viasna on patreon

Віцебскага журналіста асудзілі за матэрыял, які перамог у журналісцкім конкурсе

2019 2019-03-15T14:08:00+0300 2019-03-15T14:23:23+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vitebsk_0411_2_f2_0_0.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Журналіста-фрылансера Віталя Скрыля абвінавацілі ў незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ па ч. 2 арт. 22.9 КаАП Рэспублікі Беларусь, за матэрыял, які паказаны на тэлеканале “Белсат”.

Журналіст-фрылансер Віталь Скрыль. Фота: БАЖ

Гэты відэасюжэт быў прызнаны адным з найлепшых на конкурсе, які праводзіў Віцебскі рэгіянальны медыяцэнтр, піша «БАЖ”. І хаця ў матэрыяле гучыць імя аўтара сюжэта, у суд 14 сакавіка выклікалі менавіта Віталя Скрыля.

Паводле міліцэйскіх дакументаў, відэасюжэт пра мясцовы сыразавод, які не працуе праз недахоп сыравіны, супрацоўнікі Сенненскага РАУС убачылі на тэлеканале “Белсат” 26 студзеня. Міліцыянты апыталі 13 работнікаў, ці скардзіліся яны на стан прадпрыемства, і што за рэпарцёры запісвалі іхныя словы на відэа.

Усе апытаныя паказалі, што рэпарцёраў было двое, але ніхто не назваў ні іх імёнаў, ні характэрных прыкмет. На гэтым міліцэйская праверка завяршылася. 25 лютага справу па падазрэнні ў парушэнні часткі 2 артыкула 22.9 КаАП скасавалі.

Аднак пракурор Сенненскага раёна, саветнік юстыцыі Ігар Лісоўскі вярнуў справу на паўторную праверку — расследаванне, на ягоную думку, было няпоўным.

Пракурор параіў прагледзець запісы з камер назірання сыразавода і суседніх прадпрыемстваў, каб вызначыць, хто прыязджаў у Сянно. Але відэакамеры, як высветлілася, запісаў не захоўваюць — працуюць толькі ў анлайн-рэжыме.

Тады супрацоўнікі міліцыі вырашылі шукаць звесткі пра магчымых візіцёраў у інтэрнэце. І нейкім чынам трапілі адразу на сайт ГА “БАЖ”, дзе прачыталі пра конкурс журналісцкіх прац. Праўда, ні фотаздымка Віталя Скрыля, ні згадкі пра тое, што менавіта ён з’яўляецца аўтарам матэрыялу “Белсата” там не знайшлося. Затое здымкі журналіста адшукаліся ў пабліку “Твой Витебск” — групе “Вконтакте”, у якой усяго 102 удзельнікі. 

Па фотаздымках, узятых з віцебскага пабліка, Віталя Скрыля пазналі ўсе, да каго звярнуліся супрацоўнікі міліцыі. Прычым пазналі “слова ў слова”: запісы ў пратаколах апытання, складзеных старшым лейтэнантам Паўлам Осіпавым, практычна не адрозніваюцца.

Менавіта на гэтым апазнанні і базуецца ўся адміністрацыйная справа Віталя Скрыля. І яшчэ на тым, што ён з'яўляецца журналістам. Ніякіх доказаў таго, што ён незаконна вырабіў і распаўсюдзіў прадукцыю СМІ, сярод 44-х дакументаў, перададзеных у суд, няма.

Сенненскі раённы суд даслаў справу журналіста-фрыланесера ў Віцебск, так што нікуды ехаць яму не давялося. Справа 14 сакавіка разглядаў судзя суда Віцебскага раёна Міхаіл Зубеня. Вынік - 25 базавых велічынь штрафу (637,5 рублёў). 


  Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства