viasna on patreon

“Куды павязуць: у турму ці ў лес за кальцавую?” Пісьменнікі ўзгадалі свой турэмны досвед Фота Аўдыё

2019 2019-02-13T12:19:40+0300 2019-02-13T16:28:09+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/systrecha_palitvyaznyau_16.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Фота ПЦ "Вясна"

Фота ПЦ "Вясна"

У Мінску на адукацыйна-асветніцкай пляцоўцы “Тэрыторыя правоў” 12 лютага адкрылася выстава “Лісты палітвязням: ад 1996 года да нашых дзён”. Падчас імпрэзы вядомыя беларускія пісьменнікі, грамадскія дзеячы і былыя палітычныя зняволеныя Алесь Бяляцкі, Зміцер Дрозд і Уладзімір Някляеў падзяліліся сваімі ўспамінамі пра жыццё за кратамі.

У прыватнасці, яны распавялі пра свае ўражанні ад першага дня ў зняволенні. І гэтыя ўражанні апынуліся даволі рознымі.

Алесь Бяляцкі пра першыя суткі за кратамі пасля затрымання летам 2011 года: "Афіцэр ДФР сказаў, што яны хочуць адразу павезці мяне на Валадарку. Мой першы дзень быў менавіта там. Я трапіў у камеру, дзе ўжо знаходзілася 18 чалавек. І ты глядзіш на гэта ўсё ашалелымі вачыма, бо адчуваеш пэўны шок. Мяне спыталі, па якім артыкуле сяджу, я адказаў, затым мне паказалі маю шконку. Я лёг на яе, ляжу і гляджу на гэта ўсё. І думаеш пра сябе: “Што ж ты такое зрабіў, каб тут апынуцца?”

systrecha_palitvyaznyau_1.jpg
Алесь Бяляцкі. Фота ПЦ "Вясна"

Затым высветлілася, што ў гэтай камеры ў асноўным сядзелі будаўнікі. І, напрыклад, адзін, як апынулася, быў маім суседам па лецішчы. Далей пачынаецца больш давяральны абмен інфармацыяй. Праз некалькі дзён мяне перакінулі ў іншую камеру, дзе было ўжо шэсць чалавек. Там мне адразу прапанавалі шконку, дзе да мяне жыў “прэзідэнт” – кандыдат у прэзідэнты Дзмітрый Ус".

Падчас мерапрыемства Алесь Бяляцкі прадставіў свой зборнік турэмных апавяданнях “Турэмныя сшыткі”.

systrecha_palitvyaznyau8.jpg
Фота ПЦ "Вясна"

Уладзімір Някляеў пра першую ноч пасля затрымання ў снежні 2010 года: "Мяне забралі ноччу прама з палаты рэанімацыі. І гэта была вельмі цікавая ноч. Мяне прама з кропельніцамі пацягнулі па калідоры. Я пазней зразумеў, чаму мне не далі даляжаць да раніцы, - каб нагнаць страху. Бо была пастаўлена задача – дазнацца пра фінансаванне. Яны амаль голым выцягнулі на мароз і закінулі ў аўтобус. Усе твае рэсурсы кажуць “ратуйся”, а як – ты прыдумаць не можаш. Узгадаў тады зніклых палітыкаў - Захаранку, Ганчара... Я глядзеў, куды паедзе машына: у турму ці кудысьці ў лес за кальцавую. Калі за кальцавую – то, відаць, шанцаў ужо няма. Але ўсё ж прывезлі ў “Амерыканку”, чаму ў той момант я быў рады.

systrecha_palitvyaznyau_12.jpg
Уладзімер Някляеў. Фота ПЦ "Вясна"

На “Амерыканцы” адразу пачалі ламаць: паказваць фота пісталетаў, гранатаў і казаць, што гэта знойдзена ў мяне ў стале, і пад пагрозамі прымянення больш цяжкага артыкула (які прадугледжваў смяротнае пакаранне) прымушаць распавесці пра фінансаванне. Карацей, гэта была не самая лепшая ноч у маім жыцці…"

Зміцер Дрозд: "Гэтых “першых дзён” у турме, атымліваецца, было шмат. І першы дзень на ІЧУ, і першы дзень на Валадарцы ў адной камерны, і першы дзень у іншай камеры і г.д. Што звычайна адбываецца? Галоўны па камеры пытаецца ў цябе, якой ты арыентацыі, па якім артыкуле трапіў і з якімі людзьмі маеш зносіны. Затым табе выдзяляюць шконку, спачатку на верхнем ярусе, а калі ніжнія вызваляюцца, то “пераязджаеш” ўніз, гэтак званы “прывілеяваны паверх”.

Таксама былыя палітвязні распавялі пра ўплыў турэмнага досведу на магчымасць ствараць мастацкія творы. Напрыканцы імпрэзы выступілі паэт і музыка Эдуард Акулін і паэтка Галіна Дубянецкая.

systrecha_palitvyaznyau_5.jpg
Фота ПЦ "Вясна"

“Куды павязуць: у турму ці ў лес за кальцавую?” Пісьменнікі ўзгадалі свой турэмны досвед
Пісьменнікі-палітвязні пра беларускую турму

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства