю свае правы і буду дамагацца, каб яны выконваліся”.

Генадзь Фядыніч дадае: “Калі адмовяць наведваць царкву, то буду абскарджваць гэтае рашэнне ў пракуратуры”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства