viasna on patreon

Гародня: чарговы штраф за перапост

2018 2018-11-16T11:41:38+0300 2018-11-16T12:10:40+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/serada-ulad-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Уладзіслаў Серада. Фота з "Гарадзенскай Вясны"

Уладзіслаў Серада. Фота з "Гарадзенскай Вясны"

16 лістапада ў судзе Кастрычніцкага раёна Гародні завяршыўся яшчэ адзін працэс за перапост у сацыяльнай сетцы. Жыхара Івацэвічаў Уладзіслава Сераду прызналі вінаватым у парушэнні артыкула 17.11 КаАП, то бок у распаўсюдзе экстрэмістскіх матэрыялаў.

Трэба адзначыць, што Уладзіслаў Серада асуджаны па іншай справе на абмежаванне волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу (“хімія”) і зараз адбывае пакаранне ў Гародні. Да вызвалення яму засталося паўтары месяцы.

Справу разглядала суддзя Алена Тоўсцiк-Самойла. Першае паседжанне па справе адбылося восьмага лістапада. Тады было прынята рашэнне аб пераносе суда на тыдзень, каб Уладзіслаў знайшоў сабе адваката.

Сутнасць абвінавачвання паводле матэрыялаў адміністрацыйнай справы ў наступным: Уладзіслаў Серада размясціў на сваёй асабістай старонцы ў сацыяльнай сетцы “Вконтакте” тры матэрыялы са спасылкамі на інфармацыйныя матэрыялы іншых рэсурсаў.

На другім судовым паседжанні 15 лістапада абвінавачаны пацвердзіў той факт, што ён зрабіў рэпост матэрыялаў, якія фігуруюць у справе, перадае “Гарадзенская Вясна”. Але ён патлумачыў, што не бачыў нічога кепскага ў звычайных інфармацыйных матэрыялах і нават не мог падазраваць, што яны могуць трактавацца як экстрэмісцкія.

У адным з матэрыялаў распавядалася пра акцыю маскоўскіх анархістаў у падтрымку беларускіх, у іншых двух - пра акцыі супраць так званага дэкрэту “аб дармаедстве”, якія прайшлі ў Беларусі ў мінулым годзе. Пра гэтыя акцыі адкрыта інфармавалі многія, у тым ліку і дзяржаўныя інтэрнэт-рэсурсы.

Размясціў Серада гэтыя матэрыялы ў сваім акаўнце 28.03.2017, 08.05.2017 і 14.06.2017. Пры разглядзе справы выявілася, што два з трох рэсурсаў, з якіх посціў матэрыялы Серада, на той момант не былі ўнесены ў спіс экстрэмісцкіх. Унесены туды яны былі значна пазней: 29.09.2017 і 23.02.2018.

Адвакат даводзіў, што прыцягваць у такой сітуацыі Сераду да адказнасці - юрыдычна абсурдна. Што датычыць трэцяга рэсурсу, які на момант перапосту быў унесены ў спіс экстрэмісцкіх, то ён у такім выпадку павінен быў быць заблакаваны адпаведнымі дзяржаўнымі органамі. Рашэнне суда па тым рэсурсе было абвешчана 22.11.2016, а 22.02.2017, адпаведна, ўступіла ў сілу. Аднак міністэрства інфармацыі нічога не зрабіла для таго, каб заблакаваць гэты рэсурс.

Сваёй віны ў здзяйсненні правапарушэння Уладзіслаў Серада не прызнаў. Ён і яго адвакат прытрымліваліся пазіцыі, што ён не меў на мэце нічога экстрэмісцкага, і прыцягваць яго да адказнасці за гэтыя перапосты нельга.

Суддзя Алена Тоўсцік-Самойла абвесціла перапынак да 16 лістапада і ў 11.20 у гэты дзень абвесціла рашэнне. Вынік – штраф у 15 базавых велічынь (367,5 рублёў).

Нагадаем, што гэта не першая падобная справа на Гарадзеншчыне за апошні час. Другога лістапада суд Кастрычніцкага раёна аштрафаваў вакаліста гурта Dzieciuki Алеся Дзянісава за рэпост на 25 базавых велічынь. Таксама два пратаколы па артыкуле 17.11 КаАП складзеныя на Аляксандра Горбача. Разгляд справы прызначаны на 20 лістапада таксама ў судзе Кастрычніцкага раёна (пачатак у 10.00).

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства