viasna on patreon

Што робіць Следчы камітэт з канфіскаванымі ў грамадзянкі грашыма?

2019 2019-02-08T16:41:35+0300 2019-02-20T13:10:34+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sk_iziali2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Вось ужо 11 месяцаў грамадзянка А. не можа дамагчыся вяртання грошай і ноўтбука, канфіскаваных у яе на расейска-латвійскай мяжы, а пазней перададзеных беларускаму боку.

8 сакавіка 2018 года грамадзянка А. са сваімі знаёмымі на асабістым аўтамабілі перасякала мяжу, дзе службовыя асобы мытнага паста "Бурачкі" правялі мытны дагляд транспартнага сродку і асабістых рэчаў А. У выніку ў жанчыны былі канфіскаваныя грашовыя банкноты ў эквіваленце дзевяці тысяч даляраў і ноўтбук.

Пазней канфіскаваная маёмасць была перададзеная праваахоўным органам Рэспублікі Беларусь у рамках нейкай крымінальнай справы.

Грамадзянка А. ўжо некалькі разоў накіроўвала звароты ў Следчы камітэт, але адтуль у адказ ёй паступалі адпіскі, нібыта вярнуць забраныя грашовыя сродкі не ўяўляецца магчымым, а іх далейшы лёс будзе вызначаны пасля правядзення ўсіх мерапрыемстваў, накіраваных на ўстанаўленне паходжання і фактычнага ўласніка маёмасці.

Жанчына звярталася некалькі раз і ў пракуратуру. Тая праводзіла праверку, па выніках якой адказвала:

«Вывучэнне матэрыялаў праверкі ў пракуратуры горада Мінска паказала, што ў пастанове аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы неабгрунтавана прынята рашэнне аб захоўванні канфіскаваных аб'ектаў пры матэрыялах праверкі, у сувязі з чым вышэйпаказанае пастанова адмененая, матэрыялы накіраваныя ў УСК па г. Мінску для правядзення дадатковай праверкі. Пра яе вынікі Вы будзеце апавешчаныя органам папярэдняга следства».

Характэрна, што адказы пракуратуры ад 26 лістапада і ад 28 студзеня за подпісам начальніка аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства Алега Кандарэвіча выкладзеныя фактычна слова ў слова.

«Атрымліваецца, у мяне пад выглядам правядзення аперацый мытнага кантролю ў РФ па ўзгадненні з беларускімі спецслужбамі канфіскаваныя грошы і ноўтбук, якія належаць мне, і да гэтага часу не вернутыя. Іншай, законнай падставы канфіскацыі маіх грошай і ноўтбука мне не абвешчана. Гэта парушае мае грамадзянскія правы і правы ўласніка, што ахоўваюцца беларускім заканадаўствам і міжнароднымі абавязацельствамі Рэспублікі Беларусь», - адзначае грамадзянка А.

Яна мяркуе, што УСК па г.Мінску не мае законных падстаў ўтрымліваць яе асабістыя рэчы і грашовыя сродкі, і раз за разам просіць у тэрміновым парадку вярнуць канфіскаванае.

Але Следчы камітэт не спяшаецца вяртаць маёмасць законнаму ўладальніку.

Як адзначае юрыст ПЦ "Вясна" Аляксей Лойка, магчымасць канфіскацыі уласнасці на этапе даследчай праверкі законам не прадугледжана (у адпаведнасці з ч. 2 арт. 173 КПК).

«У сітуацыі з адабраннем грашовых сродкаў і ноўтбука ў грамадзянкі А. дзеянні службовых асобаў УСК па г.Мінску з'яўляюцца неправамернымі. На працягу лістапада і снежня 2018 г. УСК па г.Мінску двойчы выносілася пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы і двойчы «зусім выпадкова» следчыя «забывалі» вызначыць лёс канфіскаваных грашовых сродкаў і ноўтбука», - кажа юрыст.

Праваабаронца падкрэслівае, што з моманту канфіскацыі мінуў амаль год, за гэты час орган крымінальнага пераследу так і не выявіў крымінальнага характару паходжання канфіскаваных грашовых сродкаў.

«Пасля заканчэння праверкі канфіскаваная маёмасць павінна быць вернута ўласніку. Недатыкальнасць уласнасці гарантуецца дзяржавай у адпаведнасці з часткай другой арт. 44 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь», - упэўнены Аляксей Лойка.

На дадзеным этапе грамадзянка А. з дапамогай праваабаронцаў "Вясны" накіравала ўжо дзясятую скаргу на дзеянні следчых. У выпадку, калі кіраўніцтва Следчага камітэта не адрэагуе належным чынам і ў трэці раз вынесе пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы і таксама «зусім выпадкова забудзе» вызначыць лёс канфіскаваных грашовых сродкаў, жанчына мае намер звярнуцца ў суд з патрабаваннем абавязаць УСК па г. Мінску вярнуць канфіскаваныя грошы.


   Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства