viasna on patreon

“Хацела застрахаваць мужа-зэка, страхоўшчыкі адмаўляюць”. Чаму так? Дапоўнена

2019 2019-03-27T11:55:00+0300 2019-03-27T12:29:56+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/strahovka__naruchniki.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

У студзені на электронную скрыню Праваабарончага цэнтру “Вясна” напісала жанчына з не зусім звычайнай просьбай аб дапамозе.

“Добры дзень! У мяне пытанне: мой муж адбывае пакаранне на тэрыторыі Беларусі. Я хацела б яго застрахаваць ад няшчасных выпадкаў. Падрабязную інфармацыю ў інтэрнэце не знайшла. Можа вы падкажаце, якая кампанія на тэрыторыі Беларусі можа заключыць дамову з вязнем?”, - напісала яна ў лісце.

Праваабаронцы вырашылі разабрацца ў гэтай праблеме. Бо сапраўды, грамадзяне, якія адбываюць пакаранне ва ўстановах пенітэнцыярнай сістэмы, знаходзяцца ў зоне падвышанай рызыкі, і было б слушна, калі б іх жыццё магчыма было б застрахаваць ад магчымых няшчасных выпадкаў.

Аказалася, што не ўсё з пытаннем страхавання зняволеных так проста.

Яшчэ ў 2014 годзе праваабаронца з Віцебску Леанід Свецік звяртаўся ў Палату прадстаўнікоў з прапановай распрацаваць і заканадаўча замацаваць права зняволеных на страхаванне ад няшчасных выпадкаў. Дэпутаты перанакіравалі яго прапанову ў Дэпартамент выканання пакаранняў, і адтуль праваабаронцу прыйшоў адказ, што ў такім замацаванні няма неабходнасці, бо ў дзеючым заканадаўстве гэтае пытанне вырашана ў поўным аб'ёме.

І сапраўды, фармальнае права на добраахвотнае страхаванне ў зняволеных і асуджаных маецца. Страхавыя кампаніі маюць магчымасць аказваць страхавыя паслугі ў месцах утрымання зьняволеных, самастойна вызначаючы ўмовы страхавання і віды паслуг.

Але ці так яно на самой справе? Праваабаронцы вырашылі абтэлефанаваць беларускія страхавыя кампаніі і наўпрост спытаць у кансультантаў пра тое, ці можа ў іх застрахавацца зняволены. Прадстаўнікам усіх страхавых кампаній было агучана наступнае пытанне: “Ці можа ваша кампанія застрахаваць здароўе/жыццё майго мужа, які знаходзіцца ў месцах пазбаўлення волі на тэрыторыі Беларусі?”

І вось якія адказы мы атрымалі.

“У цяперашні час "Белдзяржстрах", зыходзячы з прынцыпу свабоды дамовы добраахвотнага страхавання, устаноўленага пунктам 1 артыкула 391 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь, не ажыццяўляе страхаванне зняволеных (асуджаных) грамадзян. Гэта звязана з зачыненасцю устаноў, дзе знаходзяцца зняволеныя, што абцяжарвае атрыманне страхоўшчыкам дакументаў для вырашэння пытання аб страхавой выплаце: вынікаў медыцынскіх аглядаў, пракурорскіх праверак, рашэнняў аб распачынанні крымінальных спраў, пастаноў судоў, дакументаў ад следчых, дазнаўцаў, якія пацвярджаюць факт нанясення пабояў. Інфармацыяй аб тым,  якія страхавыя кампаніі ажыццяўляюць страхаванне зняволеных (асуджаных) грамадзян Белдзяржстрах не мае”, - паведаміла вядучы спецыяліст аддзела метадалогіі кіравання медыцынскага страхавання Анастасія Сідорык.

Кансультант кампанія “Белросстрах” адразу сказала “Не”, толькі пачуўшы пытанне. У наступнай страхавой кампаніі  “Купала” адказалі, што не страхуюць жыццё і здароўе тых, хто знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі, то бок іх страхоўка дзейнічае толькі па-за межамі краіны. Цікава, але з інфармацыі, змешчанай на сайце кампаніі, гэта ніяк не вынікае.

У кампаніях “БелВЭБстрахаванне” і “Белкаапстрах” таксама адмовіліся страхаваць жыццё зняволенага. У кампаніі “Індзяржстрах” на зададзенае пытанне адказалі, што на дадзены момант яны не страхуюць фізічных асобаў. А ў страхавой кампаніі “Таск” на сайце змешчана інфармацыя, што дамовы страхавання ад няшчасных выпадкаў не складаюцца ў дачыненні да асобаў, якія знаходзяцца пад следствам або асуджаных да пазбаўлення волі. Дарэчы, гэта адзіная страхавая кампанія, сайт якой утрымліваў такую інфармацыю. 

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота. Tut.by

Адзіная страхавая кампанія, якая пагадзілася застрахаваць зняволенага ад няшчасных выпадкаў, была кампанія “Белнафтастрах”. Пасля некалькіх хвілін узгаднення дзяўчына-кансультант адказала, што забаронаў на такія паслугі ў заканадаўстве няма і таму страхаванне магчыма. Для гэтага яна прапанавала сваяку (у дадзеным выпадку жонцы) прыйсці ў офіс кампаніі са сваім пашпартам і з копіяй пашпарту зняволенага.


Дапаўненне: Больш чым праз два месяцы пасля публікацыі дадзенага матэрыяла з ПЦ "Вясна" звязалася спецыялістка галоўнага офісу кампаніі “Белнафтастрах” і паведаміла, што першапачатковая інфармацыя, дадзеная кансультантам, была недакладная. Спецыялістка патлумачыла, што, згодна з правіламі страхавання, іх кампанія не займаецца страхаваннем людзей, якія знаходзяцца ў месцах зняволення.


Дадаткова праваабаронцы накіравалі электроннае пісьмо па пытанні страхавання зняволеных у Беларускую асацыяцыю страхоўшчыкаў, аднак ніякага адказу дагэтуль не атрымалі.

З атрыманай інфармацыі вынікае, што страхавыя кампаніі ў сваёй большасці самі не зацікаўленыя ў аказанні такога віду паслуг, паколькі ім гэта нявыгадна эканамічна і прадугледжвае шмат рызыкі.

Галоўная прычына такога стаўлення палягае хутчэй за ўсё ў закрытасці пенітэнцыярнай сітэмы, у сувязі з чым пры наступленні страхавога выпадку больш складана аформіць неабходныя дакументы, высветліць абставіны здарэння, атрымаць медычнае заключэнне, выканаць іншыя, неабходныя ў такім выпадку працэдуры.

Але ж, напрыклад у Расійскай Федэрацыі  можна налічыць дзесяткі кампаній, якія такія паслугі аказваюць, а таму маюць вопыт працы ва ўмовах пенітэнцыярных устаноў. Хіба цяжка скарыстацца іх напрацоўкамі?

На думку юрыста Праваабарончага цэнтра “Вясна” Паўла Сапелкі, наяўнасць у асуджанага страхавога полісу аб дабраахвотным страхаванні здароў’я або ад няшчаснага выпадку  магло б палепшыць умовы працы зняволеных, узмацніла працоўную дысцыпліну і палепшыла стасункі супрацоўнікаў Дэпартамента выканання пакарання з асуджанымі грамадзянамі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства