viasna on patreon

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Студзень 2019

2019 2019-02-01T20:23:16+0300 2019-02-01T20:23:16+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vokladka_jan_2019.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Высновы:

  • на пачатак 2019 года ў месцах пазбаўлення волі працягваў знаходзіцца палітвязень Міхаіл Жамчужны;
  • крымінальная справа ў дачыненні да галоўнай рэдактаркі незалежнага інфармацыйнага партала TUT.BY Марыны Золатавай, распачатая па ч. 2 арт. 425 КК (бяздзейнасць службовай асобы), была перададзеная ў суд Заводскага р-на г. Мінска, дзе 12 лютага пачнецца разгляд справы;
  • 26 студзеня ўступілі ў сілу змены ў Закон Рэспублікі Беларусь “Аб масавых мерапрыемствах”, якія ўвялі паведамляльны парадак правядзення некаторых (статычных) відаў масавых мерапрыемстваў у спецыяльна вызначаных мясцовымі выканаўчымі органамі ўлады месцах. На думку праваабарончай супольнасці краіны, дадзеныя змены істотным чынам не змяняюць сітуацыю з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў;
  • працягваўся пераслед журналістаў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ без акрэдытацыі;
  • на працягу студзеня зафіксаваныя выпадкі прыцягнення грамадзян да адміністрацыйнай адказнасці за распаўсюд так званых “экстрэмісцкіх матэрыялаў”, у тым ліку ў інтэрнэце. У большасці выпадкаў гэта з'яўлялася неправамерным і непрапарцыйным абмежаваннем свабоды выказвання меркаванняў;
  • 9 студзеня Магілёўскі абласны суд вынес першы у 2019 годзе смяротны прысуд 36-гадоваму жыхару г. Бабруйска Аляксандру Асіповічу;
  • істотных паляпшэнняў сітуацыі з правамі чалавека ў студзені зафіксавана не было.

Палітычныя зняволеныя і палітычна матываваны пераслед

Крымінальная справа ў дачыненні да галоўнай рэдактаркі інфармацыйнага партала TUT.BY Марыны Золатавай была накіравана Генеральнай пракуратурай у суд Заводскага р-на г. Мінска, дзе 12 лютага пачнецца разгляд справы.

Марына Золатава засталася адзінай абвінавачванай па “справе БелТА”. Астатнія фігуранты — 14 супрацоўнікаў розных СМІ — былі вызваленыя ад крымінальнай адказнасці ў сувязі з прыцягненнем да адміністрацыйнай. Акрамя штрафаў журналісты былі абавязаныя кампенсаваць прад’яўленую шкоду. Сумы розныя: ад 3 да 17 тысяч рублёў.

Галоўную рэдактарку TUT.BY абвінавачваюць па ч. 2 арт. 425 Крымінальнага кодэкса (бяздзейнасць службовай асобы). Санкцыя артыкула — ад штрафу і да 5 гадоў пазбаўлення волі.

Першапачаткова Марына Золатава таксама падазравалася па ч. 2 арт. 349 (несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі) КК Беларусі. Менавіта па гэтым артыкуле былі абвінавачаныя астатнія фігуранты справы. З усіх падазраваных Золатава — адзіная, як высветліла следства, хто не ажыццяўляў доступ да платных матэрыялаў БелТА. Крымінальны пераслед па гэтым артыкуле ў дачыненні да Марыны Золатавай быў спынены “ў сувязі з неўчыненнем злачынства”.

СК двойчы адмовіў Золатавай ў задавальненні хадайніцтва аб спыненні крымінальнага пераследу паводле артыкула 86 Крымінальнага кодэкса.

Палітвязень Міхаіл Жамчужны працягвае атрымліваць спагнання ў калоніі № 9 у Горках у выглядзе змяшчэння ў штрафны ізалятар або памяшканне камернага тыпу. Як стала вядома праваабаронцам “Вясны”, за перыяд з сярэдзіны кастрычніка мінулага года па студзень гэтага, Жамчужны правёў у ШІЗА трыццаць пяць сутак і 1 месяц у ПКТ.

Па ранейшых падліках самога палітвязня, за каляндарны год, з 1 кастрычніка 2017 г. па кастрычнік 2018 га, ён адбыў у ШІЗА 270 сутак. Як бачна, гэтая практыка працягваецца і цяпер.

Большасць спагнанняў былі накладзеныя на Міхаіла Жамчужнага за адмову пайсці ў атрад пасля ШІЗА. Палітвязень такім чынам засцерагаецца ад правакацый у дачыненні да яго, якія маглі б панізіць яго статус сярод зняволеных. Ад усіх асуджаных ён зараз ізаляваны цалкам.

Смяротнае пакаранне

9 студзеня 2019 года Магілёўскім абласным судом быў вынесены першы ў гэтым годзе смяротны прысуд у дачыненні да 36-гадовага жыхара г. Бабруйска Аляксандра Асіповіча.

Яго прызналі вінаватым у двайным забойстве, здзейсненым пры абцяжарваючых абставінах, і асудзілі да смяротнага пакарання. Вынесены Магілёўскім абласным судом прысуд не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны ў апеляцыйным парадку ў калегію па крымінальных справах Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь.

Еўрапейскі саюз і Савет Еўропы ў чарговы раз заклікалі ўлады Беларусі ўвесці мараторый на прымяненне смяротнага пакарання ў краіне ў якасці першага кроку да яго поўнай адмены.

Нагадаем, на дадзены момант у СІЗА № 1 г. Мінска ў чаканні расстрэлу знаходзяцца раней асуджаныя да смяротнага пакарання Аляксандр Жыльнікаў і Вячаслаў Сухарка.

КПЧ ААН 24 снежня 2018 г. зарэгістраваў індывідуальны зварот А. Жыльнікава аб парушэнні яго правоў Рэспублікай Беларусь.

Парушэнне свабоды меркаванняў і іх выказвання

Марыну і Вячаслава Касінеравых міліцыянты затрымалі раніцай 25 студзеня каля дома па дарозе на працу. Актывістаў зноў абвінавацілі па арт. 17.11 КаАП і за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў прызначылі штрафы агульнай сумай у 90 базавых велічынь або 2 295 рублёў. Гаворка ідзе пра фатаграфію гэтай маладой сям'і ў шапках з надпісам “класавая вайна” па-англійску, якая рэспубліканскім спісам экстрэмісцкіх матэрыялаў забароненая да распаўсюджвання. За гэтую фатаграфію яны ўжо аштрафаваныя ў лістападзе 2018 года больш чым на 1 800 рублёў.

Яшчэ адной ахвярай “класавай вайны” 31 студзеня стаў Дзмітрый Паліенка: суддзя Алена Капцэвіч пакарала яго штрафам у 50 базавых велічыняў — 1 275 рублёў.

Парушэнне свабоды веравызнання

Польскаму святару-францысканцу Сабеславу Тамалу, які ўжо больш за 20 гадоў узначальвае прыход у Слуцку, апаратам упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў было забаронена служэнне ў Беларусі. У сувязі з гэтым вернікі пачалі збор подпісаў супраць такога рашэння. 23 студзеня служэнне святара ў Беларусі было падоўжанае на паўгода.

Пробашчу каталіцкай парафіі ў Віцебску ксяндзу Паўлу Кнурэку, які з’яўляецца грамадзянінам Польшчы, таксама забаранілі служыць у Беларусі. Святар праслужыў у Беларусі больш за 17 гадоў, але ў лістападзе 2018 года быў вымушаны пакінуць краіну, бо не атрымаў дазвол на далейшае служэнне ў Беларусі. 13 студзеня стала вядома, што ад упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леаніда Гулякі прыйшла чарговая і канчатковая адмова на падаўжэнне служэння Паўла Кнурэкі ў Беларусі — без тлумачэнняў прычын.

У пачатку студзеня было абвешчана аб новых планах забудовы ў мікрараёне Сухарава ў Мінску. Пад пагрозай зносу апынуўся будынак царквы “Новае жыццё”. Гэта не першая спроба ўладаў знесці культавы будынак; ранейшыя спробы сутыкаліся з упартым супрацівам вернікаў.

Улады не ўзгаднілі правядзенне Евангельскімі хрысціянамі-баптыстамі Міжнароднага Фестывалю надзеі, запланаванага на 3-5 траўня гэтага года.

Парушэнне права на мірныя сходы

Увечары 22 студзеня ля помніка Тарасу Шаўчэнку, што побач з пасольствам Украіны, сабраліся каля дзясятка актывістаў, якія ўсклалі кветкі і запалілі свечкі ў гонар Героя Украіны Міхаіла Жызнеўскага. Затым яны праспявалі “Магутны Божа” і гімн Украіны. Калі ўдзельнікі ўшанавання пачалі разыходзіцца, на праспекце Незалежнасці супрацоўнікі міліцыі гвалтоўна затрымалі Дзяніса Урбановіча і Вольгу Нікалайчык і адвезлі іх у РУУС Цэнтральнага раёна. 23 студзеня ў судзе Цэнтральнага раёна адбыўся разгляд іх адміністрацыйных справаў. Вольга Нікалайчык атрымала 40 базавых велічынь штрафу (1 020 рублёў). Дзяніс Урбановіч атрымаў максімальны штраф — 50 базавых (1 275 рублёў). Суддзя — Вікторыя Шабуня.

У судзе Брэсцкага раёна 30 студзеня прайшоў суд над Юліяй Нічыпарук, якую абвінавацілі ў несанкцыянаваным пікетаванні за тое, што яна павесіла ўлёткі і налепкі з пратэстам супраць будаўніцтва экалагічна небяспечнага завода на снегавікоў, якіх зляпілі яе дзеці. Суддзя Сяргей Маручак прызнаў яе вінаватай па ч. 1 арт. 23.34 КаАП і аштрафаваў на 25,5 рублёў.

Разам з тым, улады не даюць дазволу на правядзенне мірных сходаў, у тым ліку ў абарону права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе; магчымасці правядзення масавых мерапрыемстваў істотна абмежаваныя існуючым заканадаўствам.

Жорсткае абыходжанне

Упраўленне юстыцыі Магілёўскага аблвыканкама нервова адрэагавала на выказванні сябра грамадскай назіральнай камісіі, яе сакратара Барыса Бухеля аб парушэнні правоў палітвязня Міхаіла Жамчужнага: сябрам абласной ГНК разаслалі ліст начальніка ўпраўлення Аляксандра Маймусава.

Барыс Бухель наведаў горацкую ПК № 9 у сакавіку 2018 года разам са старшынёй абласной ГНК Таццянай Казлоўскай. Акрамя іх, у калонію прыбылі таксама прадстаўнікі рэспубліканскай ГНК разам са сваёй старшынёй Таццянай Краўчанка. Пазней Таццяна Краўчанка заявіла, што ніякіх парушэнняў у ПК № 9 яна і яе калегі не выявілі. На семінары 6 снежня 2018 гадоў ў Мінюсце ў прысутнасці прадстаўнікоў Савета Еўропы і некалькіх амбасадараў краін Еўрасаюза Краўчанка ў спробе зганьбіць палітвязня Міхаіла Жамчужнага схлусіла, што асабіста размаўляла з ім. У сваю чаргу Б. Бухель заявіў аб тым, што нікому з сябраў абедзвюх ГНК не далі ўбачыць М. Жамчужнага, які асабіста звяртаўся з адпаведнай просьбай у ГНК і пра наведванне якога хадайнічалі праваабаронцы.

Праваабарончы цэнтр “Вясна”, занепакоены сітуацыяй вакол парушэння правоў актрысы Святланы Сакалоўскай, якую супрацоўнікі АМАПа збілі падчас навагодніх святаў 31 снежня 2017, і яе адваката, звярнуўся да спецыяльнага дакладчыка ААН.

Зварот праваабаронцаў накіраваны спецдакладчыку ААН па пытанні аб катаваннях і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасць відах абыходжання, спецдакладчыку па пытанні аб незалежнасці суддзяў і адвакатаў і спецдакладчыку па пытанні аб гвалце ў адносінах да жанчын, яго прычынах і наступствах.

Праваабаронцы палічылі, што беларускія ўлады парушылі правы Сакалоўскай, а таксама права яе адваката, якому чыніліся перашкоды пры азнаямленні з матэрыяламі праверкі для абскарджвання яе вынікаў супрацоўнікамі ўпраўлення Следчага камітэта па Заводскім раёне (г. Мінска).

Пётр Кучура, які ў 2013 годзе стаў ахвярай жорсткага абыходжання ў камеры ШІЗА ПК-15 г. Магілёва, у сувязі з чым, дзякуючы неверагодным намаганням яго жонкі Людмілы Кучура, была праведзена праверка Следчага камітэта, якая скончылася прызнаннем факту празмернай затрымкі правядзення такой праверкi, зноў падвяргаецца ціску з боку прадстаўнікоў адміністрацыі ПК-15. Па надуманай прычыне зняволенага пазбавілі спаткання і перадачы, пагражалі пераводам у турму. Зняволены і яго жонка звязваюць гэта з іх актыўнай пазіцыяй па абароне правоў П. Кучуры спачатку па крымінальнай справе, а пасля грамадзянскіх правоў зняволенага.

Анастасія Гусева, разам з Дзмітрыем Паліенкам і Яўгенам Чуліцкім, была затрыманая раніцай 21 студзеня супрацоўнікамі крымінальнага вышуку УУС Заводскага раёна Мінска па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага арт. 341 КК РБ (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці). За час затрымання яна падвергнулася жорсткаму, зневажальнаму абыходжанню, у сувязі з чым звярнулася пасля вызвалення ў Следчы камітэт з патрабаваннем правесці расследаванне выкладзеных ёй фактаў. Жорсткаму абыходжанню падвергнуўся таксама і Дзмітрый Паліенка, у сувязі з чым ён мае намер звярнуцца ў пракуратуру.

Следчы камітэт працягвае расследаванне абставінаў гібелі ў турме № 8 г. Жодзіна падследнага Алега Багданава.

Пераслед журналістаў

Не спыняецца ў новым годзе канвеер спагнання штрафаў з журналістаў па надуманых, але “абкатаных” судамі падставах: іх вінавацяць за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ ў незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ і абкладаюць непад’ёмнымі штрафамі. Так, сям’я журналістаў Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава па артыкуле 22.9 ч. 2 КаАП атрымалі штраф агульнай сумай у 100 базавых велічынь, або 2 550 рублёў. Суддзя Ленінскага раёна Брэста Дзмітрый Шурын такім чынам ацаніў асвятленне пратэсту супраць будаўніцтва ў гэтым горадзе акумулятарнага завода.

Генадзь Барбарыч («Беларускае Радыё Рацыя») аштрафаваны па тым жа артыкуле КаАП на 35 базавых велічыняў — 892,5 рублёў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства