Праваабаронцы і прафсаюз РЭП патрабуюць адмяніць Дэкрэт № 3 і Дэкрэт №1

2018 2018-12-13T07:38:10+0300 2018-12-14T07:37:57+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bobruysk_protest_2602_6.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Иллюстративное фото. TUT.by

Иллюстративное фото. TUT.by

Сумесная заява праваабарончых арганізацый і незалежнага прафсаюза РЭП аб Дэкрэце № 3 і змяніўшым яго Дэкрэце № 1.

25 студзеня 2018 года быў выдадзены Дэкрэт №1 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва", якім унесеныя змены ў Дэкрэт №3 ад 02.04.2015г. "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства".

Унясенне змяненняў стала вымушаным крокам уладаў у адказ на адкрыты пратэст грамадзян Беларусі ў 2017 годзе супраць Дэкрэта №3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства".

Вярхоўная ўлада паклала ўсю адказнасць за рэалізацыю Дэкрэта №1 на мясцовыя выканаўча-распарадчыя органы, якія павінны зацвярджаць спісы так званых "працаздольных грамадзян, якія не занятыя ў эканоміцы".

Мяркуецца, што грамадзяне, якія трапілі ў спісы "ня занятых у эканоміцы", з 1 студзеня 2019 года будуць аплачваць поўны тарыф на гарачае водазабеспячэнне, а з 1 кастрычніка 2019 года - на газазабеспячэнне і цеплазабеспячэнне.

Акрамя таго, Дэкрэт №1 прадугледжвае прымусовае накіраванне некаторых катэгорый грамадзян у лячэбна-працоўныя прафілакторыі (ЛПП).

У Дэкрэце №1 закладзена імкненне ўладаў узаконіць прымусовую працу, што супярэчыць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і міжнародным актам, ратыфікаваным Рэспублікай Беларусь.

У адпаведнасці з Усеагульнай Дэкларацыяй правоў чалавека, "кожны, хто працуе, мае права на справядлiвую i здавальняючую ўзнагароду, якая забяспечвае вартае чалавека iснаванне для яго самога i яго сям'i, i дапаўняецца, пры неабходнасцi, iншымi сродкамi сацыяльнага забеспячэння".

На наш погляд, Дэкрэт №3 і Дэкрэт №1 накіраваны не на садзейнічанне занятасці, а на дасягненне агульнай працоўнай павіннасці - па-за залежнасці ад памеру заработнай платы і годнага ўзроўню жыцця сваіх грамадзян.

Каб пазбегнуць новых выступленняў грамадзян, не згодных з антыканстытуцыйнымі дэкрэтамі, і недапушчэння дэстабілізацыі сітуацыі ў Рэспубліцы Беларусь, патрабуем адмяніць (прыпыніць) Дэкрэт №3 і Дэкрэт №1.

Заклікаем органы дзяржаўнай улады сумесна з прадстаўнікамі грамадскасці, праваабарончых арганізацый, незалежных прафсаюзаў неадкладна заняцца распрацоўкай дзейсных мер, накіраваных на стварэнне рэальнай матывацыі для высокапрадукцыйнай і якаснай працы, з заработнай платай ня ніжэйшай за сярэдні заробак па краіне на момант уладкавання на прапанаванае працоўнае месца, незалежна ад рэгіёнаў і формаў уласнасці прадпрыемстваў, занятых у эканоміцы Беларусі.

Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП)

Праваабарончы цэнтр "Вясна"

Праваабарончы цэнтр "Прававая дапамога насельніцтву" (зарэгістраваны ва Украіне)

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства