viasna on patreon

“Скаргу задаволіць!” Рашэнне аб высылцы Ганны Красулінай з Беларусі адмененае Дапоўнена

2018 2018-12-19T10:05:00+0300 2019-03-03T21:31:42+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/anna_krasulina_20181218_shuk_tutby_phsl_7863.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ганна Красуліна ў судзе. Фота Вольга Шукайла, TUT.BY

Ганна Красуліна ў судзе. Фота Вольга Шукайла, TUT.BY

Суд Маскоўскага раёна Мінска працягвае 19 снежня разгляд скаргі прэс-сакратаркі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганны Красулінай на рашэнне УУС Маскоўскага раёна аб яе высылцы з Беларусі.

У першы дзень судовага паседжання было заяўлена некалькі хадайніцтваў, якія суддзя Вольга Гусакова практычна ўсе адхіліла. Выступілі Ганна Красуліна і прадстаўнік аддзелу па грамадзянству і міграцыі, старшы інспектар Філіп Карацюпа.  

Падрабязна аб тым, як адбывалася судовае паседжанне 18 снежня. 

У 10 гадзін судовае паседжанне пачалося. Суддзя выносіць папярэджанне Ганне Красулінай за тое, што яна выйшла з залі самавольна ў пачатку працэсу.

Красуліна азнаёмілася с новым для яе дакументам, з якога вынікае, што рашэнне па яе высылцы прымалася на падставе яшчэ двух дакументаў, які адносяцца да “службовай таямніцы”. Яны вядомыя толькі зацікаўленаму боку, што робіць немагчымым выкананне прынцыпу “спаборнасці бакоў”. Адвакат хадайнічае аб іх далучэнні да матэрыялаў справы, але суддзя адхіляе хадайніцтва.

Перад пачаткам судовага паседжання 18 снежня. На першай лаве - прадстаўнікі АГіМ УУС Маскоўскага раёна Мінска

Грамадскі абаронца Гары Паганяйла просіць запрасіць у суд прадстаўніка Дэпартаменту па грамадзянству і міграцыі ГУУС Мінгарвыканкама, які мае дакументы і матэрыялы, вартыя разгляду ў судзе, паколькі аспрэчваецца не толькі рашэнне Маскоўскага раённага АгіМ, але і гарадскога. Прадстаўнікі дэпартаменту супраць хадайніцтва, суддзя адхіляе яго.

Ганна Красуліна дадае да сваіх тлумачэнняў  копію квітанцыю аб аплаце аднаго з штрафаў, які, па матэрыялах справы, быццам бы не быў сплочаны. Тлумачыць, што гэта памылка судовага выканаўцы.

Адвакатка хадайнічае ад далучэнні да справы наступных дакументаў: копія пасведчання об нараджэнні, пасведчанне аб змене прозвішча, арыгінал асабістага рахунку на маёмасць Красулінай у Лагойску, дзе жывуць яе бацькі, медычныя дакументы аб здароўі Красулінай і яе бацькоў, асабісты рахунак кватэры ў Мінску, дзе жыве Красуліна, пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі зямельнага ўчастку ў Лагойску на імя Красулінай. Суддзя задавальняе хадайніцтва.

Далей адвакатка хадайнічае ад далучэнні дакументаў, якія пацвярджаюць, што Красуліна звярнулася ў КПЧ ААН са скаргай на тыя два адміністрацыйныя спагнанні, якія і сталі падставай для прыняцця рашэнне аб высылцы.

Гэта копіі індывідуальных скаргаў і іншыя дакументы, лісты, якія паказваюць ход справаў.

Зацікаўленыя асобы (прадстаўнікі АГіМ) супраць далучэння. Паганяйла нагадаў, што дзяржава на канстытуцыйным узроўні дала яшчэ адно права грамадзянам на міжнароднам узроўні дамагацца выканання сваіх правоў, - то бок звяртацца ў міжнародныя органы, у прыватнасці ў Камітэт па правах чалавека ААН. Таму далучэнне гэтых дакументаў да справы з’яўляецца падставай для аб’ектыўнага разгляду справы. Суддзя задаволіла хадайніцтва ад далучэнні дакументаў КПЧ ААН.

Па хадайніцтве Красулінай у судзе пачаўся допыт сведкаў, якія добра ведаюць яе. Першым прамаўляе муж Ганны, Красулін Яўген, выкладчык БДУ.

Адвакатка:

- Чаму Красуліна прыехала ў РБ і якія сувязі тут маюцца?

Муж:

- Мы пажаніліся хутка пасля знаёмства. Ёй адразу спадабалася наша краіна (Беларусь), і ў нас не было іншых шляхоў, акрамя каб разам ехаць сюды. Тут у яе ўсё: наша сям’я, дзеці, нашы знаёмыя і сябры. За межамі краіны фактычна нічога няма. Усё яе жыцця звязана з Беларуссю. Так, мы вядзем агульгую гаспадарку. Крыніцы даходу – мой заробак, пенсія жонкі.

Адвакатка:

- Якія наступствы для сям’і і для бюджэту наступяць, калі яна пакіне РБ?

Муж:

- Наступствы будуць вельмі цяжкія. Мой заробак за апошні месяц – каля 600 рублёў. Калі я буду свой заробак нават весь дасылаць ёй за мяжу – яго не хопіць на жыццё.

Кажа, што выплочваюць крэдыт за кватэру кожны месяц. Ім дапамагае яго маці з выплатамі. Таксама распавёў пра цяжкі стан здароўя маці Красулінай – ёй складана бачыць. У хуткім часе ў яе мусіць адбыцца аперацыя на воку. І пасля аперацыі яна некаторы час ўвогуле не зможа нічога бачыць, і безумоўна трэба нашая дапамога. У бацькі Красулінай праблемы з сэрцам і ціскам. Красулін падагульняе, што стан бацькоў вельмі кепскі.

Красуліна не ўяўляе сабой пагрозы грамадскаму парадку. Яна чалавек сціплы, сумленны, добра ставіцца да людзей. Рэакцыя сям’і на рашэнне аб высылцы – гэта шок. Калі гэта здарыцца, нам усім будзе вельмі цяжка.

Наступны сведка - былы старшыня АГП Анатоль Лябедзька.

Кажа, што Красуліну ведае з 2010 года, а з 2011 года яны працавалі ў адной камандзе. З гэтага года яна адказвае заа інфармацыйную працу. Лябедзька вельмі здзіўлены, што бок, які ініцыяваў высылку, робіць акцэнт на яе грамадзянстве.

“Калі б усе грамадзяне Беларусі валодалі такімі якасцямі, як Красуліна, то усе жылі б іншай краіне: дзе супрацоўнікі міліцыі не лжэсведчаць у судзе, не падробліваюць пратаколы, перасталі бы ўмешвацца ў асабістае жыццё гармадзян і г.д. І ў тым ліку не стваралі такіх “ліпавых” спраў, як гэтая справа. Красуліна - каштоўнасны чалавек. Гэтыя каштоўнасці і пазіцыі могуць не падабацца Шуневічу, Сукало і іншым. Гэта вельмі важна, калі ў чалавека ёсць каштоўнасці, ёсць перакананні. Яна прафесіянал, класны журналіст.  Яна піша пра тое, як рабіць лепш нашу краіну, як рабіць лепш судовую сістэму. Гэта мусіць быць дасягненнем, а не прычынай пераследу”, - падкрэслівае ён.

Лябедзька:

- Што стаіць за сённяшнім судовым працэсам? Набліжаецца выбарчая кампанія. Хтосьці палічыў, што АГП зараз не ў самым лепшым стане. Вырашылі паглядзець, хто там зараз ключавыя людзі. Бачым – вельмі моцны інфармацыйны накірунак. Хто гэтым займаецца? Ганна Красуліна, якая не з’яўляецца грамадзянкай Беларусі. Вось і рашэнне – выслаць! Красуліна – не дачка алігархаў, не ў сувязях з чыноўнікамі, няма ў яе “запасных аэрадромаў”, яна проста сумленны, каштоўнасны чалавек. Яна большы патрыёт, чым чыноўнікі. Судзіць трэба не па колеру пашпарта, а па ўчынках. У нас няма зараз попыту на сумленных людзей, і таму з гэтага пункту геджання яна будзе “косцю ў горле” для ўладаў. Ёй што, проста непашанцавала, што жыве ў гэты час? Ёй што, адмовіцца ад сваіх перакананняў?

Следства завершана, далей – спрэчкі бакоў.

Пад час спрэчак адвакатка зноў закранула сямейную сітуацыю Красулінай, казала пра стан здароўя бацькоў і матэрыяльны стан сям’і. Высылка – гэта парушэнне права на сям’ю. У яе выпадку сям’я трапляе ў цяжкае матэрыяльнае становішча, бацькі Ганны застаюцца без падтрымкі. Адвакатка спасылаецца на Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах і вызначэнні Камітэта па правах чалавека ААН, згодна з крытэрамі якіх – Беларусь – “уласная краіна” для Ганны. Паколькі ў судзе разглядаецца сітуацыя, якая закранае абмежаванне асноўных правоў асобы, то тут варта кіравацца актамі больш высокай юрыдычнай моцы – Канстытуцыяй і міжнароднымі дакументамі.

Калі рашэнне вынесена “у інтарэсах грамадскай бяспекі”, то той, хто вынес гэтае рашэнне, павінен даказаць, якую менавіта небяспеку нясе грамадзянін. Зацікаўленая асоба гэтага не зрабіла, не дала ніякіх тлумачэнняў. Бачна, што ўсе высновы, якія зрабілі органы ўнутраных спраў адносна Красулінай, заснаваныя на нейкіх здагадках. Адвакат падкрэсліла, што ніякімі аргументамі нельга падмацаваць рашэнне аб высылцы. Яна звярнула ўвагу, што небяспеку для грамадскага парадку яна стала ўяўляць не пасля двух спагнаннях за ўдзел у акцыях, а пасля таго, як не прабіла талончык. Меры па высылцы ні ў якім разе не суразмерныя таму, якія наступствы гэта пацягне для яе сям’і. “Чаму ўжываецца менавіта высылка? На гэта пытанне нам так і не адказалі. Бачна, што рашэнне прымалася не тымі людзьмі, якія знаходзяцца ў судзе. Суд адмовіўся знаёміць нас з дакументам ДСК, на падставе якога было прынята рашэнне аб высылцы. Прычым мне не зразумела, на падставе якога заканадаўчага акта гэта зрабіў суд. Таксама не зразумела, на падставе якога закона гэтыя “сакрэтныя” дакументы аднесены да катэгорыі ДСК (для службовага карыстання). Я лічу, што адмова разгядаць гэты дакумент ў судзе, парушае прынцып спаборнасці бакоў” – адзначыла адвакатка.

Просіць задаволіць скаргу.

Слова Красулінай:

“Менавіта я стаяла на абароне Канстытуцыі, якая гарантуе кожнаму права на свабоду сходаў і выказванняў. І гэтае права я спрабавала адстаяць у Маскоўскім судзе, калі выносілі рашэнне па справах аб маім удзеле ў акцыях. Зараз мае скаргі разглядаюцца ў КПЧ ААН. Я лічу, што гэтае рашэнне наносіць сур’ёзны ўрон іміджу Беларусі на міжнароднай арэне. Я не хацела б даваць “козыр” пуцінскай Расіі, што можа быць выкарыстаны супраць РБ. Іміджавыя пытанні – гэта вельмі сур’ёзна для сучаснага свету. Разумею, што МУС не вельмі хвалюецца наконт іміджу (узгадвае выпадкі з гарадавым, любоў Шуневіча да формы НКУС). Вось вы мяне зараз высылаеце, то які інвестар прыйдзе ў Беларусі і захоча тут працаваць?

Кажа, што  там мне рабіць, калі там няма ні жытла, ні прапіскі, ні сродкаў? Гэта раўназначна забойству. "З братам я не маю ніякіх зносінаў, да яго ў кватэру я заявіцца не магу". Кажа пра заяву праваабаронцаў у сваю падтрымку. 

Выступае прадстаўніца АГіМ Маскоўскага раёна Мінска.

Прадстаўніца АГіМ фактычна паўтарыла сказанае яе калегам падчас папярэдняга слухання. “Нават такія на першы погляд бяскрыўдныя ўчынкі могуць нанесці шкоду грамадскім адносінам”. Робіць акцэнт на прававым становішчы замежных грамадзян у Беларусі, на іх абавязках перад дзяржавай.

Скаргу Красулінай не падтрымлівае.

Наступны - Гары Паганяйла.

Ён спачатку распавёў пра місію існавання БХК, затым перайшоў да сітуацыі з Красулінай. Лічыць неабходным звярнуць увагу на тое, што сгодна закону замежныя грамадзяне карыстюцца правамі і выконваюць абавязкі на раўне з беларускімі грамадзянамі. Ну і далей распавядае пра іншыя заканадаўчыя нормы, акты, якія гарантуюць правы Красулінай.

Суддзя абвесціла перапынак для прыняцця рашэння па скарзе Ганны Красулінай. Рашэнне будзе агучана ў 13-40.  

Суддзя Вольга Гусакова марудзіць з рашэннем. Прайшло яшчэ 50 хвілінаў маўчання.

Нарэшце агучваеццца пастанова: "Скаргу Красулінай задаволіць. Рашэнне АГіМ аб высылцы адмяніць!


Нагадаем, што пра высылку з краіны прэс-сакратарка АГП Ганна Красуліна даведалася 13 лістапада ў аддзеле па грамадзянстве і міграцыі Маскоўскага раёну Мінску. Ва УУС Маскоўскага раёну, куды Красуліну скіравалі пасля, ёй зачыталі дакумент, паводле якога «2.11.2018 на адрас Маскоўскага РУУС паступіла паведамленне за нумарам 916 ДСК». Прычынай для дэпартацыі сталі адміністрацыйныя правапарушэнні. 30 лістапада ва УУС Маскоўскага раёна пакінулі ў сіле рашэнне аб высылцы, пасля чаго яна звярнулася ў суд.

Некалькі дзён таму праваабарончая супольнасць Беларусі выступіла з заявай, у якой запатрабавала адмяніць усе раней вынесеныя рашэнні аб высылцы Ганны Красулінай з тэрыторыі Беларусі і неадкладна спыніць працэдуру высылкі.

“Скаргу задаволіць!” Рашэнне аб высылцы Ганны Красулінай з Беларусі адмененае

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства