viasna on patreon

Барыс Бухель: ГНК уяўляюць з сябе кампаніі «вясельных генералаў»

2018 2018-12-07T15:31:19+0300 2018-12-07T16:47:49+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/buhel1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабаронца Барыс Бухель

Праваабаронца Барыс Бухель

Юрыст “Вясны” і "Магілёўскага праваабарончага цэнтра" Барыс Бухель, які ўваходзіць у склад Грамадскай назіральнай камісіі па Магілёўскай вобласці, 6 снежня пабываў на семінары “Грамадскі кантроль за ўстановамі крымінальна-выканаўчай сістэмы”.

На мерапрыемстве прысутнічалі прадстаўнікі беларускіх ведамстваў – Міністэрства юстыцыі, Міністэрства замежных спраў, Міністэрства аховы здароўя, Міністэрства ўнутраных справаў, прадстаўнікі ўсіх абласных і рэспубліканскай ГНК, а таксама прадстаўнікі дыпламатычных корпусоў – амбасадары розных краінаў, прадстаўнікі Савету Еўропы, замежныя эксперты.

У сваіх выступах прадстаўнікі розных ГНК канцэнтравалі ўвагу прысутных на тым, як адбываецца падрыхтоўка асуджаных да вызвалення, іх рэабілітацыя, магчымасці для атрымання адукацыі ў зняволенні, але ніхто не казаў непасрэдна пра кантроль за ўстановамі адбывання пакарання.

Барысу Бухелю ўдалося выступіць і распавесці альтэрнатыўнае бачанне сітуацыі з доступам ГНК у месцы пазбаўлення волі і правядзенню кантролю там. Ён адзначыў, што за час працы ў Магілёўскай абласной грамадскай назіральнай камісіі яе сябрамі былі выяўленыя прабелы і прававая нявызначаннасць у нарматыўных актах, якія рэгламентуюць дзейнасць ГНК.

Назіральныя камісія не маюць права адказваць на звароты грамадзянаў?

Праваабаронца падкрэсліў, што ад пачатку года ГНК наведала папраўчую калонію №2 г. Бабруйска і №9 г. Горкі. Гэта адбылося пасля атрымання скаргаў ад грамадзянаў, якія былі занепакоеныя створанымі адміністрацыямі ўмовамі ўтрымання двух асужданых - Зміцера Паліенка і Міхаіла Жамчужнага, прызнаных праваабаронцамі палітычнымі зняволенымі.

“Сустрэцца і ў прысутнасці супрацоўнікаў ПК пагаварыць з абодвума асуджанымі нам не дазволілі, нягледзячы на нашыя неаднаразовыя просьбы. Забарона ў абодвух выпадках у першую чаргу зыходзіла ад начальніка УДВП МУС па Магілёўскай вобласці палкоўніка Юрыя Талкачова, які 13 сакавіка асабіста прысутнічаў у калоніі №9 горада Горкі падчас яе наведвання сябрамі рэспубліканскай і нашай камісій. Дарэчы, сябры РГНК не настойвалі на сустрэчы з Міхаілам Жамчужным”, - распавёў Барыс Бухель падчас свайго выступу.

Цікава, што неаднаразова ў камісію звяртаўся і сам Міхаіл Жамчужны, а таксама маці і адвакат Уладзіслава Казакевіча, жонка асуджанага Пятра Кучуры Людміла. Па ўсіх зваротах камісія давала матываваныя адказы, а таксама звярнулася да Юрыя Талкачова з просьбай даць дазвол на наведванне ПК №15 і асабістую сустрэчу і апытанне Пятра Кучуры.

Аднак на ўсе просьбы аб сустрэчах начальнік УДВП даў адмову на тых падставах, што грамадскія назіральныя камісіі не маюць права ў парадку закона “Аб зваротах грамадзянаў і юрыдычных асобаў” разглядаць скаргі на дрэннае ўтрыманне асуджаных і сустракацца з імі, так як гэта не прадугледжана Палажэннем аб ГНК, а самі скаргі ГНК павінны адразу перанакіроўваць у ДВП.

“Гэта азначае фактычна перанакіроўваць скаргі тым, на каго скардзяцца”, - падкрэсліў выступоўца.

Ён і старшыня магілёўскай абласной камісіі з такімі сцвярджэннямі не пагадзіліся і накіравалі ліст у Міністэрства юстыцыі з просьбай даць прапавую ацэнку названым фактам і адказаць на шэраг пытанняў. Аднак прайшло ўжо дзевяць месяцаў з моманту зварота ГНК у Мінюст, а адказу на ліст так і не паступіла.

Асобнае пытанне – анкетаванне асуджаных

Барыс Бухель распавёў удзельнікам семінара, як пры паездцы ў калонію №9 сябры магілёўскай абласной камісіі даведаліся, што рэспубліканская камісія будзе праводзіць анкетаванне асуджаных, і спадзяваліся на практыцы павучыцца, як правільна гэта рабіць. Аднак ніякага анкетавання пабачыць ім так і не ўдалося.

“Калі перад самым ад'ездам з калоніі я асабіста спытаў старшыню Рэспубліканскай ГНК Таццяну Краўчанка, чаму яны не сталі праводзіць анкетаванне асуджаных, яна нечакана адказала, што анкетаванне праведзена: бланкі сваіх анкет па прыездзе ў ПК №9 яна аддала прадстаўнікам адміністрацыі з просьбай правесці анкетаванне асуджаных, што яны і зрабілі, пакуль мы хадзілі па калоніі. А пасля заканчэння абследавання калоніі і нашага вяртання ў кабінет начальніка прадстаўнікі адміністрацыі аддалі ёй запоўненыя анкеты”, - распавёў праваабаронца.

Сябры ГНК лічаць такі падыход да анкетавання асуджаных няправільным, бо у дадзеным выпадку невядома, хто менавіта - адміністрацыя або асуджаныя - і ў якіх умовах (ананімна ці не) запаўняў гэтыя анкеты, і маглі ці не маглі потым прадстаўнікі адміністрацыі ідэнтыфікаваць, хто і што напісаў у іх.

Дарэчы, Таццяна Краўчанка ўжо распавяла журналістам, што іх камісія ўсё ж такі сустракалася з Міхаілам Жамчужным, аднак, сябры камісіі не вераць довадам асуджанага, што адміністрацыя папраўчай калоніі №9 утрымлівае яго ў невыносных умовах.

Потым Барыс Бухель прывёў падрабязны аналіз заканадаўства, якое рэгулюе дзейнасць ГНК, а напрыканцы прапанаваў змены, якія неабходна прыняць у заканадаўства.

“На падставе вопыту двух наведванняў ПК і аналізу заканадаўства, я лічу, што да цяперашняга часу ГНК уяўляюць з сябе кампаніі «вясельных генералаў». Але такое сумнае становішча трэба мяняць.

Для пачатку неабходна ў Палажэнне аб ГНК ўнесці змены, а пачаць трэба з першага сказа пункта 4, які неабходна запісаць у наступнай рэдакцыі: «Кантроль грамадскіх аб'яднанняў (далей - грамадскі кантроль) за дзейнасцю органаў і ўстаноў, якiя выконваюць пакаранне і іншыя меры крымінальнай адказнасці, ажыццяўляецца шляхам удзелу прадстаўнікоў грамадскіх аб'яднанняў у працы (а не проста складзе) грамадскіх назіральных камісій (далей - камісіі)». А таксама ўнесці ў Палажэнне аб ГНК новыя пункты, якія ўстанаўліваюць спіс канкрэтных правоў і абавязкаў ГНК і іх межы, і адказнасць начальнікаў і членаў адміністрацый папраўчых органаў і ўстаноў за парушэнне правоў ГНК і іх сябраў”, - зацвердзіў ён.

Пра забарону на наведванне ЛПП і спецшколаў

Таксама Барыс Бухель паведаміў, што ў мінулыя гады іх камісія некалькі разоў наведвала лячэбна-працоўныя прафілакторыі, і адно такое наведванне было запланавана на гэты год . Аднак у гэтым годзе сябрам ГНК паведамілі, што наведваць ЛПП яны не могуць, бо такія ўстановы не ўваходзяць у сістэму ДВП. Таксама на гэтай падставе камісіі не могуць наведваць ІЧУ, у якіх утрымліваюцца адміністрацыйна арыштаваныя і затрыманыя, і дзіцячыя папраўчыя СПТВ і спецшколы закрытага тыпу.

“Але ж у гэтых папраўчых установах утрымліваюцца людзі, у тым ліку і дзеці, пазбаўленыя волі па прысудах, пастановах і рашэннях судоў. І там таксама парушаюцца іх правы чалавека і ўстаноўленныя дзяржавай правілы і нормы іх утрымання”, - абураўся выступоўца.

Праваабаронца прапанаваў унесці дапаўненні і змены ў Палажэнне аб ГНК, Інструкцыю Мінюста №85 і Пастанову Мінюста №76, што рэгулююць дзейнасць камісій, у тым ліку даць права ГНК:

  • наведваць ЛПП, ІЧУ, папраўчыя СПТВ і спецшколы;
  • па выбару камісій аглядаць любыя памяшканні ўсіх папраўчых устаноў, у якіх утрымліваюцца або знаходзяцца асуджаныя і арыштаваныя, названыя ў скаргах і заявах, што паступілі ў ГНК;
  • адказваць на звароты ў межах закона “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў”;
  • прадугледзіць паскораны парадак атрымання ГНК дазволу на наведванне папраўчых устаноў ўсіх тыпаў пры паступленні скаргі на парушэнне правоў асуджаных або пры з’яўленні такой інфармацыі ў СМІ;
  • устанавіць дэталёвы, пакрокавы парадак анкетавання сябрамі ГНК асуджаных падчас наведвання органаў і ўстаноў, якія выконваюць пакаранне.

Магчымасці беларускіях і нямецкіх ГНК – неба і зямля

Звярнуў увагу праваабаронца і на тое, што для прадстаўнікоў Мінюста і Генпракуратуры ў лістападзе гэтага года была арганізаваная паездка ў Германію па тэме: “Агульная арганізацыя пенітэнцыярнай сістэмы і забеспячэнне правоў асуджаных”. Як даведаўся Барыс Бухель ад удзельнікаў паездкі, у Германіі дзейнічаюць грамадскія саветы пры турмах і спецыялізаваныя грамадскія аб’яднанні, прадстаўнікі якіх маюць права самастойна перасоўвацца па тэрыторыі падапечных турмаў, сустракацца і размаўляць з асуджанымі без прысутнасці прадстаўнікоў адміністрацыі, прыходзіць з праверкай у любы час без папярэджання. У той жа час адміністрацыі турмаў не маюць права ўскрываць і чытаць лісты асуджаных, адрасаваныя грамадскім саветам і спецыялізаваным грамадскім аб’яднанням, якія аказваюць дапамогу асуджаным.

“У параўнанні з правамі і магчымасцямі беларускіх ГНК гэта, як той казаў, неба і зямля”, - адзначыў Барыс Бухель.

Таксама праваабаронца звярнуўся да прадстаўніка ДВП і запытаў, ці дадуць усё ж дазвол камісіі, у якую ён уваходзіць, сустрэцца з Міхаілам Жамчужным.

На што намеснік начальніка УДВП Аляксандр Кралько адказаў, што ён не ведае і нічога не вырашае, прапанаваў праваабаронцу звяртацца па адпаведны дазвол.

 “Я стаміўся, але задаволены, што мне ўдалося выступіць і данесці сваю пазіцыю да прысутных, хоць відавочна, што прадстаўнікам ДВП і МУС гэта не спадабалася”, - сказаў Барыс Бухель пасля свайго выступу.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства